У час дэбатаў выступалі Марта Кос, эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня, сябры Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў сувязях зь Беларусьсю, у тым ліку старшыня дэлегацыі Малгажата Гасеўская, намесьнік старшыні Міхал Кабоска, а таксама Робэрт Бэдрань, Анджэй Халіцкі, Дайнюс Жалімас і іншыя эўрадэпутаты, адзначае на сваім канале Аб’яжнаны пераходны кабінэт.
Марта Кос падкрэсьліла: калі рэжым сапраўды мае намер прадэманстраваць рэальныя і ўстойлівыя зьмены, ён павінен неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязьняў, скасаваць рэпрэсіўныя законы — асабліва так званыя «экстрэмісцкія» палажэньні, а таксама спыніць палітычна матываваны перасьлед і новыя адвольныя затрыманьні. Рэжым таксама павінен перастаць саўдзельнічаць у расейскай агрэсіі супраць Украіны, якую не падтрымлівае большасьць беларускага народу.
«Ніякіх ілюзій адносна рэжыму Лукашэнкі», — заявіла Малгажата Гасеўская. Яна таксама падкрэсьліла, што нягледзячы на нядаўнія вызваленьні, адвольныя затрыманьні і псэўдасуды працягваюцца штодзённа. Лукашэнка не мяняе сваёй палітыкі, а толькі стварае дымавую заслону. Але рэжым слабее — санкцыі працуюць, і іх нельга аслабляць. Наадварот, іх трэба ўзмацняць, рабіць больш дакладнымі і глыбокімі.
«Пакуль кіруе Лукашэнка, у Беларусі правы чалавека будуць мёртвыя», — падкрэсьліў Міхал Кабоска. У сваім выступе ён адзначыў, што нядаўнія вызваленьні палітвязьняў не павінны закрываць вочы на праўду: гэтыя людзі ніколі не павінны былі апынуцца ў турме.
Анджэй Халіцкі падкрэсьліў, што вызваленьне Сяргея Ціханоўскага — гэта ў першую чаргу вынік ціску на рэжым Лукашэнкі.
Усе эўрадэпутаты, якія выступілі, а таксама эўракамісарка Марта Кос, падкрэсьлівалі патрэбу безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі. Апошнія памілаваньні — гэта ня жэст добрай волі, а вынік ціску на рэжым.
Форум