Літоўскае войска мае намер у жніўні-верасьні падвысіць свой узровень гатоўнасьці ў адказ на беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025». Цягам двух месяцаў літоўскія вайскоўцы будуць актыўна праводзіць заняткі, салдаты ня змогуць пайсьці ў адпачынак. Пра гэта заявіў BNS камандуючы Ўзброеных сіл Літвы Раймундас Вайкшнарас.
Днямі міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў пра прынятае рашэньне зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх манэўраў «Захад-2025», а самі вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі.
Раймундас Вайкшнарас адрэагаваў на гэтую навіну:
«Знакі добрай волі гучаць вельмі паліткарэктна, але я ня ведаю, для чаго яны прызначаныя. Можа быць таму, што, здаецца, могуць быць дасягнутыя дамоўленасьці (пра спыненьне агню ці мір ва Ўкраіне- рэд), і тады ў Аляксандра Лукашэнкі пачнуць гарэць ногі, бо незразумела, што тут можа адбыцца. Верагодна, яму неабходна зьнізіць напружанасьць і разрадзіць абстаноўку», — сказаў ён.
На яго думку, перанос вучэньняў углыб тэрыторыі Беларусі зьніжае рызыку інцыдэнтаў, а памяншэньне колькасьці ўдзельнікаў вучэньняў паказвае на дээскаляцыю.
«У любым выпадку, мы пакуль назіраем за тым, што адбываецца, рыхтуемся, рыхтуемся „капіяваць“ іх вучэньні, выкарыстоўваючы прынцып люстэрка. Жнівень і верасень стануць для нас месяцамі павышанай гатоўнасьці, каб пазьбегнуць любой эскаляцыі, а ў выпадку правакацый мець магчымасьць своечасова адрэагаваць», — сказаў ён.
«Пастаянна будуць арганізаваныя вучэньні. Кожнае падразьдзяленьне пройдзе ўласную падрыхтоўку, а таксама будуць арганізаваныя вучэньні па прызыве рэзэрвістаў для запаўненьня структуры ваеннага часу. Не стопрацэнтная, але ўзровень гатоўнасьці падразьдзяленьняў, як па асабовым складзе, так і па навучаньні, будзе вышэйшы за звычайны», — дадаў Вайкшнарас.
- 28 траўня 2025 Міністэрства абароны Беларусі заявіла аб пераносе вучэньняў «Захад-2025» углыб краіны і скарачэньне колькасьці ўдзельнікаў удвая.
- У студзені у ведамстве паведамілі, што ў вучэньнях возьмуць удзел больш за 13 тысяч чалавек, і вучэньні «плянуюцца як адны з найбольш маштабных за мінулыя гады».
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
- На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі. У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
- 30 студзеня начальнік аб’яднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
- Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
Форум