Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы: Тшаскоўскі павіншаваў Наўроцкага зь перамогай


Караль Наўроцкі і Рафал Тшаскоўскі, каляж
Караль Наўроцкі і Рафал Тшаскоўскі, каляж

У Польшчы абралі новага прэзыдэнта, ім стаў правы палітык Караль Наўроцкі.

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі падзякаваў сваім выбарнікам і павіншаваў зь перамогай свайго апанэнта на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы Караля Наўроцкага.

«Я змагаўся за тое, каб мы разам будавалі моцную, бясьпечную, сумленную, адказную Польшчу. Сучасную Польшчу, у якой кожны можа рэалізаваць свае мэты і памкненьні. Дзякуй усім, хто галасаваў за такую Польшчу... Перапрашаю, што я ня змог пераканаць большасьць грамадзян у сваім бачаньні Польшчы. Перапрашаю, што мы не перамаглі разам», — напісаў Тшаскоўскі ў сацыяльнай сетцы X.

«Віншую Караля Наўроцкага зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтая перамога абавязвае, асабліва ў такія цяжкія часы. Асабліва з такім роўным вынікам. Памятайце пра гэта», — дадаў ён.

Раней сёньня стала вядома, што польскі кансэрватыўны палітык Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае апазыцыйная правая партыя «Права і справядлівасьць» (PiS), перамог у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 1 чэрвеня.

Паводле зьвестак Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы, Караль Наўроцкі абраны новым прэзыдэнтам краіны. Ён набраў 50,89% галасоў, ягоны супернік у другім туры выбараў Рафал Тшаскоўскі — 49,11%. Яўка ў другім туры склала 71,63%.

  • У першым туры выбараў Тшаскоўскі набраў 31,36 працэнта галасоў, а Наўроцкі — 29,54 працэнта.
  • Прэзыдэнт Польшчы абіраецца на пяць гадоў, уплывае на замежную палітыку, прызначае ўрад і мае статус галоўнага вайскавода. Кіраўнік выканаўчай улады ў Польшчы — прэмʼер-міністар.
  • Караль Наўроцкі працуе дырэктарам Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы. Наўроцкага падтрымліваюць Ярослаў Качыньскі і ягоная партыя «Права і справядлівасьць», але афіцыйна на выбарах Наўроцкі рэпрэзэнтаваў сам сябе.
  • Рафал Тшаскоўскі — мэр Варшавы, кандыдат ад партыі «Грамадзянская плятформа», якая ўваходзіць ува ўрадавую кааліцыю, яго актыўна падтрымліваў прэм’ер Дональд Туск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG