Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за заявай МЗС пра гатоўнасьць да дыялёгу з ЗША? Тлумачаць Мажэйка і Кавалеўскі


МЗС Беларусі, архіўнае фота
МЗС Беларусі, архіўнае фота

Заява афіцыйнага Менску пра дыялёг з ЗША — насуперак Маскве ці на яе загад? Чаму «вялікая зьдзелка» Трампа з Лукашэнкам не рэалізавалася? Абмен скасаваньня санкцыяў на вызваленьне палітвязьняў — гэта было б на карысьць ці на шкоду Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказваюць палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і былы дыплямат, кіраўнік Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі.

— Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што Беларусь гатовая да дыялёгу са Злучанымі Штатамі. Гэта было сказана ў адказ на пытаньне пра вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна Юрася Зянковіча. Зянковіча вызвалілі месяц таму, 30 красавіка. Тады гэта камэнтавала Натальля Эйсмант. Навошта было прыгадваць гэты эпізод у чэрвені?

Вадзім Мажэйка, палітычны аналітык:

— Па-першае, зьвярну ўвагу, што заява была зробленая ў адказ на пытаньне расейскай агенцыі ТАСС. І тут няясна, гэта ініцыятыва Менску ці запыт Масквы. Афіцыйны Менск відавочна гатовы да дыялёгу з ЗША. І Зянковіч — ня першы вызвалены сёлета амэрыканец. З пачатку году было вызвалена зь беларускіх турмаў ужо некалькі грамадзянаў ЗША.

Але беларускія ўлады да дыялёгу з Захадам былі ў прынцыпе гатовыя заўсёды, толькі на сваіх умовах. Менск гатовы ісьці на саступкі, але вельмі абмежаваныя. Нават ня ўсе зьняволеныя журналісты Радыё Свабода былі вызваленыя, хаця ЗША ў гэтым зацікаўленыя.

Вашынгтон дамагаецца вызваленьня сваіх грамадзянаў, але пакуль не атрымліваецца дасягнуць вялікай зьдзелкі.

— Вы ўжо сказалі пра расейскі кантэкст. Заява спадара Варанкова прагучала пасьля яго ўчорашняй сустрэчы з кіраўніцай прэсавай службы МЗС РФ Марыяй Захаравай. Варанкоў, дарэчы, падараваў расейскай калезе сякеру — маўляў, «рубить правду-матку». На нечы погляд, гэта больш падобна на кувалду Прыгожына, муляж якой Лукашэнка ў свой час падараваў Азаронку.

Але тое, што заява Варанкова пра стасункі з ЗША прагучала пасьля сустрэчы з Захаравай, ці ня сьведчыць аб тым, што Масква дала на яе згоду? Маўляў, Расея кантактуе з ЗША, дык і Беларусі можна. Ці нават варта.

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

— Такая сынхроннасьць, зразумела, паказальная. Калі вызвалялі Андрэя Кузьнечыка і Юрася Зянковіча, гэтаму не папярэднічалі публічныя кантакты прадстаўнікоў МЗС Беларусі і Расеі. Мяркую, што зараз сапраўды і Масква, і Менск зацікаўленыя ў кантактах з Вашынгтонам, бо гэта для іх магчымасьць умацаваць сваю палітычную суб’ектнасьць, аслабіць міжнародную ізаляцыю.

Але канкрэтных крокаў па збліжэньні пакуль ня бачна. Масква працягвае выстаўляць нерэалістычныя ўмовы міру з Украінай. Менск таксама ня робіць нейкіх сурʼёзных крокаў, кшталту спыненьня штучнага міграцыйнага крызісу на межах з суседзямі ці вызваленьня хаця б зьняволеных сьвятароў, што было б вельмі станоўча ўспрынята ў ЗША.

Беларускія ўлады, як было сказана, пэўныя жэсты робяць, але яны недастатковыя, каб ЗША кардынальна мянялі палітыку адносна Менску. Я мяркую, што адна з прычынаў гэтага — у тым, што ЗША разглядаюць беларускую сытуацыю ў кантэксьце вайны, якая працягваецца, саўдзелу Беларусі ў вайне.

Нядаўна BELPOL апублікаваў грунтоўнае дасьледаваньне аб тым, як глыбока заангажаваная краіна ў расейскую вайну супраць Украіны. Так што вызваленьне некалькіх палітвязьняў — гэта добры сымбалічны жэст, але прынцыпова гэта нічога не мяняе.

— Калі ў лютым Менск наведваў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Крыстафэр Сьміт, у New York Times зьявіўся артыкул, паводле якога новая адміністрацыя ЗША рыхтуе вялікую зьдзелку з Лукашэнкам — аслабленьне ці скасаваньне санкцыяў у абмен на вызваленьне соцень палітвязьняў. У камэнтарах палітычных аналітыкаў тады гаварылася, што Трампу абыякавыя высокія прынцыпы і маральныя каштоўнасьці, што ён — майстар зьдзелак. Са зьяўленьня той публікацыі прайшло 4 месяцы. Зьдзелкі няма. Чаму?

Трампу ўжо перамылі косткі наконт таго, што ён ня здолеў заключыць зьдзелку аб спыненьні вайны ні за 24 гадзіны, ні за 100 дзён. На мой погляд, гэта дэманструе, што міжнародныя адносіны і змаганьне з такімі краінамі, як Расея — справа больш складаная, чым уяўлялася тым, хто лічыў, што адзіная перашкода зьдзелцы — у недахопе волі і няздольнасьці вынесьці за дужкі каштоўнасьці і прынцыпы.

Што да Беларусі, то адна з прычынаў, чаму зьдзелка зь ёй не адбылася — гэта тое, што справа ня толькі ў пазыцыі Менску і Вашынгтону. Зьняцьцё санкцыяў на экспарт калійных угнаеньняў цікавае Менску толькі тады, калі іх здымуць і суседзі, праз порты якіх раней гэты экспарт і ішоў.

Але тут справа ў пазыцыі краінаў Балтыі, і ня толькі нават іх, але і ўсяго Эўразьвязу. Вільня імкнецца канструктыўна ўзаемадзейнічаць з Вашынгтонам. Але Эўразьвяз санкцыі зь Беларусі здымаць не зьбіраецца, і Літва дэманструе прыязнасьць да Трампа, але не да Лукашэнкі.

Калі Менск ня можа атрымаць шмат за свае саступкі, то ён на іх і ня йдзе.

— А вось каштоўнаснае пытаньне — калі б такая зьдзелка атрымалася, ці была б яна на карысьць Беларусі? Некаторыя лічаць, што гэта была б капітуляцыя перад Лукашэнкам, аслабленьне ціску на яго, форма прызнаньня яго рэжыму. А палітвязьняў Лукашэнка пры жаданьні мог бы набраць столькі ж. Хіба не?

— Я ня супраць дыялёгу. І ў прынцыпе ніхто ня супраць дыялёгу, нават тыя, каго абвінавачваюць у тым, што яны супраць. Пытаньне ў тым, на якіх умовах можна дамаўляцца? Бо, безумоўна, санкцыі — гэта інструмэнт, які мае прыводзіць да зьмены палітыкі. Калі санкцыі ўвялі, а за іх адмену атрымалі зьмену палітыкі, то гэта і ёсьць узьдзеяньне санкцый. Прынцыповы момант любога такога кшталту дамоўленасьцяў мае палягаць у тым, што санкцыі адмяняюцца на ўмове, што спыняюцца далейшыя рэпрэсіі і не зьяўляюцца новыя палітвязьні.

А калі рэпрэсіі аднаўляюцца, то санкцыі аўтаматычна вяртаюцца.

Бо сапраўды, калі проста абмяняць нейкую колькасьць палітвязьняў на адмену санкцый, а заўтра рэжым пасадзіць такую самую ці большую колькасьць людзей, то такая зьдзелка ня будзе мець асаблівага палітычнага сэнсу. На гэта гаворыцца — даможамся вызваленьня тых, хто сёньня за кратамі, а далей бачна будзе. Мне такая лёгіка падаецца безадказнай.

Галоўнае — каб мяняліся паводзіны рэжыму, а не наяўнасьць ці адсутнасьць санкцыяў.

— Вадзім, а які крытэр зьменаў? Вызваленьне ня ўсіх, а часткі палітвязьняў, не сапраўдная дэмакратызацыя, а сьціплая адліга? Вы памятаеце гэтыя спрэчкі падчас папярэдняга раўнду гэтага гандлю ў 2015 годзе.

Калі Захад зьняў санкцыі і не прымусіў Лукашэнку ўсталяваць дэмакратыю, дык значыць здрадзіў сваім прынцыпам і ўмацаваў рэжым? Некаторыя тады так і меркавалі.

— Не, я асабіста не прыхільнік падыходу «усё ці нічога». У пэрыяд 2015-2019 гадоў рэжым Лукашэнкі ня быў дэмакратычным. Дык яго ў ЭЗ ніхто і не запрашаў. І да яго было пэўнае стаўленьне. У 2020 годзе і пасьля ён зьмяніў сваю палітыку і стаўленьне да яго стала іншым.

Калі будуць спыненыя рэпрэсіі, то можна будзе скасаваць санкцыі, уведзеныя за іх. Калі будзе спынены ўдзел Беларусі ў вайне, то можна будзе адмяніць санкцыі, якія ўводзілі за гэты ўдзел. Ня йдзецца пра тое, што санкцыі павінны дзейнічаць да таго часу, пакуль Лукашэнка не правядзе дэмакратычныя выбары.

Зьдзелка павінна быць сумленнай. Калі адзін бок падманвае, вызваляе палітвязьняў, а потым іх ізноў набірае — такая зьдзелка ня мае вялікага сэнсу.

— Руслан Варанкоў, прэсавы сакратар беларускага МЗС, зрабіў заяву пра тое, як Беларусь зьбіраецца камунікаваць са Злучанымі Штатамі. Нагодай стала пытаньне пра вызваленьне Юрася Зянковіча, грамадзяніна ЗША. Якая неабходнасьць узьнікла цяпер прыгадваць пра дыялёг?

Валер Кавалеўскі, былы дыплямат, кіраўнік Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва:

— Лукашэнка заяўляў яшчэ перад выбарамі, што трэба нармалізаваць адносіны з заходнімі краінамі, бо менавіта там знаходзяцца інтарэсы Беларусі. Ад таго часу мы чулі розныя заявы на гэты конт. Нават была нарада адмысловая з Максімам Рыжанковым, кіраўніком МЗС, на тэму нармалізацыі адносінаў. Але разам з тым афіцыйны Менск не зрабіў істотных крокаў. На сёньняшні дзень нармалізацыю адносінаў стрымліваюць і наяўнасьць палітычных зьняволеных, і працяг рэпрэсій.

Прычым яны закранаюць беларусаў ня толькі ў краіне, але і за мяжой, я маю на ўвазе, напрыклад, немагчымасьць аднавіць дакумэнты безь вяртаньня ў Беларусь. Гэта і міграцыйны крызіс, і вайна супраць Украіны, у якую Лукашэнка заангажаваны. Па пытаньні палітвязьняў ёсьць пэўны прагрэс, але ён недастатковы. Многія адзначаюць, асабліва сярод эўрапейцаў, што патрэбныя больш сурʼёзныя крокі, вызваленьне знакавых асобаў. Разам з тым рыторыка Менску на адрас заходніх краін застаецца досыць варожай, часам даволі агрэсіўнай.

І тут пытаньне, як суадносіцца вось гэтая палітычная ўстаноўка на нармалізацыю адносінаў з практычнымі дзеяньнямі тых людзей, якія гэтую палітыку павінны выконваць.

Я б зьвязваў гэтую заяву Варанкова наконт адносінаў з ЗША з рашэньнем адсунуць вучэньні «Захад-2025» ад заходніх межаў Беларусі ўглыб краіны.

Заява Варанкова — другі крок, які дэманструе зацікаўленасьць у нармалізацыі адносінаў.

— Учора адбылася сустрэча спадара Варанкова са спадарыняй Захаравай, яго калегай з МЗС Расеі. Тое, што такая заява робіцца адразу пасьля сустрэчы з Захаравай — ці азначае гэта згоду Расеі? А можа нават і загад.

