Разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі стала «своечасовым крокам стратэгічнага стрымліваньня, які «астудзіць гарачыя галовы», — заявіў дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч падчас XIII Міжнароднай сустрэчы высокіх прадстаўнікоў, якія курыруюць пытаньні бясьпекі, якая прайшла ў Маскве 28–29 траўня, перадае БелТА .
Масква і Менск прынялі рашэньне пра разьмяшчэньні ў Беларусі комплексу «Орешник», нагадаў ён:
«Праца ў гэтым кірунку ідзе. Заявы шэрагу службовых асоб Украіны і іншых кіраўнікоў, што гэта блеф, што нічога гэтага няма... Хай цешаць сябе надзеямі», — сказаў Вальфовіч.
Ён таксама адзначыў, што комплекс дазволіць «нанесьці непрымальную шкоду патэнцыйнаму суперніку ў выпадку агрэсіі ў дачыненьні да Беларусі, але хацелася б, каб да гэтага не дайшло».
29 траўня ў размове з былым міністрам абароны Расеі, а цяпер сакратаром Савету бясьпекі Сяргеем Шайгу Вальфовіч заявіў, што «заходнія краіны трымцяць, назіраючы за пасьпяховым рухам расейскага войска на Ўкраіне, і спрабуюць усяляк заягнуць канфлікт», перадае ТАСС.
Кіраўнік Службы вонкавай выведкі Ўкраіны Алег Івашчанка заявіў, што Беларусь не атрымлівала ядзернай зброі ад Расеі.
«Ёсьць носьбіты. Гэта праўда. Ёсьць самалёты, ёсьць ракеты „Іскандэр“. Але ў самой Беларусі няма ядзернай зброі. Гэта факт... Яны ствараюць склады, рыхтуюцца, будуюць. Лукашэнка кажа, што да канца году ў іх будзе „Арэшнік“. Але гэта выглядае як ахвота выдаць жаданае за сапраўднае. На сёньня нічога падобнага няма, і наўрад ці зьявіцца», — сказаў Івашчанка ў інтэрвію агенцтву Укрінформ, апублікаваным 26 траўня.
Наконт таго, ці можна чакаць пагрозы ад Беларусі, кіраўнік выведкі адзначыў, што сёньня беларускае войска ня здольнае на маштабныя баявыя апэрацыі.
«Усё, што яны трымаюць каля нашай мяжы, — гэта каля дзьвюх тысяч салдатаў, каб проста адцягнуць нас. Гэта значыць, баявы склад невялікі, да вайны ён быў ня ў стане весьці наступальныя апэрацыі, і іхныя вайскоўцы маральна да гэтага не гатовыя», — сказаў Івашчанка.
У сакавіку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што да канца году Масква перадасьць Беларусі некалькі ракетных комплексаў «Арэшнік». Пускавыя ўстаноўкі для ракетнага комплексу, адзначыў ён, вырабляюць у Беларусі.
26 студзеня Лукашэнка заявіў журналістам, што «Арэшнік» будзе дастаўлены ў Беларусь «з дня на дзень». Паводле словаў Лукашэнкі, ён «жартаваў», калі раней заяўляў пра неабходнасьць разьмяшчэньня ў Беларусі 10 такіх ракетных комплексаў. Пуцін зрабіў яму «заўвагу» з гэтай нагоды, бо Расея не абяцала такой колькасьці гэтай зброі, дадаў ён.
Улады Беларусі хутка будуюць вайсковую інфраструктуру ў Асіповічах — гэта бачна на спадарожнікавых здымках. Паводле экспэртаў у галіне абароны, менавіта тут можа знаходзіцца расейская ядзерная зброя, пра гэта раней пісала Свабода.
25 сакавіка 2023 году Ўладзімір Пуцін заявіў аб плянах Расеі разьмясьціць у суседняй Беларусі тактычную ядзерную зброю. Лукашэнка сьцьвярджаў, што на тэрыторыі Беларусі 10 сьнежня 2024 году была ядзерная зброя, але не прывёў ніякіх доказаў сваім словам.
- 28 траўня 2025 Міністэрства абароны Беларусі заявіла аб пераносе вучэньняў «Захад-2025» углыб краіны і скарачэньне колькасьці ўдзельнікаў удвая.
- У студзені у ведамстве паведамілі, што ў вучэньнях возьмуць удзел больш за 13 тысяч чалавек, і вучэньні «плянуюцца як адны з найбольш маштабных за мінулыя гады».
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
- На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі. У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
- 30 студзеня начальнік аб’яднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
- Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
Форум