Ніка Мэлія быў затрыманы па дарозе на запіс падкаста. Паводле прэс-службы партыі Ахалтэкінца, ён цяпер знаходзіцца ў цэнтры часовага ўтрыманьня, піша «Эхо Кавказа».
Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі заявіла, што затрыманьне было адміністрацыйным, а апазыцыянэра абвінавачваюць у парушэньні артыкула 173 Адміністрацыйнага кодэкса (абраза або іншыя прыніжальныя паводзіны ў адносінах да супрацоўніка праваахоўных органаў пры выкананьні службовых абавязкаў).
Адвакат Георгій Кандахішвілі назваў затрыманьне «абсалютна незразумелым»: паводле яго слоў, паліцыя запатрабавала зрушыць машыну з месца, а затым ужыла сілавыя мэтады затрыманьня Мэліі. Паводле слоў паплечніка палітыка Нікі Гвараміі, Мэлія «фактычна быў выкрадзены».
Затрыманьне асудзіла «Плятформа супраціву» на чале з пятым прэзыдэнтам Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
«Тэрор у Грузіі — гэта чарговае незаконнае і ганебнае затрыманьне палітычнага лідэра пасьля выкраданьня апанэнта рэжыму ў трэцяй краіне (мова пра Георгія Бачыашвілі — РС). Кожны дзень „расейскі“ рэжым узмацняе рэпрэсіі, але не можа ўмацаваць сваю ўладу ці ўнутраны давер. Пратэст жывы і будзе працягвацца!» — напісала Зурабішвілі ў сетцы X.
Судовае пасяджэньне па справе аб няяўцы Мэліі на пасяджэньне парлямэнцкай камісіі было заплянавана на 29 траўня, але яго перанесьлі на 30-е. Чакаецца, што пракуратура будзе патрабаваць яго ўтрыманьня пад вартай за нявыплату закладу, устаноўленага за адмову зьявіцца на пасяджэньне парлямэнцкай камісіі, арганізаванае кіроўнай «Грузінскай марай». Мэлія заявіў, што не мае намеру прысутнічаць на пасяджэньні.
Па гэтым артыкуле ўжо затрыманыя апазыцыйныя дзеячы Зураб Джапарыдзэ і Іраклій Акруашвілі.
Форум