ІТ-спэцыяліст, заснавальнік плятформы SVAE (да 11 лютага — «Новая Беларусь») Павел Лібер зьвярнуўся да грамадзкасьці з просьбай аб фінансавай дапамозе для працы сваёй каманды.
«Большую частку гэтых выдаткаў я заўсёды браў на сябе сам, — напісаў ён на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку“. — На жаль, мы не ацанілі да канца выдаткі на новы праект, які выйдзе ў жніўні, разьвіцьцё прыкладаньня SVAE і краўдфандынгавай плятформы Gronka, а таксама рост інфраструктурных выдаткаў, таму ўтварыўся фінансавы разрыў».
Па словах Лібера, цяпер «данаты на плятформе» пакрываюць каля 5% усіх тратаў, яшчэ 35-40% неабходных сродкаў каманда «знаходзіла, ствараючы су-фінансаваныя праекты з донарамі (цяпер гэтая сума апусьцілася да 20%)». Астатнюю частку «пакрывалі самі, часам з падтрымкай прыватнага бізнэсу або прыватных спонсараў, але апошнія 1,5 года ўжо цалкам самі».
На «бліжэйшыя тры месяцы» камандзе патрэбна фінансавая падтрымка, каб «атрымалася падняць данаты прыкладна да 15-20%», што «дапаможа спакойна пратрымацца, стабілізавацца і працягнуць працу».
Лібер прапанаваў неабыякавым людзям «аформіць падпіску (і потым адпісацца праз тры месяцы)», «дапамагчы разава», падтрымаць «ананімна крыптой» ці проста распаўсюдзіць заклік аб дапамозе.
Плятформа «Новая Беларусь» была створаная 2 сьнежня 2022 году для таго, каб беларусы маглі ў анлайн-фармаце ўзаемадзейнічаць адзін з адным у розных сфэрах. На пляцоўках праекту, які зараз называецца SVAE, сярод іншага публікуецца інфармацыя аб бізнэсах беларускіх эмігрантаў у розных краінах, як правіла, у сфэры паслуг.
26 сьнежня 2023 году КДБ прызнаў «Новую Беларусь» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
18 сакавіка 2024 году Лібера завочна прыгаварылі па «справе аб зрыве рэфэрэндуму» да 4 гадоў пазбаўленьня волі па ч. 2 ст. 191 КК (перашкода рабоце Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэфэрэндуме, учыненае з прымяненьнем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове).
Форум