Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 чэрвеня: яшчэ аднаго журналіста будуць судзіць за супрацу з БАЖ


Берасьцейскі абласны суд, архіўнае фота
Берасьцейскі абласны суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Журналіста зь Берасьця будуць судзіць за супрацоўніцтва з БАЖ

Пракуратура Берасьцейскай вобласьці паведаміла, што накіравала ў суд крымінальную справу, распачатую супраць жыхара Брэста паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).

Паводле службы інфармацыі пракуратуры, абвінавачаны не пазьней за кастрычнік 2023 году ўвайшоў у склад Беларускай асацыяцыі журналістаў, прызнанай «экстрэмісцкім фармаваньнем» рашэньнем КДБ ад 28 лютага 2023 году.

Ведамства не называе імя і прозьвішча абвінавачанага, але сьцьвярджае, што ў якасьці ўдзельніка «экстрэмісцкага фармаваньня» ён нібыта напісаў ня менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце. У афіцыйным паведамленьні падкрэсьлена, што журналіста трымаюць пад вартай.

У 2023 годзе за супрацу з БАЖ асудзілі Ігара Карнея, паводле ч. 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») яго пакаралі трыма гадамі зьняволеньня.

  • Пасьля пратэстаў 2020 году сілавыя структуры масава прызнаюць людзей і арганізацыі «экстрэмістамі» за неляяльнасьць да ўладаў.
  • «Экстрэмізм» стаў самым распаўсюджаным абвінавачаньнем, якое выкарыстоўваюць для затрыманьня, штрафаў і турэмнага зьняволеньня крытычна настроеных грамадзян.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG