Чарговую дыскусію аб крызісным становішчы зьняволеных жанчын у беларускіх вязьніцах зладзіла ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасьць» у межах праграмы «У турмы не жаночае аблічча». Ініцыятыва аб’ядноўвае адмыслоўцаў, што мусілі зьехаць зь Беларусі паводле палітычных прычын. Некаторыя аўтары артыкулаў, якія сабраныя ў асобным зборніку да канфэрэнцыі, працягваюць знаходзіцца і нават працуюць у Беларусі, але хаваюць свае прозьвішчы.
Кожная дзясяты за кратамі — жанчына
Удзельнікі дыскусіі сышліся на меркаваньні, што знаходжаньне жанчыны за кратамі мусіць быць выключным выпадкам, а тым больш цяжарнай жанчыны альбо жанчыны, якая выхоўвае ў няволі дзяцей. Між тым беларускія законы і правілы, якія агаворваюць жыцьцё ў няволі, фактычна ня ўлічваюць гендарны фактар.
Паводле афіцыйнай статыстыкі зь ня менш як 34 000 вязьняў — афіцыйныя дадзеныя з 2018 больш не абнаўляліся — каля 10% жанчыны. Паводле колькасьці жанчын за кратамі Беларусь лідзіруе ў Эўропе, даводзяць праваабаронцы Васіль Завадзкі і Павал Сапелка. Дасьледчыкі пагаджаюцца зь лічбай у 1560 беларускіх жанчын, прызнаных палітычнымі вязьнямі з 2020 году. Дадзеныя пра колькасьць цяжарных жанчын сярод асуджаных альбо затрыманых невядомая, але, паводле праваабаронцаў, іх дзесяткі.
Большасьць палітзьняволеных жанчын застаюцца за кратамі, але тыя, хто выходзіць на волю, актыўна распавядаюць пра парадкі ў беларускіх вязьніцах: пра тое, што сыстэма аховы здароўя ў вязьніцах ня ўлічвае спэцыфічныя патрэбы жанчын, што ў іх выразна абмежаваны доступ да псыхалягічнай і мэдычнай дапамогі, што гвалт, прыніжэньне і абыякавасьць з боку адміністрацыі зьяўляюцца не выключэньнямі, а нормай.
Прыніжаючыя асобу надгляды
У беларускіх вязьніцах жанчыны падпадаюць пад абавязковыя і сыстэматычныя надгляды з распрананьнем і прысяданьнямі, часта ў памяшканьнях, дзе побач знаходзяцца мужчыны. Шмат сьведчаньняў таксама пра відэакамэры ў душавых і прыбіральні безь дзьвярэй. Паводле былых зьняволеных, гэта не выключэньні, а адпрацаваны мэханізм падаўленьня.
«Ты мусіш распранацца дагала — і гэта працягваецца зноў і зноў», — згадвала арышт і зьняволеньня былая асуджаная.
«Мяне прымушалі распранацца цалкам, нават бялізну давялося зьняць. У куце я бачыла відэакамэру, якая ўсё здымала. Пры гэтым яны скавалі мае рукі за сьпінай кайданкамі і аглядалі мае рэчы», — казала былая палітычная зьняволеная.
«Стаяць голай з рукамі за сьпінай у кайданках на сёмым дзясятку жыцьця было дастаткова моцным стрэсам», — прызналася дасьледчыкам жанчына сталага веку.
«Я сказала, што гэта катаваньне і зьдзекі, прыніжэньне чалавечай годнасьці. На што яна адказала: «Гэта мы цябе яшчэ ня білі», — з успамінаў пра дагляд, які праводзіла ахоўніца.
«Мяне прымусілі распрануцца цалкам... Гэта быў жах, асабліва таму, што за дзьвярамі былі мужчыны. Ня ведала, ці бачаць яны мяне, але адчуваньне было такое. У іх жа паўсюль камэры», — пераказала свае пачуцьці пасьля агляду былая зьняволеная.
«Прымусілі распрануцца дагала, прысядаць. Гэта было вельмі праніжальна, брыдка», — згадала пра патрапленьне ў вязьніцу жанчына.
Агулам, паводле адмыслоўцаў зь Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі працэдуры, якія ўжываюцца ў беларускіх вязьніцах адносна жанчын, нельга ўспрымаць інакш як «форму прыніжэньня і ўладарства над целам жанчыны».
Без права на інтымнасьць
Дасьледчыкі зрабілі выснову, што ў жаночых ізалятарах і вязьніцах Беларусі адсутнічае элемэнтарная абарона прыватнасьці асобы. Пра гэта сабраныя паказаньні сьведак.
«За табой сочаць паўсюль. Нават у душы. Нават у прыбіральні», — падзялілася экс-палітзьняволеная.
«У ІЧУ дзьверы ў прыбіральню адкрытыя заўсёды. Уздоўж праходзяць мужчыны, а ты сядзіш. Ані перагародкі, нічога. Гэта дзіка прыніжае», — згадала жанчына пра ізалятар часовага ўтрыманьня.
«У душы былі відэакамэры і ніхто не патлумачыў, што за намі сочаць. Я мылася і адчувала сябе як на вітрыне», — з успамінаў былой палітзьняволенай.
Мужчынскі кантроль і сэксуалізаваны ціск
Жанчыны згадваюць, што ў вязьніцах, дзе зь імі мусілі працаваць ахоўніцы-жанчыны, мужчынскі кантроль працягваўся. Гэта парушае ня толькі прававыя нормы, але і псыхалягічную ўстойлівасьць жанчын, мяркуюць адмыслоўцы.
«Пакуль мы пераапраналіся ў турэмную адзежу, міма праходзілі мужчыны. Некаторыя зь іх сьмяяліся. Гэта было вельмі страшна і непрыемна», — былая зьняволеная.
«Мужчыны стаялі каля ўваходу, калі нас распраналі. Яны нас не чапалі, але проста празь іх прысутнасьць усё было нашмат горш», — з успамінаў жанчыны, якая была затрыманая.
Паводле аўтара дасьледаваньня, прыніжэньне, якое зьведалі жанчыны падчас зьняволеньня, запамінаецца імі мацней за фізычны боль.
«Калі цела больш не тваё і нават пасьля вызваленьня ты працягваеш адчуваць сябе распранутай», — з успамінаў жанчыны, якая пабывала ў беларускай вязьніцы.
«Калі мяне распранулі, я зьведала такі шок, што нават не магла заплакаць», — згадвала іншая палітзьняволеная.
Аўтары дасьледаваньня спасылаюцца на канвэнцыю ААН супраць катаваньняў, паводле якой дзеяньні, якія робяцца для прыніжэньня з мэтай пакараньня, падпадаюць пад вызначэньне катаваньня. Паводле дасьледчыкаў, такія дзеяньні парушаюць Канстытуцыю Беларусі і Крымінальна-выканаўчы кодэкс, што прадугледжвае крымінальную адказнасьць.
Зь першых вуснаў
Пра асаблівасьці жаночага знаходжаньня за кратамі на канфэрэнцыі «Жанчыны ў зьняволеньні. Нябачны боль пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі» расказалі палітвязьні, якія толькі ў бягучым годзе выйшлі на волю.
Былая выкладчыца італьянскай мовы ў МДЛУ, дацэнт Натальля Дуліна згадала, што як толькі патрапіла ў вязьніцу адразу адчула «біялягічную асаблівасьць жанчын: эмацыйнасьць, выпрацаваную стагодзьдзямі асаблівасьць узаемадзеяньня».
«Заўсёды гэта быў няпросты калектыў, бо жанчыны прызвычаіліся дэманстраваць адна адной свае патрэбнасьці. Таму ўзаемаадносіны былі складаныя, у тым ліку з адміністрацыяй», — згадала Натальля Дуліна.
Паводле Натальлі Дулінай арганізм, фізычнае здароўе і псыхіка жанчыны ў няволі падвяргаецца вялікаму выпрабаваньню, але гэта недастаткова ўлічваецца грамадзтвам і законамі краіны, у чым цяпер яна пераканалася. Жанчыны за кратамі сутыкаюцца ня толькі са спачуваньнем, але і з такімі паводзінамі, як помста, зьдзек альбо наўмысная правакацыя. Але гэта часьцей не з уласнай ініцыятывы, а і праз палітыку турэмнай адміністрацыі, мяркуе Натальля Дуліна, якая адбывала пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.
Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла, што перажывала, калі некалькі разоў паміж судамі па 411 артыкуле яе вазілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі пад Менскам. Тройчы жанчына адмаўлялася ад гэтай экспэртызы, але яе адпраўлялі пад прымусам. Давялося прайсьці праз зьневажальныя працэдуры вобшукаў з распрананьнямі, пакуты цяжкіх этапаў, пераезды ў турэмных вагонах.
«Задуха альбо дзікі холад. Вокны зачыненыя і адмаўляюцца адчыняць. У прыбіральню не выводзяць, кажуць, што ўжо горад. Зьдзек суцэльны. Спачатку прывозілі і разьмяшчалі на «Валадарцы». Я адмаўлялася трымаць рукі за сьпінай і за гэта давалі 10 содняў карцэру. Памятаю канвой з аўчаркамі і ўразіла, што там была сабака ў камізэльцы з надпісам «міліцыя».
У камэры на акне краты, але сьвятло бачна, нават можна бачыць Менск, далягляд. У камэры няма прыбіральні, кожную гадзіну ты іх выносіш. І ракавіны няма — на калідоры. Кніжкі з абадранымі вокладкамі, разадраныя. Можна чытаць кавалкамі.
Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк у «Навінках» было «трошкі лепшым харчаваньне, нават давалі яблыкі», а яшчэ можна было чытаць кнігі — «але яны былі ўсе без вокладак, разарваныя». Гэта была адзіная кампэнсацыя за пакуты на этапе, прызнаецца былая палітзьняволеная.
Што да якасьці псыхіятрычнай экспэртызы, якую праводзяць у цэнтры псыхічнага здароўя ў Навінках, дык пра яе Паліна сказала гэтак. «Тыя разы, калі я адмаўлялася ад экспэртызы, мяне не дасьледавалі, але ўсё роўна прызнавалі здаровай і здольнай несьці крымінальную адказнасьць. А калі пагадзілася, дык вынік быў той жа, толькі што фармальна адказала на некалькі пытаньняў».
«Асабліва цяжка тым, хто застаўся ў Беларусі»
Між тым псыхічнае здароўе жанчын у няволі і тых, хто вызваліўся патрабуе сапраўднага клопату, мяркуе псыхоляг Вольга Вялічка. Свае высновы адмыслоўца грунтуе на дасьледаваньні псыхічнага здароўя 67 жанчын, 26 зь якіх засталіся ў Беларусі, а 41 эмігравала. Дасьледаваньне было праведзенае сёлета, у 2025 годзе.
«Многія жанчыны ня могуць дагэтуль пазбавіцца трывогі, страхаў, бяссоньніцы, перажываюць флэшбэкі, але аказалася, што асабліва цяжка тым, хто застаўся ў Беларусі — яны па-ранейшаму адчуваюць пагрозу перасьледу і знаходзяцца пад ціскам.
«Прачынаюся сярод ночы ад страху, што маё сэрца выскачыць», — прызнаецца жанчына, якая зьведала няволю.
«Мая скура стала зморшчаная, увесь час мурашкі. Іншым разам я сябе кусаю — гэта супакойвае», — дзеліцца іншая экс-палітзьняволеная.
«Прачынаюся ўжо стомленай, няма сілаў падняцца», — згадвае жанчына, якая была пад арыштам шмат дзён.
Псыхоляг Вольга Вялічка раіць жанчынам шукаць падтрымку, ствараць групы па інтарэсах, не заставацца сам-насам з праблемамі. «Тыя жанчыны, якія выехалі, часткова палепшылі стан, але шмат зь іх яшчэ змагаюцца з пост-траўматычным стрэсавым разладам, пачуцьцём віны і сацыяльнай ізаляцыі. Эміграцыя не вырашае ўсе праблемы, таму важная пастаянная псыхалягічная дапамога для ўсіх», — мяркуе Вольга Вялічка.
«Хуткая» праз паўгода
Прыклад таго, як хутка за кратамі можна атрымаць мэдычную дапамогу, прывяла былая палізьняволеная Вольга Скрашчук. У сьледчым ізалятары Жодзіна яна апынулася ў адной камэры з жанчынай, якая захварэла на запаленьне малочнай залозы. Паводле Вольгі ў гэтым не было сумневу, бо грудзі жанчыны «распухалі на вачах». Але ў СІЗА няма адмысловых мэдыкаў і толькі праз 4 месяцы зьявілася лекар, якая праз «кармушку» у дзьвярах камэры мэтадам дотыку рукі засьведчыла хваробу. «Раней нікому з адміністрацыі гэта было незразумела!» — зьдзіўляецца былая палітзьняволеная Скрашчук.
«Для той дзяўчыны гісторыя закончыла ў выніку добра — пасьпяховай апэрацыяй, але агулам яе выпрабаваньні цягнуліся праз 6 месяцаў — занадта для хваробы, якая пагражала жыцьцю», — абуралася Вольга Скрашчук, калі распавяла гэтую гісторыю.
На адрас турэмнай сыстэмы Беларусі ўдзельнікі канфэрэнцыі таксама выказалі параду: навучаць пэрсанал распазнаваць трывожныя сымптомы і правільна на іх рэагаваць.
З экспэртнымі артыкуламі зборніка «Беларускія жанчыны ў турме. Пра што маўчыць сыстэма і пра што мы абавязаныя гаварыць» можна азнаёміцца тут.
Форум