— Я пагаджуся, што гэтае даволі цікавае супадзеньне. Расея пэўны час таксама разьвівае дыялёг з Вашынтонам. Адносіны моцна адрозьніваюцца ад тых, якія былі да вяртаньня да ўлады Дональда Трампа. Там ужо ідуць дыскусіі аб аднаўленьні ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці. І на гэтым тле ў Лукашэнкі зьяўляецца абсалютна легітымная нагода сказаць: «Я таксама хацеў бы гэта рабіць».

Адносіны паміж Менскам і Вашынгтонам знаходзяцца на значна ніжэйшым узроўні, чым паміж РФ і ЗША. На сёньняшні дзень амэрыканская амбасада ў Менску не працуе, яна фізычна зачыненая, увесь яе штат быў эвакуяваны ў Вільню напярэдадні поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

Нават такія базавыя пытаньні на сёньняшні дзень ня вырашаныя. Мы таксама памятаем пра тое, што ЗША прапанавалі Менску вызваліць значную колькасьць палітвязьняў у абмен на санкцыйныя паслабленьні. І таксама пакуль мы ня бачым рэальных вынікаў такой вялікай зьдзелкі.

ЗША здолелі выцягнуць чатырох сваіх грамадзянаў зь беларускіх турмаў, гэта важна для адміністрацыі Трампа. Гэта прыярытэт для любой амэрыканскай адміністрацыі.

— Валер, вы ўжо ўскосна прыгадалі лютаўскую публікацыю ў New York Times наконт пляну адміністрацыі Трампа зьдзейсьніць вялікую зьдзелку з Лукашэнкам. Раней некаторыя казалі, што перашкодай для такой зьдзелкі зьяўляюцца маральныя забабоны, што да праблемы трэба падыходзіць паводле Realpolitik, трэба заключаць зьдзелкі. І з Пуціным, і з Кімам, і з Лукашэнкам, якімі б яны ні былі. Ну вось прыходзіць да ўлады Трамп — майстра зьдзелак, вольны ад забабонаў. Дык а дзе зьдзелка, у прыватнасьці, з Лукашэнкам? Ужо чэрвень.

— Ну, наколькі я разумею, усё ж такі гэтая размова працягваецца, хаця і праходзіць няпроста. 30 красавіка быў ізноў прыезд амэрыканскіх высокіх прадстаўнікоў у Менск, і гэта дазволіла вызваліць Зянковіча. Ён, па-першае, зьяўляецца амэрыканскім грамадзянінам, а, па-другое, дастаткова знакавая асоба. Гэта сурʼёзнае дасягненьне і яно паказвае, што насамрэч працэс ідзе.

Тут сапраўды ёсьць пэўная калізія паміж Realpolitik і маральлю. Але крокі, аб якіх мы гаворым, робяцца дзеля вызваленьня людзей. Мы ўсе пагаджаемся з тым, што чалавечае жыцьцё — гэта найвышэйшая каштоўнасьць. І гэты прагматычны падыход кіруецца менавіта ідэалам каштоўнасьці чалавечага жыцьця, чалавечай свабоды.

Таксама ёсьць і адчуваньне, што тая палітыка, якая праводзілася пасьля 2020 году, не прынесла вынікаў, на якія мы спадзяваліся. Беларусь страціла вельмі шмат людзей, разгромленыя мэдыя, разгромленая грамадзянская супольнасьць. Беларусь стала пагрозай для міжнароднага міру і бясьпекі. Беларусь стала зброяй у руках Расеі і страціла вельмі шмат свайго сувэрэнітэту на карысьць Расеі. Беларусь стала адначасова і зброяй, і ахвярай гэтай зброі ў руках Крамля. І заходнія краіны гэта заўважаюць. Але ў адрозьненьне ад Эўразьвязу, дзе рашэньні прымаюцца павольна, ЗША маюць значна больш гнуткасьці ў тым, каб асэнсаваць праблему, ацаніць сытуацыю і думаць пра тое, якім чынам адаптаваць, скарэктаваць свае зьнешнепалітычныя падыходы да Беларусі.

Таму я асабіста вітаю такі падыход, у якім мы бачым такое асэнсаваньне вельмі моцна зьмененага кантэксту ў Беларусі, і разуменьне таго, што ёсьць патрэба ў карэктывах у палітыцы датычна Беларусі, менавіта зыходзячы з гэтых зьменаў.

— Валер, вы вылучылі тэзу, што галоўнае — гэта жыцьцё людзей. Вашыя апанэнты маглі б закінуць вам, што гэты аргумэнт у дадзеным выпадку — гэта пэўны хітрык. Палітвязьні ёсьць ня толькі ў Беларусі, яны ёсьць у Азэрбайджане, у Эгіпце, у Кітаі. І нідзе іх лёс не зьяўляецца для Захаду ключавым пытаньнем.

Што да зьдзелкі з Лукашэнкам, то некаторыя крытыкі кажуць, што калі скасаваць санкцыі ў абмен на вызваленьне палітвязьняў, то Лукашэнка проста набярэ новых. А вярнуць санкцыі будзе палітычна даволі складана.

— Па-першае, Беларусь зьяўляецца эўрапейскай краінай. Тут іншыя падыходы, іншая вага, іншая каштоўнасьць чалавечага жыцьця і чалавечай свабоды. Менавіта таму дэмакратычны рух заявіў пра тое, што вызваленьне палітвязьняў зьяўляецца прыярытэтам. Працяглы час гэта была больш дэклярацыя чым практычны падыход. Але я бачу асэнсаваньне таго, што павінны быць практычныя захады дзеля таго, каб рэалізаваць гэты прыярытэт.

У Беларусі менавіта зьяўленьне вялікай колькасьці палітвязьняў стала пачаткам рэгіянальнага крызісу бясьпекі. Гэта сытуацыя з падручнікаў, калі ўнутраныя рэпрэсіі прыводзяць да зьнешняй агрэсіі. Беларусьсю скарысталіся, скарысталася Расея на фоне таго, што краіна была вельмі аслабленая рэпрэсіямі. Яны зрабілі рэжым Лукашэнкі значна слабейшым. І для таго, каб яму выстаяць у тых умовах, яму трэба было зьвяртацца па дапамогу да Расеі і ісьці на сурʼёзныя кампрамісы, якія ўключалі ў сябе і дазвол на выкарыстаньне беларускай тэрыторыі для агрэсіі супраць Украіны. І ў гэтым сэнсе Беларусь працягвае заставацца крыніцай небясьпекі для ўсяго рэгіёну. Каб вырашыць гэтую праблему, трэба думаць пра тое, як вырашаць унутрыпалітычны крызіс у Беларусі. Таму я лічу, што якраз амэрыканцы, якія ідуць гэтым шляхам, і іншыя краіны, якія падтрымліваюць Злучаныя Штаты на гэтым трэку вызваленьня палітвязьняў, яны насамрэч кіруюцца таксама ня толькі каштоўнасьцямі, але і прагматычнымі матывамі,

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Мюнхэне падчас канфэрэнцыі ў бясьпецы выказваўся на тэму Беларусі, дзе ён назваў Беларусь і крыніцай праблемаў рэгіянальнай бясьпекі, але магчымым вырашэньнем гэтых праблемаў. Ён сказаў, што мяжа паміж мірам і вайной будзе праходзіць праз краіны Балтыі і па ўсходняй мяжы Беларусі. Гэтая мяжа, паводле яго, будзе аддзяляць ваяўнічую Расею ад Эўропы, якая кіруецца правам.

І гэта сапраўды тое месца, дзе мы хацелі б апынуцца. Менавіта па гэты бок такой мяжы, там, дзе мір, там, дзе права, там, дзе павага да міжнародных нормаў. Адметна аднак, што іншыя міжнародныя лідэры пакуль не падхапілі гэтую тэму і ня выказаліся наконт таго, дзе месца Беларусі ў вырашэньні гэтай расейскай вайны супраць Украіны. Устойлівы мір для Ўкраіны немагчымы без таго, каб не забясьпечыць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, каб Беларусь больш не была скарыстаная Расеяй у агрэсіі ня толькі супраць Украіны, але і іншых эўрапейскіх суседзяў нашай краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG