Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія перамены чакаюць беларусаў з 1 чэрвеня


Менск у чэрвені. 2015 год
Менск у чэрвені. 2015 год

Падаражэюць камунальныя паслугі, зьявіцца плата за адкрыцьцё рахункаў у валюце, інакшым чынам будзе выдавацца жыльлёвая дапамога.

Падаражэе камуналка

З 1 чэрвеня на 10% вырасьце субсыдаваны тарыф на ацяпленьне і падаграваньне вады — да 27,2323 рубля за гігакалёрыю.

Гэта плянавае павышэньне, якое пакуль што адбываецца двойчы на год. З 2026 году цэны будуць пераглядаць удвая часьцей — раз на квартал.

А субсыдаваць камунальныя тарыфы, паводле цяперашніх плянаў ураду, будуць да 2029 году.

Зьменяцца правілы дзяржаўнага падтрыманьня будаўніцтва жытла

Людзям будуць выдаваць крэдыты не на долевае будаўніцтва, а толькі на куплю ўжо гатовых кватэраў у дамах, пабудаваных — што важна — на дзяржаўную замову. Індывідуальных дамоў гэта ня тычыцца.

Субсыдыі на сплату запазычанасьці і адсоткаў за камэрцыйныя крэдыты заменяць ільготнымі крэдытамі.

Для шматдзетных сем’яў і жыхароў невялікіх (да 20 тысяч) гарадоў і вёсак — асобныя правілы.

Зьявіцца збор за адкрыцьцё валютных рахункаў

«Беларусбанк» з 2 чэрвеня будзе браць плату за адкрыцьцё валютных рахункаў у далярах і эўра: 100 рублёў зь беларусаў і 200 — з іншаземцаў.

Апошнія дні, каб завесьці базавы рахунак

Для большасьці людзей пэнсіі і сацыяльныя выплаты з 1 ліпеня будуць пералічваць толькі на базавы рахунак. Яго лепш адкрыць да 20 чэрвеня, каб не сутыкнуцца з прыпыненьнем выплатаў.

Беларускія дзюдаісты змогуць выступаць пад чырвона-зялёным сьцягам

Міжнародная фэдэрацыя дзюдо дазволіла беларускім дзюдаістам з 1 чэрвеня выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад дзяржаўнымі сымбалямі. Фэдэрацыя дзюдо Ўкраіны выступіла з пратэстам.

Не падаражэюць цыгарэты

Тытунёвыя вырабы ў Беларусі сёлета даражэлі ў першы дзень кожнага месяца. Але 1 чэрвеня стане выняткам — цэны ня зьменяцца.

Беларускім студэнтам стане цяжэй паступіць вучыцца ў Польшчу

З 1 чэрвеня ў Польшчы ўзмацняюцца абмежаваньні для замежных студэнтаў, у тым ліку беларускіх. Ім давядзецца пацьвердзіць веданьне мовы навучаньня яшчэ да паступленьня. Унівэрсытэтам забароняць прымаць больш за 50% студэнтаў-іншаземцаў, што можа павялічыць конкурс на месца. А за пропускі можна будзе страціць дазвол на знаходжаньне ў краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG