Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна паказала ўсім, і найперш Лукашэнку як суагрэсару, што яна здольная наносіць такія ўдары», — украінскі палітоляг Магда


Атака дронаў у Іркуцкай вобласьці Расеі 1 чэрвеня 2025 году
Атака дронаў у Іркуцкай вобласьці Расеі 1 чэрвеня 2025 году

Украінскі палітоляг Яўген Магда камэнтуе Свабодзе, які сыгнал дасылае Аляксандру Лукашэнку ўкраінская апэрацыя па зьнішчэньні расейскіх вайсковых аб’ектаў, ці магчымыя падобныя атакі на расейскія вайсковыя абʼекты ў Беларусі.

Яўген Магда лічыць, што «1 чэрвеня адбылася ня проста апэрацыя ўкраінскай Службы бясьпекі, якая прадэманстравала якасна новы ўзровень барацьбы з агрэсарам на яго ўласнай тэрыторыі, але і апэрацыя, якая паказала, што ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны нельга выключаць нічога».

Яўген Магда падкрэсьлівае, што Ўкраіна нанесла ўдар менавіта па ваенных аб’ектах Расеі.

Украінскі палітоляг Яўген Магда.
Украінскі палітоляг Яўген Магда.

— Калі ў нядзелю Міністэрства абароны Расеі распаўсюдзіла паведамленьне пра тэрарыстычны акт, то гэта ня можа выклікаць нічога, акрамя сьмеху. Бо тэракт супраць стратэгічнага бамбавіка — гэта аксюмаран. Украіна паказала ўсім — і ў першую чаргу Лукашэнку як суагрэсару (ён жа сам сябе так называе), — што яна здольная наносіць такія ўдары. Нечаканыя, непрадказальныя, эфэктыўныя — тыя, што могуць істотна зьмяняць сытуацыю.

Украінскі палітоляг задаецца пытаньнем, як Лукашэнка адрэагуе на ўдары па НПЗ ад «невядомых» дронаў, або на ўдары па расейскіх вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Беларусі.

— Фактычна, Украіна зьмяніла правілы вядзеньня вайны. Яна паказала, што ў сучаснай вайне мае значэньне ня толькі маштаб узбраеньняў, але і здольнасьць творча іх выкарыстоўваць. Па суадносінах кошту і эфэктыўнасьці гэтая апэрацыя, відавочна, трапіць у падручнікі сусьветнага ваеннага мастацтва. І напярэдадні перамоваў паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі гэта паказала, што Ўкраіна здольная весьці гульню і на дыпляматычным фронце, адначасова наносячы ўдары па самой Расеі, якая настойвала на перамовах 2 чэрвеня. Цяпер, думаю, ні ў кога няма сумневаў, што сёньняшнія перамовы будуць чыста фармальныя і ў найлепшым выпадку скончацца рашэньнем пра вызваленьне яшчэ нейкай колькасьці палонных. Нешта большае наўрад ці адбудзецца. А Ўкраіна здолела прадэманстраваць, што яна перахапіла стратэгічную ініцыятыву, што яна ўваходзіць у лік тых краінаў, якія здольныя дзейнічаць ня паводле старых правілаў, але згодна з лёгікай і маральлю супрацьстаяньня агрэсару.

  • 1 чэрвеня стала вядома, што Ўкраіна зьдзейсьніла маштабную адначасовую сэрыю ўдараў бесьпілётнікамі па некалькіх авіябазах у Расеі. Крыніцы ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі Ўкраінскай службе Радыё Свабода, што ўкраінскія спэцслужбы правялі апэрацыю «Павуціна» і зьнішчылі больш за 40 расейскіх вайсковых самалётаў, сярод іх А-50, Ту-95 і Ту-22 М3. Атаку зьдзейсьнілі з дапамогай бесьпілётнікаў, якія раней на грузавіках завезьлі ў Расею.
  • СБУ ацаніла нанесеныя Расеі страты ў ходзе апэрацыі «Павуціна» ў 7 мільярдаў даляраў і заявіла, што пашкодзіла 34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет РФ. Міністэрства абароны Расеі назвала атаку на аэрадромы ў Мурманскай, Іркуцкай, Іванаўскай, Разанскай і Амурскай абласьцях «тэрактам». Паводле фармулёўкі ведамства, у Мурманскай і Іркуцкай абласьцях «адбылося ўзгараньне некалькіх адзінак авіяцыйнай тэхнікі».
  • Расейскае Мінабароны таксама заявіла пра затрыманьне «некаторых удзельнікаў тэрактаў». Паводле ж СБУ, усе ўдзельнікі спэцапэрацыі знаходзяцца ва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG