На тэрыторыі Беларусі адбыўся другі этап абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай у фармаце «ўсе на ўсіх», пра які дамовіліся на перамовах у Турэччыне.
Пра гэта адначасова паведамілі Міністэрства абароны Расеі і Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з палоннымі. Пакуль што бакі не называюць дакладную колькасьць перададзеных палонных. Першы этап абмену адбыўся напярэдадні, 9 чэрвеня.
«Працягваем вяртаць нашых людзей, як дамовіліся ў Стамбуле. Сёньня — першы этап вяртаньня з расейскага палону нашых цяжкапараненых і параненых воінаў. Усе яны патрабуюць тэрміновай мэдычнай дапамогі. Гэта важны гуманітарны акт», — паведаміў у сваімTelegram-канале прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Паводле яго, сярод вызваленых — вайскоўцы Ўзброеных сіл, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы, Дзяржаўнай спэцыяльнай службы транспарту.
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб вяртаньні «другой групы расейскіх вайскоўцаў» і перадачы ваеннапалонных украінцаў.
«Цяпер расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзе ім надаюць неабходную псыхалягічную і мэдычную дапамогу», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Расеі.
Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», сярод тых, каго Ўкраіна перадала прадстаўнікам Міністэрства абароны Расеі — грамадзянін Беларусі, жыхар Бабруйску Яўген Камянькоў, якога ў ліпені 2022 году ў Беларусі абвяшчалі ў вышук, пасьля таго як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага манастыра «Афанасія» ў Расею.
Камянькоў Яўген Андрэевіч нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Знаходзячыся ў палоне, ён расказаў украінскім журналістам, што мае прыёмных бацькоў, братоў і сясьцёр, зь якімі не падтрымлівае кантактаў, апошні час займаўся бадзяжніцтвам, жыў у манастырах. Паводле адукацыі ён вэтэрынар. У палон ён трапіў у выніку раненьня ад падзеньня дрона.
Яўген Камянькоў расказваў, што ў школе вучыўся кепска, цікавіўся магіяй, бо хацеў вучыцца добра і мець добрыя дачыненьні зь людзьмі. Ён перабіваўся часовымі працамі, пэўны час быў зьвязаны з махлярамі і прасіў дапамогі для «дзяцей». Шмат езьдзіў у Расею, дзе таксама спрабаваў уладкавацца на працу, але заўсёды трапляў у гісторыі, калі яму не аплачвалі працу.
З апошняй працы на цагляным заводзе ў Дагестане ён вымушаны быў уцякаць без дакумэнтаў. На адным з памежных пастоў яго затрымалі для высьвятленьня асобы. Адзін зь мясцовых паліцыянтаў паабяцаў дапамагчы і прапанаваў працу. Аднак потым Яўген выкраў у паліцыянта пасьведчаньне, а той нібыта адвёз яго ў суд, які пастанавіў выдварыць Яўгена ў Беларусь.
Пасьля году ў ізалятары Яўген Камянькоў падпісаў кантракт у «спэцпрыёмніку» ў канцы красавіка 2024 году — яму паабяцалі добры заробак і грамадзянства Расеі.
На тэрыторыю Ўкраіны яго перакінулі ў траўні 2024 году ў складзе 255-га гвардзейскага мотастралковага палку Сухапутных войскаў Расеі, а празь некалькі тыдняў ён трапіў у палон. Ён сьцьвярджае, што расейцы кідалі яго ў яму бязь цёплага адзеньня.
Знаходзячыся ў палоне Яўген Камянькоў казаў, што хацеў застацца на тэрыторыі Ўкраіны. «У далейшым я б хацеў застацца на тэрыторыі Ўкраіны і не вяртацца на вайну, таму што тое, што яны робяць — гэта вар’яцтва. Хацеў бы папрасіць прабачэньня ў украінскага народу, што я пагадзіўся на гэтую вайну», — казаў Яўген у палоне і заклікаў беларусаў не пагаджацца на ўдзел у вайне супраць Украіны.
Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне
Пасьля перадачы Яўгена Камянькова ва ўкраінскім палоне застаюцца 7 грамадзян Беларусі. Раней у палон трапілі:
- Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
- Сяргей Шустаў , нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
- Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
- Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
- Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
- Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны.Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
- Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй ён жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102 мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць ён жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.
Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі — Яўгена Ільіна, Андрэя Кулагі і Рамана Карпенкі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, — зьвярнуліся ва ўкраінскія праекты па дапамогу ў пошуках. Міхаіл Шалгун, які таксама прапаў бязь вестак, пазьней знайшоўся ва ўкраінскім палоне.
У часе найбольшага за апошні час абмену Ўкраіна перадала Расеі трох палонных беларусаў — Дзьмітра Ананчыка зь Менску, якога ў сьнежні 2024 году захапілі ў часе баёў у Луганскай вобласьці, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка, які трапіў ва ўкраінскі палон у лютым 2025 году. Яўген Камянькоў стаў чацьвёртым беларусам, якога перадалі Расеі.
У перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмен палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валеры Сьцепановіч.
Пасьля таго, як у жніўні 2024 году ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласьці Расеі, абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.
Форум