Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад другога прышэсьця Ціханоўскага?


Сяргей Ціханоўскі на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні 22 чэрвеня 2025
Сяргей Ціханоўскі на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні 22 чэрвеня 2025

Які ўплыў на дэмакратычныя сілы і шырэй — на беларускае грамадзтва — зробіць вызваленьне Сяргея Ціханоўскага? Пэўнага адказу на гэтае пытаньне пакуль няма, але некаторыя папярэднія высновы можна зрабіць, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Сьцісла:

  • Сяргей Ціханоўскі складанейшы за свой вобраз просталінейнага праўдаруба.
  • Першымі заявамі ён ня спраўдзіў спадзевы ўладаў на тое, што стане чыньнікам паглыбленьня расколу ў дэмакратычных сілах.
  • Ціханоўскі вырашыў паўтарыць шлях у палітыку праз блогерства, якім ён прыйшоў у яе ў 2019-2020 гадах.
  • У найноўшай беларускай гісторыі няма прэцэдэнтаў трыюмфальнага вяртаньня ў палітыку пасьля вызваленьня з-за кратаў.


Вызваляючы аднаго з самых знакавых палітвязьняў, улада Беларусі імкнулася дасягнуць дзьвюх мэтаў: па-першае, паказаць Вашынгтону сур’ёзную гатоўнасьць да ўгоды, па-другое, паспрыяць паглыбленьню расколу і супярэчнасьцяў у дэмакратычных сілах.

Крытыка на адрас Сьвятланы Ціханоўскай апошнім часам даволі моцная, Сяргей Ціханоўскі, прынамсі, узору 2020 году — чалавек рэзкі і ня надта схільны да палітычнага манэўраваньня.

Аднак калі першая мэта яго вызваленьня, якую ставілі перад сабой улады, была да пэўнай ступені дасягнутая, то другая — не. Прынамсі, пакуль не.

У некаторых выклікала сумнеў яго рашэньне выйсьці на прэсавую канфэрэнцыю літаральна адразу пасьля вызваленьня. Крытыкі меркавалі, што яму варта было б агледзіцца, увайсьці ў новы палітычны кантэкст, які непазнавальна памяняўся за гады яго зьняволеньня.

Аднак Ціханоўскі насамрэч складанейшы за вобраз просталінейнага праўдаруба, які ён стварыў для сябе. І законы мэдыя ён разумеў і разумее. Яго вызваленьне ў спалучэньні з візытам Кіта Келага да Аляксандра Лукашэнкі стала сусьветнай сэнсацыяй. Але сэнсацыі жывуць нядоўга. Асабліва калі ў сьвеце ідуць дзьве вайны.

І словы Ціханоўскага, сказаныя адразу пасьля вызваленьня, маюць значна большы розгалас, чым мелі б пазьней, калі сусьветны інтарэс да яго вяртаньня згасаў бы.

Публіка горача абмяркоўвае сьлёзы Сяргея, ад якіх ён не ўтрымаўся падчас свайго выступу. Але больш важнымі падаюцца не эмацыйныя, а рацыянальныя аспэкты яго заяваў. Акцэнты ён расставіў вельмі выразна. Вось найбольш важныя зь іх:

  • «Крым — гэта тэрыторыя Ўкраіны».
  • «Наш агульны вораг — пуцінская ўлада».
  • «У найбліжэйшы месяц усе беларускія палітвязьні могуць выйсьці на волю. Дональд Трамп можа вырашыць гэта адным словам».
  • «Больш сумленнага чалавека, чым Сьвятлана, я ў жыцьці не сустракаў».
  • «Лідэрам апазыцыі зьяўляецца Святлана Ціханоўская, я не зьбіраюся ні на што прэтэндаваць».
  • «Я не пляную лезьці ў працу Офісу [Сьвятланы Ціханоўскай]».

Ціханоўскі дэзавуяваў папрокі ў прарасейскасьці на яго адрас. Ён падтрымаў палітыку Трампа адносна Беларусі і ня слова не сказаў пра неабходнасьць далейшага санкцыйнага ціску і амаральнасьць «гандлю палітвязьнямі». Насуперак пажаданьням і чаканьням як беларускіх уладаў, гэтак і некаторых прадстаўнікоў дэмсілаў, ён ня толькі абараніў сваю жонку, але і заявіў пра прызнаньні лідэрства палітыка Ціханоўскай.

І тут насамрэч ня так важна, ці сапраўды ў яго няма ніякіх прэтэнзіяў да дзейнасьці Ціханоўскай і яе офісу. Можа і ёсьць, можа ў далейшым ён іх і агучыць. Але ў момант, калі яго пільна слухаў сьвет, ён сказаў тое, што сказаў.

І ў гэтым праявілася ня толькі чалавечае пачуцьце, але і палітычны разьлік. Верагодна, Сяргей палічыў, што крытыка Сьвятланы і яе офісу мела б наступствам ня новае дыханьне дэмакратычных сілаў, а паглыбленьне іх дэмаралізацыі.

Гледзячы па ўсім, Сяргей зьбіраецца вярнуцца ў палітыку, але тым жа шляхам, якім ён у яе ўвайшоў у 2019-2020 гадах — праз блогерства, праз мэдыйную дзейнасьць, а не праз унутрыапаратную барацьбу ў апазыцыйных структурах.

Вяртаньне да блогерства — гэта эфэктыўны сродак палітычнай камунікацыі не адно з актывістамі, а з больш шырокімі коламі грамадзтва, што было «візытнай карткай» Ціханоўскага часоў «Страны для жизни». Для яго гэта і праверка, у якой ступені сучаснае беларускае грамадзтва гатовае слухаць яго.

Калі гатовае, дык гэта і стане новым (і ранейшым) шляхам Сяргея да палітычнага лідэрства, а інстытуцыйнае месца ў Офісе, Кабінэце ці Каардынацыйнай радзе (ці па-за іх межамі) яму, дзякуючы гэтай народнай падтрымцы, знойдзецца.

Калі ж увайсьці ў адну раку другі раз у яго не атрымаецца... Так выглядае, што проста папоўніць шэрагі апанэнтаў сваёй жонкі — непрывабная пэрспэктыва для Сяргея Ціханоўскага.

Найноўшая гісторыя Беларусі ня ведае прыкладаў трыюмфальнага выхаду палітыкаў з-за кратаў.

У 2006-2008 гадах многія казалі: «Лукашэнка ніколі ня вызваліць Казуліна». А вызваліў. І ніякага палітычнага землятрусу вяртаньне Аляксандра Казуліна ў палітыку не выклікала. Мякка кажучы.

Мікола Статкевіч быў вызвалены ў 2015 годзе, у 2017 годзе ён стаў адным зь лідэраў «антыдармаедзкіх» пратэстаў. Але гэта не было наўпроставым эфэктам яго вызваленьня.

У сьвеце ўсё некалі адбываецца ўпершыню. І з таго, што не атрымалася ў Казуліна ў 2008-м, не вынікае, што не атрымаецца і ў Ціханоўскага ў 2025-м. Але адсутнасьць прэцэдэнтаў хутчэй схіляе да скепсісу.

Да таго ж схіляе і цяперашні стан беларускага грамадзтва ў краіне і за яе межамі. І справа ня толькі ў шалёных рэпрэсіях, але і ў тым, што грамадзкі ўздым 2020 году зьмяніўся глыбокім заняпадам грамадзкай актыўнасьці. Гэта ня значыць, што так будзе заўсёды. Але прыкметаў «ажываньня» грамадзтва цяпер ня бачна. Тэарэтычна гэта можа стаць наступствам нармалізацыі адносінаў Беларусі прынамсі з ЗША.

Але нярэдка ў гісторыі паказьнікам таго, што час мяняецца, робіцца як раз зьяўленьне новага лідэра. Напрыканцы 2019 году таксама не былі бачнымі абʼектыўныя паказьнікі таго, што беларускае грамадзтва — на парозе пераменаў. Выбухападобны рост папулярнасьці блогера Ціханоўскага стаў такім паказьнікам.

Зразумела, што няма ніякіх гарантыяў, што гэта можа адбыцца ў 2025 годзе з тым самым пэрсанажам. Але гэта і не зьяўляецца немагчымым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG