З словаў Вольгі Чупрыс, да 2023 году ўхвалялі прыкладна 10% ад усіх хадайніцтваў, а за мінулы год гэты паказьнік дасягнуў 65%.
«Работа камісіі ў пытаньнях памілаваньня за апошнія пару гадоў павялічылася ў сем разоў. Штогод цяпер разглядаецца ў межах паўтысячы матэрыялаў», — заявіла Чупрыс.
Свабода спытала ў беларускіх праваабаронцаў, наколькі рэальныя агучаныя чыноўніцай лічбы і ці варта чакаць далейшага павялічэньня колькасьці памілаваных палітвязьняў.
«Гэта сыгнал з боку ўладаў, але ня варта чакаць моцнага паслабленьня»
Сузаснавальнік фонду салідарнасьці BYSOL Андрэй Стрыжак убачыў у выступе Вольгі Чупрыс сыгнал, адрасаваны частцы палітычных зьняволеных.
«Мы ня можам вэрыфікаваць лічбы, якія агучвае Чупрыс, але адназначна можа лічыць гэта сыгналам з боку ўладаў. Бо пра што яна кажа? Што вы можаце напісаць такія заявы аб памілаваньні і выйсьці з турмы. Гэта можа быць датычна людзей, якія патрапілі пад хвалі рэпрэсій дастаткова выпадкова. Зразумела, гаворка не ідзе пра актыўных удзельнікаў пратэстаў, — разважае Андрэй Стрыжак. — І тады ўлада будзе спрабаваць прадаць гэтую карцінку, што, маўляў, мы робім масавыя вызваленьні праз памілаваньне. Але гэта ня будзе тычыцца тых, каго ўлада лічыць пагрозай, актыўных пратэстоўцаў, якіх асудзілі па самых масавых 342-м ці па 361-м артыкулах крымінальнага кодэксу».
Суразмоўца не прагназуе «ніякага моцнага паслабленьня» і «для асноўвай масы пратэстоўцаў, якія патрапілі ў няволю на вялікія тэрміны, сытуацыя, на жаль, праз гэтыя памілаваньні ня зьменіцца».
«Улада цяпер гуляе ў гульню, нібыта хоча прадэманстраваць добрыя намеры. Але і BYSOL і праваабаронцы фіксуюць, што крымінальныя справы па-ранейшаму заводзяцца. Цяпер бачым новую хвалю ціску на людзей у справе „Беларускага Гаюна“. Так што збольшага ўся гэтая кампанія тэрору супраць грамадзянскай супольнасьці і вольных людзей у Беларусі працягваецца. Заява Чыпрыс ня сьведчыць пра паляпшэньне».
«Доля палітвязьняў у агульнай колькасьці памілаваных нязначная»
Праваабаронца з Берасьця Ўладзімер Вялічкін кажа ў камэнтары Свабодзе, што ня можа давяраць зьвесткам, якія агучыла Вольга Чупрыс.
«Мы ня ведаем лічбаў пададзеных заяваў на памілаваньне, і давяраць афіцыйным заявам не выпадае, бо праверыць іх немагчыма. З 2020 году маем больш за 7 тысяч асуджаных паводле палітычных артыкулаў, зь іх 4006 прызнаныя палітвязьнямі, якія знаходзяцца за кратамі ці ўжо вызваліліся. А памілаваных з 2021 году толькі 250 чалавек, можа крыху болей, бо ня ўсе даныя разгалошваюцца.
Атрымліваецца, што памілаваных за гэты час недзе 3,5% ад агульнай колькасьці асуджаных па палітычных артыкулах і 6,2% ад прызнаных палітвязьнямі. Гэта пры ўмове, што ўсе без выключэньня палітычныя „раскаяліся“. Мяркую, Чупрыс хітруе, калі пахваляецца лічбай у 50% задаволеных хадайніцтваў, каб паказаць нібыта гуманнасьць улады».
Паводле Ўладзімера Вялічкіна, улады маніпулююць зьвесткамі пра памілаваных рознымі спосабамі.
«Відавочна, што спрабуюць павялічыць агульную лічбу за кошт памілаваньня крымінальных злачынцаў. Што да палітычных, у 2024 годзе іх сапраўды мілавалі часьцей: пад ціскам міжнароднай супольнасьці і толькі тых, каму заставалася сядзець зусім мала. Яшчэ адпусьцілі моцна хворых і тых, ня быў моцна ўцягнуты ў „палітыку“ і „трапіў пад раздачу“. Але ўсё роўна доля палітвязьняў у агульнай колькасьці памілаваных нязначная».
Праваабаронца зьняпраўджвае і заявы пра тое, што нібыта большасьць палітычных вязьняў самі пішуць заявы на памілаваньне.
«Гэта ня так. Ад тых, хто выходзіць зь вязьніцаў і хто там застаецца, мы ведаем: такія заявы піша меншасьць. Звычайна гэта тыя, каму пэрсанальна сказалі пісаць, бо зьявіўся шанец выйсьці раней. Такіх можна зразумець: яны адчуваюць сябе ваеннапалоннымі і дзейнічаюць паводле прынцыпу „Галоўнае выжыць і выйсьці на волю“. Яшчэ ёсьць тыя, хто напісаў прашэньне, але не прызнаў віны. Але з размоваў з палітвязьнямі вынікае, што большасьць палітычных, каму прапаноўваюць, адмаўляюцца пісаць прашэньне ўвогуле, бо ня лічаць сябе вінаватымі», — кажа Ўладзімер Вялічкін.
«Колькасьці пададзеных прашэньняў аб памілаваньні мы ня ведаем»
Праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова таксама кажа пра «відавочную маніпуляцыю з боку ўладаў».
«У спрэчках у гэтым пытаньні спрацоўваюць звычайныя матэматычныя дзеяньні, але, каб іх прымяняць, нам патрэбныя пэўныя лічбы. Напрыклад, якая колькасьць палітычных зьняволеных рэальна пісала прашэньне аб памілаваньні? Па стане на сёньня ў Беларусі 1184 асобы, прызнаныя праваабаронцамі палітзьняволенымі.
У праваабаронцаў ёсьць інфармацыя, што па стане на 21.01.25 вызваліліся па памілаваньні 258 вязьняў. І, нават калі ўлічыць вызваленых па памілаваньні ў апошнюю хвалю, па якіх праваабаронцы яшчэ зьбіраюць інфармацыю, усё адно паўстае пытаньне — 50% ад якой лічбы зьняволеных?», — сказала праваабаронца ў камэнтары Свабодзе.
Алена Масьлюкова падкрэсьлівае, што колькасьці пададзеных прашэньняў аб памілаваньні мы ня ведаем, а «давяраць зьвесткам камісіі па памілаваньні не выпадае, бо ў яе складзе няма сапраўды незалежных прадстаўнікоў».
«Мяркую, што людзей зь лягічным мысьленьнем і валоданьнем элемэнтарнымі матэматычнымі навыкамі падобныя „ўладныя разводы“ не ўвядуць у зман. Таму ня варта ўвогуле казаць пра „атракцыёны невераемнай шчодрасьці і эмпатыі“. Іх там не было…»
«Каго і чаму Лукашэнка ня мілуе?»
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка ў сваім камэнтары назваў верагоднымі лічбы, агучаныя Вольгай Чупрыс і ня выключыў, што летась і ў бягучым годзе палова прашэньняў аб памілаваньні былі задаволеныя. Але, на думку праваабаронцы, гэта не вырашае праблемы наяўнасьці палітзьняволеных у Беларусі.
«Ня веру, што, як адзначае Чупрыс, праца камісіі ў пытаньнях памілаваньня кладзецца перш за ўсё на плечы кіраўніка дзяржавы. Прашэньні аб памілаваньні праходзяць двайное сіта: спачатку вырашаюць адміністрацыі папраўчай установы, і толькі потым камісія ў пытаньнях памілаваньня і вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці.
Мяркую, гэта яны робяць асноўную працу. Але я б задаў Вользе Чупрыс пытаньне пры тую палову заяваў, якая застаецца няўхваленай: каго і чаму Лукашэнка ня мілуе, хаця здавалася б, іх заявы адміністрацыі вязьніцаў і камісія таксама праверылі і ўхвалілі для разгляду. Чаму адным шанцуе, а другім не? Ва ўмовах цалкам непразрыстай працы камісіі і ўсёй працэдуры памілаваньня адказаў на гэтыя пытаньні няма», — мяркуе Павал Сапелка.
Форум