Агляд ахоплівае падзеі ад 1 красавіка 2024 да 31 сакавіка 2025 году, перадае «Позірк».
У 2024 годзе праваабаронцы налічылі 669 пакаяльных відэа ад затрыманых людзей. Дакладчык называе гэта «формай жорсткага абыходжаньня», якая супярэчыць Міжнароднаму пакту грамадзянскіх і палітычных правоў.
Праз працяг палітычных рэпрэсій і поўнае задушэньне свабоды слова сёлетнія прэзыдэнцкія выбары нельга лічыць адпаведнымі праву, вынікае з дакладу.
Якія яшчэ тэмы асьвятляюцца ў дакладзе
- Жорсткае абыходжаньне ў месцах пазбаўленьня волі.
- Трансгранічныя рэпрэсіі ў форме завочных судовых працэсаў.
- Калектыўнае пакараньне сем’яў.
- Бестэрміновы працяг тэрміну пазбаўленьня волі для ўжо асуджаных.
- Абмежаваньне правоў зьняволеных па вызваленьні.
- Неправамернае прымяненьне для палітычных рэпрэсій законаў пра барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам.
- Рэпрэсіі да скаржнікаў у папраўчых установах і жорсткае абыходжаньне з асуджанымі.
- Затрыманьні і перашкоды ў працы журналістаў.
- Прымяненьне законаў у парадку зваротнага дзеяньня.
За год спэцдакладчык адправіў 9 паведамленьня ўладам Беларусі і атрымаў 8 адказаў.
Спэцыяльны дакладчык адзначыў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца надзвычай трывожнай, прычым рэпрэсіі скіраваныя супраць людзей як у краіне, так і за мяжой.
Беларусь «працягвае жыць у змроку рэпрэсій» пасьля 2020 году, прыходзіць да высновы аўтар дакладу.
Хто такі Нілс Муйжніекс
11 кастрычніка 2024 году ў Жэнэве на паседжаньні 57-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН на пасаду спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс, экспэрт у сфэры абароны правоў чалавека з 25-гадовым досьведам.
Раней Муйжніекс займаў пасаду камісара ў пытаньнях правоў чалавека ў Радзе Эўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Эўропе і супрацоўнічаў зь беларускімі праваабаронцамі.
Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 году ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латыскіх эмігрантаў. Доктар паліталёгіі (Каліфарнійскі ўнівэрсытэт), атрымаў таксама ступень магістра мастацтваў у Прынстанскім унівэрсытэце.
Быў праграмным дырэктарам у Фондзе Сораса ў Латвіі, дырэктарам Латвійскага фонду правоў чалавека, міністрам сацыяльнай інтэграцыі барацьбы з дыскрымінацыяй і правоў меншасьцяў у Латвіі. Працаваў на Радыё Свабода.
Быў старшынём Эўрапейскай камісіі супраць расізму і нецярпімасьці, дакладчыкам камісіі па сытуацыі ў Польшчы, Нідэрляндах і Славаччыне.
У 2012–2018 гадах быў камісарам Рады Эўропы ў правах чалавека. З чэрвеня 2020 году працаваў рэгіянальным дырэктарам міжнароднай арганізацыі Amnesty International па Эўропе.
Родныя мовы — латыская і ангельская, свабодна валодае расейскай і францускай.
Мандат дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі
Спэцыяльны дакладчык ААН праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі, рэгулярна рыхтуе рэкамэндацыі для паляпшэньня становішча. Ён таксама сочыць за выкананьнем міжнародных абавязаньняў Рэспублікі Беларусь у сфэры шанаваньня і захаваньня правоў чалавека.
- Мандат спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод падаўжаецца (апошні раз у кастрычніку 2024 году).
- Зь лістапада 2018 году пасаду займала францужанка Анаіс Марэн, яна пакінула яе 1 лістапада 2024 году. Ейны апошні на пасадзе даклад «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» быў разгледжаны на 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку таго ж году.
- Спэцыяльны дакладчык працуе на грамадзкіх асновах. Улады Беларусі не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць зь ім.
Форум