Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дроны і байкеры ў чаканьні летняга наступу Расеі. Як Украіна зноў напружылася ў абароне. Аналіз Свабоды


Украінскі баец з дронам каля гораду Купянску Харкаўскай вобласьці. Травень 2025 году
Украінскі баец з дронам каля гораду Купянску Харкаўскай вобласьці. Травень 2025 году

Пасьля зімовага зацішша Расея паскарае тэмп апэрацыяў ва Ўкраіне. Украіна рыхтуецца да летняга расейскага наступу, неба запоўнена бесьпілётнікамі, а палі ўсыпаныя матацыкламі.

Украіна ўдасканальвае тактыку выкарыстаньня бесьпілётнікаў. Расея стварае матацыклетныя ўзводы. І абодва бакі рыхтуюцца да летняга наступу, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Майк Экель.

«Для стомленай вайной Украіны летняя кампанія стане сур’ёзным выпрабаваньнем на трываласьць», — мяркуе адзін з апытаных Радыё Свабода аналітыкаў.

13 траўня два загартаваныя ў баях расейскія мотастралковыя палкі ўварваліся ў разбураную вёску Новая Палтаўка, перасекшы шашу Т0504, якая злучае аточаныя ўкраінскія гарады Пакроўск і Канстанцінаўку. Дарога была крытычна важнай для забесьпячэньня ўкраінскіх войскаў і іхных разбураных абарончых лініяў уздоўж 100-кілямэтровага ўчастку фронту.

Ваенныя экспэрты сьцьвярджаюць, што страта шашы наўрад ці прывядзе да немінучага краху ўкраінскіх абарончых лініяў. Тым ня менш, гэта не спрашчае жыцьця абложаным украінскім узброеным сілам. Гэта тым больш актуальна цяпер, калі летні сэзон баявых дзеяньняў у разгары і ёсьць знакі таго, што бліжэйшымі тыднямі можа адбыцца буйны наступ расейскіх войскаў.

Больш чым праз 40 месяцаў пасьля пачатку паўнавартаснага наступу Расеі Ўкраіна ўсё яшчэ губляе пазыцыі пад націскам большай і лепш аснашчанай расейскай арміі. Але Ўкраіна адбівае ўдары, наносячы расейскім войскам велізарныя страты. Пры цяперашніх тэмпах стратаў на фронце Расея да канца году можа мець больш за 1 мільён загінулых у вайне.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «і яго блізкае атачэньне не плянуюць спыняць вайну», заявіў 26 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Насамрэч ёсьць шмат доказаў таго, што яны рыхтуюцца да новага наступу. Расея плянуе працяг вайны».

Доўгае, гарачае лета?

Зімовае зацішша ў буйных апэрацыях на большай частцы амаль 1100-кілямэтровай лініі фронту было ў асноўным зьвязана з тым, што Расея аднаўляла свае падразьдзелы і папаўняла арсэналы. Зімовая гразь замінала руху па палях цяжкай тэхнікі абодвух бакоў. Зімовае неба не дазваляла расейскім ВПС абстрэльваць украінскія пазыцыі цяжкімі крылатымі бомбамі. Сытуацыя зьмянілася ў апошнія тыдні.

Апошнім часам расейскія войскі прасоўваліся хутчэй, кажа Эміль Кастэхельмі, вайсковы аналітык Black Bird Group, фінскай маніторынгавай арганізацыі.

Аўтамагістраль Т0504 была добрым маршрутам для забесьпячэньня і транспарту, сказаў ён, але яна ў значнай ступені не працуе для ўкраінскіх войскаў ад студзеня 2025 году, калі быў разбураны мост на поўдзень ад Новай Палтаўкі. Тым не менш «у раёне Новай Палтаўкі няма рэальнага прарыву ў дакладным сэнсе слова», — сказаў ён Радыё Свабода.

«Прарыў азначаў бы, што абарона развальваецца больш хутка і сурʼёзна, так, каб мэханізаваныя сілы праціўніка маглі хутка скарыстацца сытуацыяй і прасунуцца глыбока ў тыл украінскіх абаронцаў, — сказаў ён.— Аднак на гэты момант прасоўваньне адбываецца адносна памяркоўнымі тэмпамі, хоць і хутчэй за тое, што мы бачылі сёлета».


Украінскія валянтэры надалей спрабуюць эвакуаваць рэшту жыхароў Пакроўску на Данбасе, куды набліжаюцца расейскія войскі
Украінскія валянтэры надалей спрабуюць эвакуаваць рэшту жыхароў Пакроўску на Данбасе, куды набліжаюцца расейскія войскі

Рост тэмпу апэрацыяў выклікаў асьцярогі, ці не плянуе Расея гэтым летам шырэйшы наступ — магчыма, каб даць імпульс захопу астатніх частак Херсонскай, Данецкай і Запароскай вобласьцяў Украіны, бо Пуцін і яго дарадцы назвалі гэта прыярытэтам.

