У баях пад Белагораўкай Луганскай вобласьці сёлета ў студзені-лютым прапаў бязь вестак дваццацігадовы Раман Карпенка, які ваяваў на баку Расеі.
Як паведамілі Свабодзе ў праекце «НЕ ЖДИ меня из Украины», Рамана Карпенку пачала шукаць ягоная цётка Сьвятлана. Яна і зьвярнулася па дапамогу.
Вядома, што Раман Пятровіч Карпенка нарадзіўся 22 сакавіка 2005 году, жыў у Бялынічах, ваяваў пад пазыўным «Большой». Служыў на падставе кантракту ў 7-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгадзе (вайсковая частка 40321).
«Адзінае вядома, што 28 студзеня ён пайшоў, а 4 лютага нам сказалі, што ён прапаў бязь вестак. Больш ніякай інфармацыі ня ведаем», — сказала праекту Сьвятлана Аляксееўна, цётка Рамана.
7-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада (вайсковая частка 40321) да поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны належала да так званай «народнай міліцыі ЛНР». Пасьля далучэньня ў сьнежні 2022 году да Сухапутных войскаў Расеі ў брыгадзе стварылі 4-ы стралковы батальён і батальён «Шторм». Вядома, што атрады «Шторм» фармуюць з расейскіх вайскоўцаў, якія адмовіліся выконваць загад, злоўжываюць алькаголем, а таксама з зьняволеных, якія адбываюць пакараньні ў турмах і калёніях.
Паводле расейскага выданьня «Важные истории», вайскоўцам з атрадаў «Шторм», завэрбаваным у калёніях, выдаюць асабістыя жэтоны сэрыі «АБ». Зьніклы бязь вестак беларус меў жэтон АБ-197027.
Раней бязь вестак прапалі грамадзяне Беларусі — Яўген Ільін, Андрэй Кулага і Міхаіл Шалгун, якіх пачалі шукаць сваякі. Апошні пазьней знайшоўся ва ўкраінскім палоне. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога таксама шукалі сваякі, апынуўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.
У канцы красавіка дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», якім займаецца Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, абнародаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
Тады ж стала вядома аб 9 палонных беларусах, трох зь якіх Украіна перадала Расеі на тэрыторыі Беларусі ў межах абмену. Цяпер ва ўкраінскім палоне застаюцца яшчэ 7 грамадзян Беларусі.
Што папярэднічала
Фармальна Беларусь не зьўяляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сіл на тэрыторыі Ўкраіны няма.
У той жа час улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
З 2014 году, калі пачаўся ўзброены канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, які на першым этапе закончыўся анэксіяй Крыму і частак Данецкай і Луганскай вобласьцяў, грамадзяне Беларусі ваявалі як на баку прарасейскіх сілаў, гэтак і ў складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў.
З 2022 году пабольшала беларусаў, якія ваявалі ў расейскіх прыватных вайсковых кампаніях («Вагнэр», «Рэдут», «Ястраб»), а з 2023 году — у шэрагах Узброеных сілаў Расеі. Ёсьць факты, калі грамадзяне Беларусі падпісвалі кантракты з расейскай арміяй адразу пасьля службы ў беларускім войску або маючы праблемы з законам — іх затрымлівалі ў Расеі на запыт уладаў Беларусі або за парушэньне правілаў знаходжаньня на расейскай тэрыторыі. Некаторыя з тых, хто падпісаў кантракт і ваююць супраць Украіны, суджаныя некалькі разоў.
Сілавыя органы Беларусі не перасьледуюць тых, хто ваюе на баку Расеі, але, наадварот, абвяшчаюць міждзяржаўны вышук тых, хто абараняе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, у тым ліку ўжо загінулых.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум