Паводле Анатоля Харытончыка, рост ВУП Беларусі ў другім квартале 2025 году запаволіўся, а ў такім важным сэктары, як апрацоўчая прамысловасьць, можа быць нулявым, піша Reform.news.
«Паводле Белстату, у студзені–чэрвені беларуская эканоміка вырасла на 2,1% пасьля росту на 2,5% у студзені–траўні. Асобна ў чэрвені тэмп прыросту ВУП склаў прыкладна 0,3%. У прынцыпе гэта найніжэйшы гадавы тэмп прыросту ВУП зь лютага 2023 году. Калі мы прыбяром уплыў сэзоннага фактару і паглядзім на дынаміку рэальнага ВУП у пастаянных цэнах, то ўбачым, што ў чэрвені адносна да траўня ён скараціўся прыкладна на 1%», — адзначыў Анатоль Харытончык.
Квартальная дынаміка таксама была сьціплай, кажа эканаміст:
«У другім квартале ВУП у нас вырас прыкладна на 1,1% да другога кварталу мінулага году. Гэта запаволеньне, бо ў першым квартале было 3,2%. І калі мы прыбяром уплыў сэзоннага фактару, то квартальная дынаміка ВУП — квартал да папярэдняга кварталу — ацэньваецца каля нуля».
Слабую дынаміку ў чэрвені прадэманстравалі ўсе асноўныя сэктары эканомікі, у першую чаргу сельская гаспадарка і прамысловасьць. На аграрны сэктар сёлета ўплывала надвор’е, зрух тэрмінаў уборачнай, якая летась пачалася раней, адпаведна абʼём выпуску ў чэрвені 2024 году быў прыкметна вышэйшы. Аднак пэўнасьці, што з пачаткам жніва тэмпы прыросту ў сельскай гаспадарцы паскорацца ў параўнаньні зь мінулым годам, няма, бо невядома, якім будзе сёлетні ўраджай.
«Але прамысловасьць сёлета аслабла праз фактары, якія будуць мець працяглы ўплыў», — сказаў Харытончык.
«Выпуск у прамысловасьці ў параўнаньні з траўнем гэтага году скараціўся, калі прыбраць сэзоннасьць», — заявіў Харытончык. Экспэрт мяркуе, што запаволеньне ў машынабудаваньні сьведчыць пра складанасьці ў збыце. Складзкія запасы ў чэрвені працягвалі расьці ўва ўсіх рэгіёнах.
«І гэта можа сьведчыць, што продажы ўскладніліся ўвогуле ўва ўсіх асноўных сэктарах прамысловасьці», — адзначыў навуковы супрацоўнік BEROC.
На зьніжэньне попыту паказвае і спад абароту гуртовага гандлю ў другім квартале. Стрыманую дынаміку ў другім квартале мелі транспартныя і ІТ-паслугі.
Апрацоўчыя галіны прамысловасьці выйшлі на пік выпуску да сярэдзіны 2024 году. Далей дынаміку вытворчасьці стрымлівалі як рэсурсныя абмежаваньні, прыкладам, дэфіцыт працоўнай сілы, так і запаволеньне расейскай эканомікі.
Анатоль Харытончык мяркуе, што прырост у прамысловасьці ў падсумаваньні году можа скласьці каля нуля — рост складзкіх запасаў стварае перадумовы для скарачэньня вытворчасьці з улікам спаду попыту на расейскім рынку.
«Назапашаны з пачатку году прырост ВУП у студзені–ліпені апусьціцца недзе да 1,5% або крыху ніжэй, але надалей будзе аднаўляцца. Чакаю, што ён будзе каля 2% у выніку году, калі не адбудзецца нейкіх экстраардынарных шокаў», — сказаў Харытончык.
Форум