«Падобна, мы ўбачым на працягу лета ўзмацненьне баёў, асабліва ў Данецкай вобласьці», — сказаў Кастэхельмі.

Расейскі наступ, хутчэй за ўсё, будзе мець «мяккі старт з пастаянным павелічэньнем колькасьці і маштабу нападаў па ўсё большай тэрыторыі вакол галоўнай восі», — сказаў Джэк Ўотлінг, старшы навуковы супрацоўнік Каралеўскага абʼяднанага інстытуту абарончых дасьледаваньняў (RUSI), лёнданскага аналітычнага цэнтру.

«Сапраўды, ёсьць прыкметы таго, што гэты працэс ужо пачаўся, — напісаў Ўотлінг у справаздачы, апублікаванай 20 траўня.— Асноўныя намаганьні Расеі гэтым летам зноў будуць накіраваныя супраць ключавых гарадоў Канстанцінаўкі і Пакроўску. Расейскія войскі працягваюць выконваць загад — завяршыць акупацыю Данецкай вобласьці».

Галоўны пастаўнік зброі Ўкраіне — Злучаныя Штаты — пакуль што закруцілі кран у выніку спробаў адміністрацыі прэзыдэнта Дональда Трампа дамагчыся спыненьня агню паміж Масквой і Кіевам. Гэта ўжо стварае праблемы для некаторых падразьдзелаў на перадавой.

Але калі ўкраінскія падразьдзелы змогуць стрымаць наступ Расеі, гэта, імаверна, прывядзе да большай падтрымкі ўкраінскіх ваенных намаганьняў на Захадзе, — сказаў Мікола Беляскоў, аналітык падтрымванага ўрадам Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаваньняў у Кіеве. Або гэтта пераканае скептыкаў у Белым доме ўзмацніць жорсткасьць іхнае палітыкі стасоўна Масквы.

«Для стомленай вайной Украіны будучая летняя кампанія стане сурʼёзным выпрабаваньнем на трываласьць», — напісаў Беляскоў у сваім блогу.


Украінскія войскі рыхтуюцца да чаканага летняга наступу расейскіх войскаў.
Украінскія войскі рыхтуюцца да чаканага летняга наступу расейскіх войскаў.

Атака дронаў

Пашырэньне бесьпілётнікаў — наземных і паветраных, выведных і ўдарных, аўтаномных і пілятаваных — зьмяніла спосаб мысьленьня аб полі бою вайсковых камандзіраў, інжынэраў, плянавальнікаў і нават пяхотных афіцэраў.

Салдаты з абодвух бакоў паведамляюць, што цяжка, а то і немагчыма праводзіць традыцыйныя атакі ў стылі «пяхота й кавалерыя» — калі пяхотнікаў у браняваных машынах прывозяць на пазыцыі для атакі на ворага пры падтрымцы цяжкага ўзбраеньня, такога як танкі ці БМП. «Ва Ўкраіне рэальнасьць такая, што вы ня можаце рухацца, ня будучы заўважаным», — сказаў Дэніел Дрыскал, міністар Арміі ЗША, у падкасце.

Маючы менш насельніцтва і меншую прамысловую базу, Украіна ўспрыняла бесьпілётнікі як спосаб зраўняцца на полі бою з расейскімі войскамі.

Са спазьненьнем прызнаўшы гэтую тэхналёгію, расейскія войскі інтэнсыфікавалі выкарыстаньне бесьпілётнікаў, абапіраючыся на дроны «Шахед», распрацаваныя ў Іране, а пазьней на ўласныя распрацоўкі.

У лютым украінскія ўлады абвясьцілі новую ініцыятыву пад назвай «Лінія дронаў», якая рэструктурызавала арганізацыю і разгортваньне некаторых вайсковых падразьдзелаў у баі.

Гэтыя намаганьні «выявіліся ключавымі для падтрыманьня абарончых і наступальных магчымасьцяў Украіны», — сказаў Хорхе Рывэра, адстаўны афіцэр морскай пяхоты ЗША і спэцыяліст у расейскай арміі ў Вашынгтонскім інстытуце абаронных дасьледаваньняў.

«Бяз гэтых зьменаў цяжка ўявіць, як Украіна магла б захоўваць свой апэрацыйны тэмп або супрацьстаяць нядаўнім расейскім наступам», як у Пакроўску.

У Пакроўску цягам зімы расейскія войскі спрабавалі дабрацца да гарнізоннага цэнтру забесьпячэньня ўкраінскай лініі фронту. Аднак украінскім падразьдзелам удалося адціснуць расейскія.

«„Лінія дронаў“ дэманструе, як украінскія бесьпілётнікі прайшлі шлях ад сытуацыйна ўжыванага рэсурсу да інтэграванага, масава прадукаванага патэнцыялу, які дае адчувальныя тактычныя і апэрацыйныя вынікі», — сказаў Рывэра.


Расейскія вайскоўцы трэнуюцца ў кіраваньні вайсковымі дронамі ў неназваным месцы. 26 траўня
Расейскія вайскоўцы трэнуюцца ў кіраваньні вайсковымі дронамі ў неназваным месцы. 26 траўня

З свайго боку Расея, як паведамляюць, пачала ствараць уласныя спэцыялізаваныя палкі бесьпілётнікаў, адзін зь якіх, як мяркуецца, дапамог перарэзаць украінскія лініі забесьпячэньня ў Курскай вобласьці, куды Ўкраіна ўвайшла мінулым летам.

Расея выкарыстоўвае свой арсэнал бесьпілётнікаў для паражэньня ня толькі баявых, але і цывільных цэляў: жылых дамоў, электрастанцыяў, мастоў. З 26 траўня Расея запусьціла больш за 1390 бесьпілётнікаў па невайсковых цэлях, паводле зьвестак ВПС Украіны.

Начны напад 26 траўня быў колькасна найбуйнейшым з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня, як паведамлялі ўкраінскія службоўцы.


'I Was So Scared': Ukrainians Clean Up After Record Drone Attack 'I Was So Scared': Ukrainians Clean Up After Record Drone Attack
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:47 0:00

Банды байкераў

Да нядаўняга часу галоўнай зброяй сучасных наземных арміяў былі вялікія, цяжкія транспартныя сродкі — танкі, бронетранспартэры, баявыя машыны пяхоты. Аднак ва Ўкраіне яны ўсё больш уразьлівыя, бо бесьпілётнікі робяцца больш магутнымі і ўсюдыіснымі.

Таму увага павярнулася да матацыклаў.

І Ўкраіна, і Расея пераходзяць на ўседарожныя матацыклы, хуткія, унівэрсальныя — і безь ніякай абароны.

Расейскія войскі ўжо некалькі месяцаў выкарыстоўваюць падразьдзелы байкераў; рэклямным відэаролік Міністэрства абароны Расеі, апублікаваны 26 красавіка, называў такі падразьдзел «дэсантнікамі на жалезных конях».

Украінскія войскі паведамілі пра камбінаваны расейскі напад з удзелам матацыклаў каля Багатыра, на поўдзень ад Пакроўску.


Украіна скапіявала расейскую тактыку і пачала ствараць спэцыяльныя матацыклетныя ўдарныя падразьдзелы (трэнаваньне; архіўнае фота)
Украіна скапіявала расейскую тактыку і пачала ствараць спэцыяльныя матацыклетныя ўдарныя падразьдзелы (трэнаваньне; архіўнае фота)

А раней у красавіку расейскі падразьдзел спрабаваў пераправіцца цераз раку Аскол на поўнач ад Купянску, спалучаючы бранятэхніку з матацыкламі, паведаміў падпалкоўнік Паўло Шамшын, прэс-сакратар апэрацыйна-тактычнага групаваньня «Харкаў»:

«Галоўная задача — хутка праскочыць ад пункту А ў пункт Б. Выкарыстоўваючы мататэхніку, зрабіць гэта ня тое каб бясьпечна, але, скажам так, пры гэтым стратаў можна панесьці куды менш», — сказаў ён у камэнтары грамадзкай тэлевізіі Ўкраіны «Суспільне».

«Уявіце сабе, калі па полі едзе 50 матацыклаў, колькі трэба выкарыстаць FPV-дронаў, каб іх усіх зьнішчыць?» — пытае Шамшын.

«А рухаюцца яны даволі хутка — калі ім трэба праскочыць поле даўжынёю 1,5 кілямэтра, яны патрацяць на гэта тры-пяць хвілін, а дрон трэба падрыхтаваць, запусьціць і пацэліць», — кажа ён.

Імкнучыся скапіяваць пэўныя тактыкі расейцаў, украінскія камандзіры заснавалі свае ўласныя матацыклетныя падразьдзелы. 425-ы асобны штурмавы полк у гэтым месяцы выпусьціў вэрбавальнае відэа — салдаты практыкуюцца ў хуткіх рухавых нападах на бездарожных матацыклах, па двое лёгкаўзброеных салдатаў на матацыкле.

Расея, маючы большую армію і больш насельніцтва, зь якога можна набіраць салдатаў, можа дазволіць сабе вялікія страты ад нападаў на матацыклах, сказаў Аляксандар Каваленка, украінскі вайсковы камэнтатар.

«Украіна не павінна ваяваць такімі мэтадамі. Наша задача — мінімізаваць нашыя страты і максымізаваць страты праціўніка», — напісаў ён у Telegram.

«І выкарыстаньне матацыклаў падчас атак не дапаможа выканаць гэты плян», — мяркуе Каваленка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG