Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад канфармізму да «мяккае сілы». Як беларусам вызваліцца ад «русского мира»


Расейская акцыя «Несьмяротны полк» у Менску, 9 траўня 2018 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейская акцыя «Несьмяротны полк» у Менску, 9 траўня 2018 году. Ілюстрацыйнае фота

Пакуль на радзіме ўлады змагаюцца супраць нацыянальнага самаўсьведамленьня і хочуць перарабіць беларусаў у расейцаў, у эміграцыі лідэры думкі шукаюць шляхі выхаду з таго, савецкага яшчэ, канфармізму, які прывезьлі з сабой зь Беларусі.

Дыскусію «Quo vadis, Беларусь?» — пра нацыянальную ідэнтычнасьць у пастцы «русского мира» (усяго 6 гадзін на ютубе) я слухаў, праглядаючы навіны і сацыяльныя сеткі. Найбольш уразіла фота сьвежай магілы акадэміка Радзіма Гарэцкага, які памёр тыдзень таму ў Менску. Надпіс на крыжы зроблены па-расейску. Інакш як дывэрсіяй супраць памяці легендарнага змагара за беларушчыну гэта не выглядае.

Няўдалая містыфікацыя

Мы былі знаёмыя. Спадар Радзім цытаваў у сваіх публічных выступах мае «Аскепкі адной перапіскі», дзе пра ягонага дзядзьку пісьменьніка Максіма Гарэцкага выказваліся зоркі ўсясьветнае літаратуры. Гэта была цалкам сабе дарэчная мастацкая містыфікацыя: пра Гарэцкага ў гадавіну ягонага расстрэлу згадвалі Кафка, Акутагава, Рэмарк… Аднак калі хтосьці раскрыў спадару Радзіму, што гэта — «ня праўда», а містыфікацыя, ён адказаў у «Народнай волі» абураным артыкулам... На жаль. І вось цяпер гэты крыж на магіле — па-расейску. Атрымалася містыфікацыя цалкам сабе недарэчная, бо перакрэсьліла вобраз абаронцы Беларусі і беларускай мовы. Я б нават назваў яе дывэрсіяй. Што б сёньня сказаў на тое Максім Гарэцкі?..

Якой мовай падпісваць магілу, звычайна вырашаюць сямейнікі. Цяжка паверыць, што гэтую справу пусьцілі на самацёк ці што гэта нейкая кансьпіралёгія з удзелам уладаў ці гэбістаў. Трэба ж памятаць, у якой гушчэчы беларускіх людзей жыў нябожчык! Але самае істотнае — надпіс па-расейску нікога не зьбянтэжыў.

Могілкі беларускай царквы ў гонар Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансьвіку, Нью-Джэрзі, ЗША. Архіўнае фота
Могілкі беларускай царквы ў гонар Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансьвіку, Нью-Джэрзі, ЗША. Архіўнае фота

Дакладна так, як у дыскусіі «Quo vadis, Беларусь?» пра беларускую ідэнтычнасьць, дзе ўсе выступаюць па-беларуску, адзін выступ гучаў па-расейску. Ізноў ніхто (быццам бы) не зьвярнуў увагі. Магчыма, гэта дробязь? Я часам уяўляю на нашым месцы суседзяў-літоўцаў, якія свой нацыянальны праект давялі да ўвасабленьня, і бачу, што наш шлях нічым не адрозьніваецца. Усё пачынаецца з уласнае мовы.

Для многіх у Беларусі ўнутраны канфармізм з савецкіх часоў — норма, але ва ўцякацтве, эміграцыі, дыяспары ўсё наадварот. І мяне дзівіць ня сам факт, а менавіта тое, што гэта трактуецца як норма. Беларуская мова, на добры лад, гэта ўласна беларуская «мяккая сіла», найважнейшая зброя, пачатак твайго быцьця.

Тарашкевіца — клясычны правапіс

Тарашкевіца — беларускі несавецкі правапіс, выразны крок ад «русского мира» — да сябе, у «свой бок». У тыя некалькі гадоў беларусізацыі ў 1990-я, у часы масавага беларускага школьніцтва, да клясычнага правапісу не вярнуліся і апраўдваліся тым, што савецкая наркамаўка — гэта «школьная мова». Аднак, у адрозьненьне ад наркамаўкі, выявілася, што тарашкевіца валодае адпорнасьцю да русыфікацыі. Яна разам з пасіянарнымі людзьмі стварае дух пасіянарнай беларускай школы, здольнай нарадзіцца і выжываць у самых неспрыяльных умовах. Калі ж няма гэтага бар’еру, беларуская школа гіне, як тое і адбылося ў Беларусі, школа страчвае базавы сэнс свайго існаваньня. Яна нічым не абароненая, і пасіянарных людзей зь яе садзяць у турмы і выганяюць з краіны...

Дыплём БДУ напісаны тарашкевіцай. Архіўнае фота
Дыплём БДУ напісаны тарашкевіцай. Архіўнае фота

Вобразна кажучы, савецкая беларушчына — гэта птушка з падрэзанымі крыламі. І я зноў параўноўваю нас зь літоўцамі. Калісьці па-літоўску пісалі таксама і кірыліцай (былі такія «экспэрымэнты»). Але ўявіць, каб такое працягвалася і сёньня, у свабоднай краіне, немагчыма. Агулам тарашкевіца, першы беларускі правапіс, нясе ў сабе несавецкі дух, гэта наша беларуская «мяккая сіла». Тарашкевіца — яшчэ і люстэрка беларускае лацінкі. І калі б у нас надумаліся перайсьці на лацінку (зрабіць два крокі ад «русского мира»), гэта быў бы цалкам арганічны ўчынак.

Крыху гісторыі канфармізму

Слухаючы дыскусію «Quo vadis, Беларусь?», я згадваю, што ў 1970-80-я гады ў кнігарні можна было ня раз сустрэць мамашу зь дзіцём, якое просіць набыць кніжку, а мамаша адказвае: «Ты што! Эта ж на беларускам!» Такіх «мамашаў» было шмат, гэта тыповая сцэнка свайго часу. Ад беларускай мовы быццам баяліся атрымаць апёк.

Цяпер і дзеці чытаюць менш, і пазыцыя беларускай мовы ў цэлым зьмянілася — з «калхознай», непрэстыжнай і беспэрспэктыўнай яна стала прэстыжнай, апазыцыйнай і... таксама беспэрспэктыўнай (бо няма наступнай адукацыі па-беларуску). Але само існаваньне нацыі за 50 гадоў зьмянілася. Зьнікла беларускамоўная вёска, і беларушчына стала зьявай чыста гарадзкой і, што важна, усьвядомленай. Але сёньня ўлады мусова вяртаюць сытуацыю ў той савецкі час, калі ў гарадах у прынцыпе не было беларускіх школ.

Беларускі стэнд на Кніжным арсэнале ў Кіеве, 24 чэрвеня 2021 году. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі стэнд на Кніжным арсэнале ў Кіеве, 24 чэрвеня 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ўнутраны канфармізм ня мог ня ўзьнікнуць пасьля масавых расстрэлаў інтэлігенцыі ў 1930-я. Пісьменьнікі (тут усе, хто піша і гаворыць публічна) часта выклікалі іранічнае стаўленьне да сябе тым, што пісалі па-беларуску, але ў жыцьці беларускай мовай не карысталіся. У 1980-я яны былі «абласканыя» ўладамі, але дома гаварылі па-расейску, дзеці іх расьлі ў расейскім асяродзьдзі. Рэдкія выключэньні толькі падкрэсьлівалі правіла. У цэлым жа канфармізм вынікаў зь нізкага статусу беларушчыны. Ён рабіў нашу «мяккую сілу» слабасьцю, і гэта заўсёды адбівалася і адбіваецца на выніках беларускага самаўсьведамленьня. Зноў жа, параўноўваю тых пісьменьнікаў зь іх літоўскімі калегамі. Пісалі пра тое самае і жылі падобна, але каб у сем’ях гаварылі па-расейску — такое было нерэальным. Канфармізм літоўцаў быў адрасаваны ўладам, а беларусаў — сабе.

Калі ў дыскусіі «Quo vadis, Беларусь?» гаворка заходзіць пра «русский мир» і ягоную шкоду, экспэрты задумляюцца, як гэтаму супрацьстаяць, хоць глыбейшае пытаньне гучала б так: чаму беларус падпадае пад уплывы «русского мира». І чаму, скажам, літовец не падпадае, хоць жывуць побач.

Трэба фармаваць стрыжань. А канфармізм стрыжня не фармуе.

Пра што казалі ў дыскусіі

Выступоўцы ў дыскусіі вельмі розныя, ёсьць сярод іх і нонканфармісты. Тут ужо тэма самаўсьведамленьня кіруе ў правільны бок.

Напрыклад, гаварылі пра тое, ці магчымае праваслаўе ў Беларусі без маскоўскага ўплыву. Айцец Георгі Рой стварыў беларускі праваслаўны прыход Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні, ён кажа: «Мы існуем як альтэрнатыўнае кананічнае праваслаўе». Трэба сказаць, што для самаўсьведамленьня беларусаў як шматканфэсійнай нацыі рэлігія выглядае больш складаным будаўнічым каменем, чым для каталікоў-літоўцаў. Але і тут важна, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, толькі РПЦ падтрымлівае агрэсію «русского мира». Тым больш істотнае прызнаньне айца Роя: эмігранты могуць ствараць прывабныя мадэлі праваслаўнай царквы — свабоднай ад палітычных ды ідэалягічных установак улады. І вось вынік — віленскаму прыходу Роя цяперашняга памяшканьня ўжо мала.

Праваслаўны сьвятар Георгі Рой. Архіўнае фота
Праваслаўны сьвятар Георгі Рой. Архіўнае фота

Павал Церашковіч казаў пра тое, што з усяго комплексу ідэалёгіі «русского мира» ў Беларусі зусім не праходзіць эўразійства. Аб’ектыўна. А я ўспомніў нядаўні падзагаловак у нейкай лукашэнкаўскай газэце: «З усіх суседзяў самыя блізкія беларусам кітайцы», да якога нехта ў камэнтары напісаў: «А Латвія — дальняе зарубежжа». І гэта сапраўды першы крок да самаўсьведамленьня — ведаць месца сваёй нацыі на карце і ў сьвеце.

Найбольшым посьпехам у эміграцыі Церашковіч назваў бум гістарычных блогераў, асабліва «некананічных». Гэта праўда, з гісторыяй сталі абыходзіцца больш свабодна, яна і дазваляе гэта. Вось толькі ў нас і сапраўды няма гістарычнага імя. Дзесьці там у мінуўшчыне мы былі Вялікім Княствам Літоўскім. Але Літва цяпер нашы суседзі. Былі мы і Рэччу Паспалітай. Але Рэч Паспалітая цяпер пазыцыянуецца як Польшча. Хоць гэта насамрэч была форма дзяржаўнага ладу і саюз Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Да ХІХ стагодзьдзя Беларусь як назва краіны не фігуруе. Хоць гэтае імя ўжо стала нашым неад’емным. Падумаўшы, калі ў назьве Рэспубліка Беларусь першае лацінскае слова перакласьці на беларускую мову, атрымаецца Рэч Паспалітая Беларусь. Адразу візуалізуецца наша гістарычнае ды цывілізацыйнае месца і асобнасьць ад «русского мира». І ніхто не пакрыўджаны.

Беларускі навуковец з Прагі, аднак, вярнуў мяне да тэмы канфармізму, сказаўшы, што беларусы вельмі таленавіты народ. Магчыма, гэты бээсэсэраўскі стэрэатып пра беларусаў (яшчэ і самых працавітых, гасьцінных...) — якраз той крок у самаўсьведамленьні, на які мы адстаем ад тых нацыяў, якія сфармаваліся ды адгарадзіліся ад «русского мира» тым, што яны — розныя, такія, як усе іншыя: і таленавітыя, і ня вельмі, і зусім бясталентныя. Галоўнае — усьведамляць, што ты адзін зь іх.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG