Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскай жаночай калёніі не працавалі таксафоны. Былая палітзьняволеная Дуліна расказала, як гэта — без званка дамоў


Таксафон, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Таксафон, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы з «Вясны» атрымалі інфармацыю пра спыненьне тэлефоннай сувязі ў гомельскай жаночай калёніі.

«У гомельскай жаночай калёніі № 4 некалькі дзён не працуе ніводзін таксафон. Асуджаныя ня могуць пазваніць родным. Праблему прызналі ў гомельскім аддзяленьні „Белтэлекаму“. Рамонтнікі спрабуюць аднавіць сувязь, але адмыслоўцаў бракуе», — паведаміла 24 ліпеня праваабарончае выданьне Mayday.team.

Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна ў інтэрвію Свабодзе дапусьціла, што прычынай аварыі магла стаць нядаўняя моцная залева.

Былая выкладчыца італьянскай мовы, дацэнт Натальля Дуліна месяц таму вызвалілася з гомельскай жаночай калёніі, дзе адбыла 2 гады. Паводле Натальлі, перапынкі ў тэлефоннай сувязі там былі ня рэдкасьцю і звычайна здараліся пасьля вялікіх залеваў.

«Месца, адкуль тэлефануюць асуджаныя, — напалову падвальнае памяшканьне. Магчыма, у гэтым праблема. Пасьля моцных дажджоў ня раз бывала, што званкі на некалькі дзён скасоўвалі, ламаўся іх графік і мы ўсе праз гэта моцна перажывалі, бо званок дамоў — ледзь не адзіная радасьць», — падзялілася ўспамінамі пра калёнію Натальля Дуліна.

Натальля Дуліна пасьля выезду зь Беларусі, чэрвень 2025
Натальля Дуліна пасьля выезду зь Беларусі, чэрвень 2025

Паводле былой палітзьняволенай, у Гомельскай жаночай калёніі асуджаным дазваляюцца 3 тэлефонныя і адзін відэазванок у месяц. На званкі атрад выходзіць у прызначаны графікам дзень, але для палітычных зьняволеных своесаблівыя правілы, а дакладней — абмежаваньні.

«Там два пакоі з таксафонамі, недзе па 6 у кожным, ужо дакладна не памятаю. Да тэлефоннага пункту атрад прыводзяць на званок усіх разам, але спачатку тэлефануюць тыя, у каго белыя біркі, а палітычныя, „жаўтабірачнікі“, у апошнюю чаргу. Прычым як палітычных запускаюць у пакой, то абавязкова за імі зачыняюць дзьверы, а перад размовай спачатку „начальніца“ тэлефануе ў апэратыўны аддзел па дазвол на званкі. Мяркую, там уключалі праслухоўваньне і толькі тады дазвалялі званіць. І набіралі нумар ня мы, а „начальніца“, і толькі калі пераканаецца, што на тым канцы дроту пазначаны табой у заяве чалавек, тады перадае слухаўку», — расказала Натальля Дуліна.

Паводле былой палітзьняволенай ПК-4 Дулінай, для палітычных асуджаных званок доўжыўся максымум 6 хвілін, а для большасьці астатніх — ад 8 да 10 хвілін.

«Прычым для нас было яшчэ адно абмежаваньне: калі ў нас слухаўку ніхто не падымаў, дык званок не паўтаралі. Лічылася, што для цябе размова адбылася. А калі ў „белабірачніцы“ была такая ж сытуацыя, дык ёй праз колькі хвілін дазвалялі выпрабаваць лёс ізноў, перазвоньвалі», — згадала Натальля Дуліна.

Відэазванкі ў калёніі, паводле Натальлі Дулінай, збольшага былі арганізаваныя паводле той жа схемы. На відэазванок давалі 5 хвілін, сувязь была праз «Тэлеграм» або Viber.

«У пачатку маёй адседкі ў калёніі відэазванок дазвалялі паўтараць, калі зь першай спробы не атрымалася, але потым гэта без тлумачэньня скасавалі. І яшчэ бывала, што на відэазванку прысутнічаў апэратыўны супрацоўнік і слухаў нашыя размовы наўпрост. Бачна было, што выбарачна слухаў, не мэтанакіравана кагосьці аднаго. І ня вельмі старанна. Пасядзіць, паслухае крыху і сыдзе», — згадала Натальля Дуліна.

Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна таксама ўспомніла, як увесну 2025 году ў гомельскай жаночай калёніі ахоўніцы пачалі казаць, што замест кароткага спатканьня можна будзе выбраць гадзінны відэзванок.

«Калі кароткае спатканьне чамусьці зрываецца, а такое бывае, дык сказалі, што можна будзе выбраць відэазванок. Але папярэдзілі, што гадзіна — гэта ўмоўна, а хутчэй за ўсё будзе менш.

Для мяне званкі былі вельмі важныя, у мяне мама сталага веку, і каб яе падтрымаць, было важна рэгулярна званіць. А мяне ж як „злосьніцу“ пазбавілі двух званкоў, застаўся толькі адзін просты і адзін відэа, таму вельмі перажывала, калі званкоў не было. Гэта для ўсіх жанчын было вельмі важна», — казала Натальля Дуліна пра каштоўнасьць званкоў у зьняволеньні.

Натальлю Дуліну вызвалілі з калёніі 21 чэрвеня. Жанчына кажа, што на той час замену кароткіх спатканьняў на відэазванкі яшчэ не ўвялі.

Паводле праваабаронцаў з Mayday.team, з студзеня 2022 году «Белтэлекам» паэтапна ліквідуе паслугу таксафонаў як незапатрабаваную і стратную.

«Акрамя пэнітэнцыярных установаў, такіх апаратаў ужо нідзе не засталося. У лютым 2024 году гэтае дзяржаўнае тэлекамунікацыйнае прадпрыемства праклала ў ПК-4 кабэль оптавалакновай сувязі, каб асуджаныя жанчыны рабілі аўдыё- і відэазванкі з дапамогай закупленых кампутарных блёкаў. Але насамрэч адміністрацыя калёніі пакінула таксафоны ў якасьці базавай паслугі для аўдыёзванкоў», — пішуць праваабаронцы «Вясны».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG