Журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру супольна з Украінскай і Расейскай службамі Радыё Свабода, пры падтрымцы суполкі ўкраінскіх хакераў KibOrg вэрыфікавалі інфармацыю аб параненых расейскіх вайскоўцах, якія знаходзіліся на лячэньні ў Беларусі ў часе і пасьля апэрацыі па захопе Кіева.
Сярод іх — вайскоўцы элітных падразьдзелаў, удзел якіх раней не маглі пацьвердзіць дакумэнтальна, у тым ліку — 16-й асобнай гвардзейскай брыгады спэцыяльнага прызначэньня ГРУ, а таксама вайскоўцаў Цэнтра спэцыяльнага прызначэньня «Кубінка-2», якія ўдзельнічалі ў захопе Крыму ў 2014 годзе.
Згодна з журналісцкім расьсьледаваньнем, за 21 месяц ад поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну празь лякарні Гомля і Хойнікаў прайшлі 898 расейскіх салдат і байцоў Расгвардыі, якія, у тым ліку, удзельнічалі ў расстрэлах мірных грамадзян Украіны.
Пэрсаналу беларускіх лякарняў забаранілі расказваць аб сакрэтных пацыентах. «Вельмі жорстка табе, як гэта сказаць, раілі не дзяліцца гэтай інфармацыяй ні з кім і ні пра што. Таму што можаш пацярпець і ты, і твая сям’я», — расказаў журналістам колішні супрацоўнік адной з мэдустаноў Гомельскай вобласьці.
У Беларусь накіроўвалі параненых у баях за Гастомель, Бучу і Ірпень.
Украінскія юрысты мяркуюць, што Беларусь, дапамагаючы Расеі зь лячэньнем параненых вайскоўцаў, у комплексе зь іншай падтрымкай расейскай агрэсіі страціла статус нэўтральнай дзяржавы.
«Лячэньне расейскіх вайскоўцаў варта кваліфікаваць як частку ўсеагульнай падтрымкі вайны і страту нэўтральнага статусу. Гэта важна пры далейшым разглядзе спраў аб саўдзеле і дапамозе ў ажыцьцяўленьні злачыннай агрэсіі асобнымі беларускімі высокапастаўленымі адказнымі асобамі, а таксама пры вырашэньні пытаньня адказнасьці Беларусі як дзяржавы за міжнародныя супрацьпраўныя дзеяньні», — сказала юрыстка Рэгіянальнага цэнтра правоў чалавека (RCHR) Кацярына Рашэўская.
Форум