Жыхара Рэчыцы пакаралі за заклікі да пратэстаў у 2020 годзе
Суд Рэчыцкага раёну разгледзеў крымінальную справу супраць жыхара Рэчыцы, імя і прозьвішча якога не называюць, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Яго прызналі вінаватым у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаюцца зь непадпарадкаваньнем патрабаваньням улады» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Паводле сьледзтва, ён у жніўні 2020 году заклікаў людзей хадзіць на мітынгі, знаходзіў інфармацыю пра гэта і распаўсюджваў яе ў сацсетках. Паведамляюць, што на той момант хлопец быў непаўналетнім.
Ксяндза Акалатовіча ўключылі ў сьпіс «экстрэмістаў»
МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці» яшчэ 28 чалавек, піша «Вясна».
Сярод іх — былы пробашч касьцёла ў Валожыне Генрых Акалатовіч, якога ў сьнежні 2024 года пакаралі на 11 гадоў калёніі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве, абвінаваціўшы ў «шпіянажы на карысьць Польшчы і Ватыкана». Таксама ў пераліку журналістка Паліна Піткевіч, якую прысудзілі да 3 год калёніі па абвінавачаньні ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні». Ёй прад’явілі ў віну супрацоўніцтва з анлайн-выданнем MediaIQ.
Цяпер у сьпісе 5342 прозьвішчы. Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі і іншадумствам у цэлым.
Былога палітвязьня паўторна затрымалі і асудзілі да трох гадоў калёніі
У красавіку сёлета былога палітвязьня Ігара Неміровіча зь Берасьця, асуджанага за «абразу Лукашэнкі» за допіс у Instagram, зноўку асудзілі пасля адбыцьця тэрміну.
Восеньню 2023 году ён зьвяртаўся ў камісію па вяртаньні беларусаў, якія зьехалі з-за рэпрэсій, аднак не дачакаўся яе адказу, паехаў у Беларусь, дзе быў затрыманы і асуджаны. Пасьля адбыцьця гадавога зьняволеньня яго зноўку затрымалі і абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».
Мужчыну прызначылі тры гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».