Пра гэта піша DW.
Прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан паведаміў, што грамадзяне яго краіны выказаліся на рэфэрэндуме супраць падтрымкі ўкраінскага сяброўства ў ЭЗ. «2 мільёны 168 тысяч нашых суайчыньнікаў прагаласавалі за тое, што мы ня можам ісьці на рызыкі, зьвязаныя з уступленьнем Украіны ў ЭЗ. Гэта 95% усіх пададзеных галасоў», — напісаў ён у Facebook у чацьвер, 26 чэрвеня.
Орбан паабяцаў заявіць іншым эўрапейскім краінам, што Вугоршчына не падтрымлівае ўступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз.
Апазыцыя заяўляе пра нізкую яўку на рэфэрэндуму
Лідэр вугорскай апазыцыйнай партыі TISZA Петэр Мадзьяр паставіў пад сумнеў вынікі галасаваньня, заявіўшы пра нізкі адсотак тых, хто прагаласаваў. Сам Орбан перад пачаткам саміту ЭЗ у Бруселі ўдакладніў, што агулам у рэфэрэндуме ўдзельнічалі менш за 2,3 млн чалавек, гэта значыць менш за траціну з амаль 8 млн выбаршчыкаў.
Паводле ацэнкі Мадзьяра, у галасаваньні ўзялі ўдзел яшчэ менш вугорцаў, чым заяўляюць улады — каля 600 тысяч чалавек. Ён указаў на недахоп празрыстасьці галасаваньня, якое праходзіла на працягу некалькіх тыдняў, у тым ліку онлайн.
«Цікава, чаму за 2,5 месяца мы не бачылі ніводнага лічыльніка, ніводнага валянтэра, ніводнага населенага пункту, толькі мільярды дзяржаўных грошай, флаераў і плякатаў?» — напісаў ён у Facebook.
Наўседа заклікаў краіны ЭЗ не ўскладняць прыняцьце рашэньняў
У сваю чаргу прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаў меркаваньне, што краіны ЭЗ змогуць сумесна пераканаць Вугоршчыну не накладаць вета на ўступленьне Ўкраіны ў Зьвяз. Ён выказаў надзею, што ў Эўракамісіі ёсьць неабходныя інструмэнты для пачатку перамоваў з Кіевам насуперак супраціву Будапэшту.
Рэфэрэндум насіў кансультатыўны характар
Рэфэрэндум у Вугоршчыне аб стаўленьні да эўраінтэграцыі Ўкраіны праходзіў з пачатку красавіка па 20 чэрвеня, яго вынікі не зьяўляюцца абавязковымі да выкананьня ўладамі.
Рашэньне надаць Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз было прынятае на саміце ЭЗ у чэрвені 2022 году. Улады Вугоршчыны неаднаразова заяўлялі, што выступаюць супраць прыняцьця ў ЭЗ Украіны, а таксама блякавалі прыняцьце санкцый у дачыненьні РФ. У сакавіку 2025 году Орбан заблякаваў сумесную дэклярацыю краін ЭЗ па Ўкраіне.
Форум