Генэральны дырэктар прадпрыемства «Мінскбуд» Аляксандар Церахаў паведаміў аб завяршэньні будаўніцтва сьмецьцеперапрацоўчага заводу на палігоне «Трасьцянецкі», які пачалі ўзводзіць у 2022 годзе.
«Гэта сапраўды доўгачаканы аб’ект. Сыстэма абыходжаньня з адыходамі ў сталіцы існуе ня першы год. А будаўніцтва такога заводу — патрабаваньне часу, таму мы вельмі рады, што гэтае прадпрыемства апынулася ў партфэлі заказаў нашай арганізацыі. Сёньня аб’ект пабудаваны, праводзяцца пусканаладачныя работы», — працытавала Аляксандра Церахава дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости».
Паводле яго, на заводзе прадугледжана выкананьне ручнога сартыраваньня адыходаў на першапачатковым этапе з наступным напалову аўтаматычным разьдзяленьнем другасных матэрыяльных рэсурсаў па відах і, урэшце, з выдзяленьнем RDF-паліва.
«Аб’ект дазволіць забясьпечыць больш шырокае ўцягваньне ў гаспадарчае абарачэньне другасных матэрыяльных рэсурсаў», — сказаў Аляксандар Церахаў.
Раней менскія гарадзкія ўлады паведамлялі, што завод будзе запушчаны сёлета да 3 ліпеня.
Паводле ацэнак адмыслоўцаў, штогод у Менску зьбіраюць 1 мільён 100 тысяч тон сьмецьця, а па ўсёй Беларусі — 4 мільёны тон.
У Менску ёсьць два палігоны для сьмецьця — «Прудзішча» і «Трасьцянецкі». У раёне палігону «Трасьцянецкі» працаваў сьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод, рэканструкцыю якога пачалі ў 2022 годзе.
Згодна з праектам, апублікаваным на афіцыйным сайце кампаніі «Белкамунпраект», якая распрацоўвала праект рэканструкцыі і будаўніцтва дзейнага заводу, дазволіць павялічыць перапрацоўку і сартыраваньне 600 тысяч тон на год зьмешаных цьвёрдых камунальных адыходаў. Для гэтага пабудавалі новую лінію.
Аб’ёмы ручнога сартыраваньня павялічацца да 60 тысяч тон разьдзельна сабраных адыходаў з выдзяленьнем другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Апроч таго, праект прадугледжвае:
- аэробную стабілізацыю дробнай фракцыі цьвёрдых адыходаў адкрытым спосабам з атрыманьнем тэхнагрунту,
- вытворчасьць RDF (альтэрнатыўнае паліва) для патрэбаў цэмэнтавай вытворчасьці,
- перапрацоўку вялікагабарытных адыходаў з атрыманьнем другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Форум