Офіс Сьвятланы Ціханоўскай паведамляе, што сёлета сустрэчы сканцэнтраваныя на:
- палітычнай сытуацыі ў Беларусі і рэгіянальнай бясьпецы;
- візавай мабільнасьці беларусаў у ЭЗ;
- стане незалежных мэдыя і супрацьдзеяньні прапагандзе;
- падтрымцы дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці.
Ціханоўская выступіла на адкрыцьці пасяджэньня, а таксама ўзяла ўдзел у панэлі, прысьвечанай палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Яна спынілася на ключавых праблемах:
- Рэпрэсіі ў краіне: «Рэжым перайшоў ад аўтарытарызму да таталітарызму, прыкрываючыся вайной і «ўнутранымі ворагамі».
- Саўдзел рэжыму ў вайне: «Вайна стала выгадай для Лукашэнкі».
- Эканоміка: «Рэжым здабывае выгаду з шчылінаў у санкцыях, рээкспартуючы забароненыя тавары ў Расею і прадаючы калій праз расейскія морскія порты».
Падтрымка інстытутаў беларускіх дэмакратычных сілаў Эўрапейскім Зьвязам — «гэта стратэгічная інвэстыцыя, а не гуманітарны жэст», — заявіў кіраўнік НАУ Павал Латушка.
«У пэрспэктыве пераменаў гэтая падтрымка спрыяе неўзьнікненьню новых палітычных крызісаў», — сказаў ён.
Палітык таксама выказаў думку, што Аляксандар Лукашэнка для Крамля — «партнэр і хаўрусьнік, а не закладнік». «Распаўсюджанае меркаваньне пра тое, што Лукашэнка дзейнічае пад ціскам Масквы, — небясьпечнае і ўводзіць у зман. Такая трактоўка размывае адказнасьць і адкрывае шлях да паўтарэньня ранейшых памылак», — лічыць Латушка.
У склад беларускай дэлегацыі на пятай сустрэчы групы ўвайшлі дэмакратычная лідэрка і кіраўніца АПК Сьвятлана Ціханоўская, яе намесьнік Павал Латушка, галоўны дарадца Франак Вячорка, прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, сьпікер Каардынацыйнай рады (КР) Арцём Брухан, кіраўніца міжнароднай камісіі КР Аляксандра Мамаева, а таксама прадстаўнікі праваабарончых і іншых арганізацыяў, грамадзянскай супольнасьці, свабодных прафсаюзаў і мэдыяструктураў.
Гісторыя стварэньня Кансультацыйнай групы
29 чэрвеня 2023 году Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежнай палітыцы Жузэп Бурэль абвясьціў у Страсбургу пра стварэньне Кансультацыйнай групы паміж ЭЗ і беларускімі дэмакратычнымі сіламі ды грамадзянскай супольнасьцю. Ініцыятыву падтрымалі Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі Каардынацыйнай рады, а месцам дыялёгу абралі Брусэль.
Якія тэмы былі ў фокусе ўвагі
- Паляпшэньне ўмоваў легалізацыі для беларусаў за мяжой і выдача альтэрнатыўных дакумэнтаў.
- Фінансавая падтрымка незалежных СМІ, праваабарончых інстытутаў і малога бізнэсу.
- Адукацыйныя праграмы: пашыраныя стыпэндыі і праграмы абмену, у тым ліку для беларускай моладзі — з 2024 году як частка праграмаў EU4Belarus.
- Дэманстрацыя падтрымкі: выстава мастацтва палітвязьняў «Галасы з турмы» ў Брусэлі, інфармацыйныя кампаніі ў ЭЗ, пэрыядычныя публікацыі і ініцыятывы падтрымкі як сьведчаньні палітычнай салідарнасьці.
Форум