«ЭЗ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і іх поўнай рэабілітацыі. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — напісала Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў у сацсетцы X.
Дыпляматычны орган ЭЗ выказаў салідарнасьць з амаль 1200 беларусамі, якія застаюцца за кратамі за абарону ці рэалізацыю сваіх правоў чалавека, якія ўтрымліваюцца ў бесчалавечных і прыніжальных умовах, шмат хто з іх у поўнай ізаляцыі.
«У Дзень салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі Беларусі, стала вядома пра тое, што ў зьняволеньні памёр Валянцін Штэрмер. З 2020 года ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі памерлі не менш як 8 палітычных зьняволеных. Мы памятаем пра іх і заклікаем неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве дыпляматычнай місіі Эўразьвязу ў Менску.
«Мы заклікаем Эўрапейскі Зьвяз і яго чальцоў увесьці мэтавыя санкцыі ў дачыненьні ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у перасьледзе, вынясеньні прысудаў і жорсткім абыходжаньні з палітычнымі зьняволенымі, што прывяло ў тым ліку да сьмерці. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — заявілі дэпутаты Эўрапарлямэнту.
Дэпутаты заклікалі ўвесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да арганізатараў і ўдзельнікаў рэпрэсій у Беларусі
Адвольныя арышты і палітычна матываваныя затрыманьні сталі «ключавымі інструмэнтамі рэжыму Лукашэнкі ў падаўленьні іншадумства», гаворыцца ў заяве старшыні камітэта па замежных справах Эўрапарлямэнта Дэвіда Макалістэра, старшыні Бюро дэлегацыі ЭП па сувязях з Беларусьсю Малгажаты Гасеўскай, а таксама яе намесьнікаў Томаша Тобэ і Міхала Кабоска.
Іх заява таксама апублікаваная 21 траўня з нагоды Дня салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі.
«Тысячы беларусаў былі прыцягнутыя да адказнасьці паводле сфабрыкаваных палітычных абвінавачваньняў і падвергнутыя рэпрэсіўным умовам утрыманыя пад вартай, закліканым зьняважыць і зламаць іх дух», — адзначаюць аўтары.
Сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, якія зьдзяйсьняюцца рэжымам Лукашэнкі, — некаторыя з якіх могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасьці, — «не павінны застацца беспакаранымі», падкрэсьліваюць эўрадэпутаты.
«Мы заклікаем Эўрапейскі зьвяз і яго дзяржавы — члены ўвесьці мэтавыя санкцыі супраць усіх, хто ўдзельнічаў у перасьледзе, вынясеньні выракаў і жорсткім абыходжаньні з палітычнымі зьняволенымі, уключаючы іх сьмерць. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — гаворыцца ў заяве.
«Саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны яшчэ раз падкрэсьлівае настойлівую неабходнасьць прыцягненьня вінаватых да адказнасьці», — заяўляюць прадстаўнікі ЭП.
У гэтым кантэксьце яны «вітаюць» стварэньне трыбунала па злачынству агрэсіі супраць Украіны:
«Справядлівасьць павінна перамагчы, і вінаватыя ў злачынствах супраць украінскага народа, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, павінны паўстаць перад судом».
Міжнародны дзень салідарнасьці з беларускімі палітычнымі зьняволенымі заснаваны праваабарончым рухам і адзначаецца 21 траўня. Менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калёніі № 17 (Магілёўская вобласьць) пры загадкавых абставінах. Акцыі з нагоды гэтага дня праходзяць цягам усяго тыдня ў розных краінах.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года крымінальнаму перасьледу паводле палітычных матываў падвергнулася больш за 7 тысяч чалавек.
Згодна зь інфармацыяй праваабарончага цэнтру «Вясна», на 22 траўня ў Беларусі было 1189 палітвязьняў. Усяго за пяць гадоў такі статус атрымалі 3940 асуджаных.
Форум