Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю і Расеяй авіяцыяй з магчымасьцю радыяцыйнага кантролю. ФОТА


Новы верталёт Airbus H145 D3 літоўскай памежнай службы
Новы верталёт Airbus H145 D3 літоўскай памежнай службы

Новую авіяцыйную тэхніку дэпартамэнт авіяцыі Дзяржаўнай памежнай службы Літвы прэзэнтаваў на верталётнай базе Палукніс пад Вільняй на сьвяткаваньні 33-годзьдзя стварэньня дэпартамэнту.

Цяпер на службе ў літоўскіх памежнікаў зьявіліся тры новыя шматмэтавыя верталёты Airbus H145 D3. Іх набылі ў кампаніі Airbus Helicopters Deutschland GmbH за 57 мільёнаў эўра. Прычым два зь іх набытыя коштам дзяржаўнага бюджэту (46 мільёнаў эўра), а адзін — коштам фінансаваньня Эўразьвязу (11 мільёнаў эўра).

Як было заяўлена на прэзэнтацыі, верталёты абсталяваныя аптычнымі і цеплавізійнымі камэрамі, сыстэмамі перадачы відэа ў рэжыме рэальнага часу, сучаснай сувязьзю. Іх будуць выкарыстоўваць для назіраньня за дзяржаўнай мяжой, пошукава-ратавальных апэрацыяў, выведкі і тушэньня пажараў, падтрымкі сілаў спэцыяльных апэрацыяў ARAS, а таксама для дапамогі іншым установам і ўдзелу ў міжнародных апэрацыях.

Новы верталёт Airbus H145 D3 літоўскай памежнай службы
Новы верталёт Airbus H145 D3 літоўскай памежнай службы

Адзін зь верталётаў будзе дадаткова кантраляваць «калінінградзкі транзыт». Зь яго дапамогай будзе ўзмоцнены маніторынг цягнікоў, якія праяжджаюць з тэрыторыі Беларусі празь Літву ў Калінінградзкую вобласьць Расеі і назад.

Асаблівасьць двух верталётаў — спэцыяльнае абсталяваньне для радыяцыйнай выведкі, у тым ліку на тэрыторыях, блізкіх да Беларускай АЭС.

Новыя верталёты Airbus H145 D3 літоўскай памежнай службы
Новыя верталёты Airbus H145 D3 літоўскай памежнай службы

З словаў літоўскіх памежнікаў, такая тэхніка дазволіць весьці маніторынг вялікіх тэрыторыяў, а таксама ў рэжыме 24/7 апэратыўна рэагаваць і прагназаваць сытуацыю ў выпадку аварыі на беларускай станцыі.

«Цяпер мы можам выратаваць людзей, якія апынуцца ў зоне бедзтва. Напрыклад, пры паводцы, пажары і гэтак далей. Асабліва калі ідзецца пра радыяцыю, скажам, заражэньне, мы зможам выратаваць людзей, вывезьці іх з зонаў заражэньня. Бо з нашымі меншымі верталётамі мы не маглі гэтага зрабіць, у нас не было спэцыяльнага абсталяваньня», — пракамэнтаваў Свабодзе новыя верталёты намесьнік камандзіра Дзяржаўнай памежнай службы Антанас Монтвідас.

Вучэньні літоўскай памежнай службы з удзелам новых верталётаў Airbus H145 D3
Вучэньні літоўскай памежнай службы з удзелам новых верталётаў Airbus H145 D3

Плянуецца, што верталёты будуць прымаць удзел у міжнародных апэрацыях, арганізаваных разам з Эўрапейскім агенцтвам аховы межаў Эўразьвязу Frontex, зь Міжнародным агенцтвам атамнай энэргіі (МАГАТЭ), а таксама з эўрапейскай сеткай антытэрарыстычных падраздзелаў ATLAS.

Бесьпілётны авіяцыйны комплекс вэртыкальнага ўзьлёту латвійскай кампаніі EDGE Autonomy, які таксама цяпер будуць выкарыстоўваць літоўскія памежнікі, набыты ў межах праграмы Эўразьвязу за 2,42 мільёна эўра.

Бесьпілётны авіяцыйны комплекс вэртыкальнага ўзьлёту латвійскай кампаніі EDGE Autonomy
Бесьпілётны авіяцыйны комплекс вэртыкальнага ўзьлёту латвійскай кампаніі EDGE Autonomy

Яго асноўнае прызначэньне — маніторынг дзяржаўнай мяжы ў цяжкадаступных раёнах на мяжы зь Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю Расеі, фіксацыя незаконнай міграцыі і кантрабанды ў рэжыме рэальнага часу. Сыстэма інтэграваная ў рэзэрвы тэхнічнага абсталяваньня Эўрапейскага агенцтва аховы межаў Эўразьвязу Frontex, таксама плянуецца яе выкарыстаньне ў міжнародных апэрацыях.

«У нас надзвычайная сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю, і мы бачым, што ў Польшчы і Латвіі ня лепшая, — сказаў Свабодзе міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч.— Але сытуацыя падкантрольная. Чаму так? Таму што ў тым ліку мы ўклалі шмат грошай у будаўніцтва сьцяны і набыцьцё спэцыяльнага абсталяваньня. І гэтыя інвэстыцыі даюць плён».

У прэзэнтацыі бралі ўдзел міністар унутраных справаў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч, намесьнік камандзіра Дзяржаўнай памежнай службы Антанас Монтвідас і кіраўнік авіяцыйнага падразьдзелу Раландас Вольскіс, прадстаўніца кампаніі Airbus Helicopters Ізабэль Руксэль
У прэзэнтацыі бралі ўдзел міністар унутраных справаў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч, намесьнік камандзіра Дзяржаўнай памежнай службы Антанас Монтвідас і кіраўнік авіяцыйнага падразьдзелу Раландас Вольскіс, прадстаўніца кампаніі Airbus Helicopters Ізабэль Руксэль


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG