Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ня дам Чарнобылю ніякіх шанцаў». 75 гадоў таму нарадзіўся Генадзь Грушавы


Генадзь Грушавы, архіўнае фота
Генадзь Грушавы, архіўнае фота

24 ліпеня споўнілася б 75 гадоў Генадзю Грушавому — філёзафу, грамадзкаму дзеячу, які стварыў фонд «Дзецям Чарнобыля» і вывез сотні тысяч беларускіх дзяцей на аздараўленьне за мяжу, а сам памёр ад лейкеміі 28 студзеня 2014 году. Узгадалі, якім ён быў.

Генадзь Грушавы заўсёды дапамагаў людзям — і пасьля Чарнобыльскай катастрофы, і ўжо будучы цяжка хворым. Палітык Анатоль Лябедзька ўзгадвае, як незадоўга да сыходу з жыцьця позьняй восеньню 2013 году яму патэлефанаваў Грушавы.

«Мабыць, Генадзь ужо адчуваў, што яго „гадзіньнічак“ цікае — ён цяжка хварэў. Грушавы ведаў, што я часта ежджу ў Кіеў, каб падтрымаць Майдан. І кажа, што мае да мяне вялікую просьбу, маўляў, „паабяцай, што ты яе выканаеш“. Ён прыехаў у офіс АГП на Веры Харужай з шматлікімі каробкамі: там розныя мэдыкамэнты, лекі, аптэчкі. І кажа: „Я ведаю, што ў цябе ёсьць кантакты, камунікацыя з палітыкамі з Украіны. Няхай гэты груз будзе дастаўлены ў Кіеў — там ёсьць ужо і параненыя, і пабітыя людзі“.

Натуральна, мы гэты груз даставілі ў Кіеў, перадалі ў шпіталь. Я яму паведаміў, ён з палёгкай уздыхнуў і падзякаваў. У гэтым быў увесь Грушавы: ён увесь час камусьці дапамагаў», — кажа Анатоль Лябедзька.

Генадзь Грушавы з дзецьмі, удзельнікамі праграмы фонду "Дзеці Чарнобыля"
Генадзь Грушавы з дзецьмі, удзельнікамі праграмы фонду "Дзеці Чарнобыля"

Нядаўна ў Бэрліне спадар Лябедзька сустракаўся з жонкай Генадзя Ірынай Грушавой — яны ўзгадвалі, якой неймавернай колькасьці людзей фонд Грушавога працягнуў руку дапамогі.

«І літаральна адыходзячы з гэтага сьвету, ён найперш хацеў дапамагчы іншым», — кажа Анатоль Лябедзька.

«Людзі самі павінны мяняць сваё жыцьцё»

Генадзь Грушавы паводле адукацыі філёзаф. У 25 гадоў абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Аказіяналізм Нікаля Мальбранша» (францускага філёзафа, ідэаліста, тэоляга, вядомага выразам «Усе рэчы мы бачым у Богу»). Для гэтага малады навуковец даскала вывучыў францускую мову. У 1994 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю. Выкладаў на філязофскім аддзяленьні БДУ, быў прарэктарам Інстытуту сучасных ведаў. Чытаў лекцыі па-француску ў Буркіна-Фасо. Каля году працаваў у Нямеччыне, ва ўнівэрсытэце імя Гумбальта.

Жонка Генадзя Ірына ў размове з Свабодай успамінае, што кумірам яе мужа быў нобэлеўскі ляўрэат Альбэрт Швайцэр, які ў 1957 годзе ў «Звароце да чалавецтва» заклікаў спыніць выпрабаваньні ядзернай зброі.

Генадзь Грушавы з дачкой Марынай
Генадзь Грушавы з дачкой Марынай

«У нас у фондзе „Дзецям Чарнобыля“ вісеў вялікі партрэт Альбэрта Швайцэра. Менавіта этыка „пашаны жыцьця“ Швайцэра ніколі не пакідала Генадзя. Не палітыка, не дабрабыт галоўныя, а вышэй за ўсё менавіта чалавечае жыцьцё. „Няма такога чалавека, якому б не надарыўся выпадак аддаць сябе людзям і праявіць тым самым сваю чалавечую існасьць“, — Генадзь часта цытаваў Швайцэра.

Генадзь хацеў, каб людзі зразумелі, што будучыня сьвету — у гуманітарным супрацоўніцтве. Многія не зусім дакладна трактуюць гэтае слова „гуманітарны“ — адразу асацыююць з гуманітарнай дапамогай. Гэта не гуманітарная дапамога, а менавіта гуманітарнае супрацоўніцтва людзей.

Два галоўныя пасылы былі ў Генадзя: „пашана жыцьцю“ і „хто будзе ратаваць людзей ў небясьпецы?“ Прыйдзе Бог або мэцэнат? Не! Людзі самі павінны мяняць сваё жыцьцё і ратаваць сябе і адно аднаго, не спадзеючыся на дзяржаву. У гэтым уся філязофія Грушавога», — кажа жонка і паплечніца Генадзя Ірына.

«Ратаваць уласных дзяцей сваімі рукамі і сіламі»

Адна з самых вядомых заслугаў Генадзя Грушавога — стварэньне фонду «Дзецям Чарнобыля». У траўні 1989 году ён стаў кіраўніком камітэту БНФ «Дзеці Чарнобыля», які ў лістападзе 1990-га ператварыўся ў дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля».

Разам з жонкаю Ірынай, якая выдатна валодае нямецкаю моваю, яны арганізавалі лячэньне і аздараўленьне беларускіх дзяцей за мяжой, а таксама дастаўку ў Беларусь тысячаў тон гуманітарнай дапамогі: лекаў, мэдычнага абсталяваньня, чыстай ад радыяцыі ежы.

Першы гуманітарны канвой прыбыў у Беларусь з Малдовы, з Тыраспалю: 25 тон дзіцячага харчаваньня адправілі ў Хвойнікі, Ветку, Слаўгарад.

Алесь Адамовіч і Генадзь Грушавы ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст.
Алесь Адамовіч і Генадзь Грушавы ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст.

19 сьнежня 1989 году першая група дзяцей зь вёскі Стралічава Хвойніцкага раёну паехала на аздараўленьне ў Індыю. Усяго за гады працы фонду на аздараўленьні за мяжой пабывалі каля 500 тысяч беларускіх дзяцей з забруджаных тэрыторыяў. Ірына Грушавая кажа, што беларускія чыноўнікі спачатку паставіліся да аздараўленьня дзяцей за мяжой насьцярожана.

«Пасьля паездкі самай першай групы дзяцей у Індыю мы прывезьлі кіраўніка індыйскага дабрачыннага фонду Ёгеша Гандзі ў Хвойнікі, а першы сакратар райкаму партыі незадаволены: „Езьдзяць іншаземцы, можа, якую заразу нам прывязуць“. Мы пажартавалі, што большай заразы, чым атрымалі людзі ад Чарнобыля, сюды не завязеш», — узгадвае Ірына.

Міністэрства адукацыі таксама было не ў захапленьні ад паездак дзяцей за мяжу, кажа суразмоўца. Яна прыгадвае, як размаўляла з адной чыноўніцай, а тая заявіла: «Мы не дазволім, каб нашых дзяцей выкарыстоўвалі як паддосьледных трусоў».

«Я тады ёй адказала, што мы ня ведаем, як уплывае радыяцыя на дзяцей, але зыходзім з таго, што хоць на нейкі час іх трэба вывезьці ў чыстае асяродзьдзе і аздаравіць», — успамінае Ірына Грушавая.

За 23 гады існаваньня фонду, як адзначаў сам Генадзь Грушавы, удалося вырашыць «адну дзяржаўнай важнасьці задачу».

«Мы мусілі падняць правінцыйнае грамадзтва на дзейнасьць, зьвязаную з самадапамогай, на дзейнасьць, зьвязаную з тым, каб ратаваць уласных дзяцей сваімі рукамі і сіламі. І мы гэтую задачу выканалі», — заявіў тады Грушавы.

Сам Грушавы ня раз казаў, што фонд «Дзецям Чарнобыля» ствараўся ня толькі дзеля таго, каб беларускія дзеці, пацярпелыя ад чарнобыльскай навалы, маглі паправіць сваё здароўе.

Генадзь Грушавы з удзельнікамі праграмы "Дзеці Чарнобыля"
Генадзь Грушавы з удзельнікамі праграмы "Дзеці Чарнобыля"

Ён марыў, каб гэтыя дзеці, якія адпачывалі ў Нямеччыне і Швайцарыі, Аўстрыі і Францыі, у іншых цывілізаваных краінах і ўбачылі на ўласныя вочы, як там жывуць людзі, — калі вернуцца ў Беларусь, то стануць носьбітамі эўрапейскіх гуманітарных каштоўнасьцяў.

У сьнежні 2012 году Генадзь Грушавы абвясьціў аб закрыцьці дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля». Сваё рашэньне ён патлумачыў тым, што чарнобыльскія дзеці вырасьлі і маюць самі пра сябе паклапаціцца.

«Дзеці вымушаных эмігрантаў — гэта таксама „дзеці Чарнобыля“»

Налета будзе 40 гадоў з дня Чарнобыльскай трагедыі. Але пра Чарнобыль у Беларусі ўжо забыліся, мяркуе Ірына Грушавая.

«Тое, што Чарнобыль „даганяе людзей“ і сёньня — у выглядзе мноства розных хваробаў — вельмі сумна. Гэтыя наступствы катастрофы нічому не навучылі і не далі людзям ключ, як жыць далей. Як і ў першыя гады было адмаўленьне гэтай небясьпекі, так і цяпер», — кажа спадарыня Грушавая.

У Нямеччыне штогод зьбіраецца «Форум чарнобыльскіх ініцыятываў», кожны раз ў новых землях. Налета многія «Чарнобыльскія ініцыятывы» будуць ладзіць адмысловыя захады да 40-годзьдзя трагедыі — каб моладзь зразумела, што тады адбылося.

«І цяпер мы працягваем справу Грушавога тут. 22 ліпеня ў Нямеччыну з Польшчы зноў прыбыла група дзяцей, якія разам з бацькамі вымушаны былі зьехаць зь Беларусі. „Чарнобыльская ініцыятыва“ іх ужо трэці раз запрашае. Гэта, вядома, іншыя дзеці, але яны таксама перажылі сур’ёзныя траўмы і разумеюць, чаму ім давялося пакінуць краіну. Але дзеці вымушаных эмігрантаў — гэта таксама „дзеці Чарнобыля“», — разважае Ірына Грушавая.

Генадзь Грушавы, фота 2008 году
Генадзь Грушавы, фота 2008 году

Анатоль Лябедзька дадае, што нядаўна быў у Бэрліне, меў сустрэчы ў парлямэнце Нямеччыны:

«Я ўзгадваў ініцыятыву Генадзя Грушавога дзеля аздараўленьня „дзяцей Чарнобыля“. У Бундэстагу вельмі прыхільна паставіліся да ідэі сабрацца ўвосень, і калі нам удасца аднавіць аздараўленьне беларускіх дзетак — гэта будзе акцыя ў памяць Генадзя Грушавога, які так шмат зрабіў для Беларусі».

«Я ня дам Чарнобылю ніякіх шанцаў»

Быўшы ўжо цяжка хворым, у 2013 годзе Генадзь Грушавы пакінуў свой «Запавет» сябру Марату Гаравому.

«Калі амаль пяць гадоў таму я даведаўся, што ў мяне леўкемія, парушэньне структуры ДНК, я сказаў сабе: мне ў жыцьці пашанцавала, бо я памру ад таго, з чым змагаўся ўсё жыцьцё. Але я ня дам Чарнобылю ніякіх шанцаў. Я хацеў бы скончыць жыцьцё на той бітве, у якую ўступіў 26 красавіка 1986 году i на якой знаходжуся апошнія 27 гадоў. Я з тымі, для каго працаваў пасьля Чарнобыля. Мой сыход — лягічнае завяршэньне майго жыцьця. Такі сыход дараваны мне Богам і лёсам. І я ўспрымаю яго як салдат на вайне, бо лепш загінуць падчас атакі на фронце, чым ад малярыі ў тыле.

Быць можа, сваім лёсам я каго-небудзь пераканаю, што ў Беларусі няма будучыні, калі ігнаруюцца наступствы Чарнобыля. Нельга спадзявацца, што ад гэтай трагедыі можна схавацца цi ўцячы. Вось чаму дзяржава павінна займацца Чарнобылем самым сур’ёзным чынам. Толькі тады нацыя мае нейкую надзею на выратаваньне», — напісаў ў сваім запавеце Генадзь Грушавы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG