Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 траўня: Стрыечнаму брату Паўла Латушкі дадалі яшчэ паўгода зьняволеньня

абноўлена

Анатоль Латушка, архіўнае фота
Анатоль Латушка, архіўнае фота

Адбываецца тое, пра што папярэджвалі экспэрты раней. Карыстаючыся артыкулам Крымінальнага кодэксу за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі», улады не выпускаюць з турмаў шэраг палітвязьняў, дадаючы ім турэмныя тэрміны.

Палітзьняволенага Анатоля Латушку асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі), паведаміла «Вясна». Яму прызначылі яшчэ паўгода пазбаўленьня волі ў дадатак да шасьці гадоў калёніі.

Пра гэта апавёў на IV Канфэрэнцыі беларусаў і беларусак сьвету стрыечны брат палітвязьня — палітык Павал Латушка.

Раней Анатолю ўжо ўзмацнялі пакараньне: год таму яго перавялі на турэмны рэжым у Горадню. Верагодна, там супраць яго і ўсчалі новую крымінальную справу.

Анатоль — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. У судзе Цэнтральнага раёну Менску 20 верасьня 2022 году Анатолю прызначылі шэсьць гадоў калёніі, Алене Маліноўскай — чатыры гады калёніі, Ліліі Ананян — пяць гадоў «хатняй хіміі». Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічыняў і пастанавілі кампэнсаваць шкоду пацярпелым.

Фігурантаў справы затрымалі 31 студзеня 2022 году за маляваньне праз трафарэт на паштовых скрынях у падʼездах герба «Пагоня».

Вядома, што пасьля затрыманьня Анатоля моцна зьбівалі. Падчас суду, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасьці прымяненьня фізычнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУСа Мінска.

Спачатку Латушка адбываў тэрмін у наваполацкай калёніі № 1, але пазьней яго перавялі ў шклоўскую калёнію № 17. Там на яго аказваўся ціск, па выніку якога яму ўзмацнілі пакараньне. Па рашэньні судзьдзі Аляксандра Тараканава палітвязьня перавялі на турэмны рэжым. Дакладнай інфармацыі пра новы суд няма.

Новы прысуд анархісту Раманаву

Сяргей Раманаў
Сяргей Раманаў

Анархісту Сяргею Раманаву далі 1,5 года за «непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы». Гэта ўжо трэці прысуд палітвязьню паводле такога абвінавачваньня. Агульны тэрмін, прызначаны мужчыну, дасягнуў 24 гадоў 5 месяцаў.

Сяргея Раманава затрымалі ў кастрычніку 2020 году разам з трыма паплечнікамі-анархістамі Ігарам Аліневічам, Дзьмітрыем Дубоўскім і Дзьмітрыем Рэзановічам. Іх абвінавацілі ў тэрарызьме і незаконным абарачэньні зброі. Раманаву прысудзілі 22 гады і 11 месяцаў.

Цяпер Раманаву дадалі яшчэ 1,5 года паводле абвінавачваньня ў «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы», паведаміў канал «АЧК-Беларусь». Надоечы Раманава перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу і забаранілі яму маляваць. Малюнкі, што ён высылаў у лістах, турэмная цэнзура не прапускае.

Прысуд за «распальваньне варожасьці»

Выданьне «Наша ніва» паведаміла пра справу супраць 33-гадовай Марыны Луц, яе асудзілі за «распальваньне варожасьці». Журналісты адзначаюць, што звычайна гэты артыкул ужываюць, каб пакараць за камэнтары ў сацсетках.

У «пераліку экстрэмістаў» пазначана, што жанчына «адбывае пакараньне». З гэтага вынікае, што яна атрымала альбо «хімію» з накіраваньнем, альбо калёнію.

На свае старонкі ў апошні раз Луц заходзіла ў сярэдзіне кастрычніка летась, а ў тэлеграме пазначана, што была онлайн «вельмі даўно». Гэта можа сьведчыць, што яна ўсё ж у калёніі.

Да канца 2022 году Марына Луц мела ўласны бізнэс, займалася арганізацыяў вясельляў і іншых імпрэзаў. У 2023-м перакваліфікавалася ў UX/UI-дызайнэра. Працавала збольшага на фрылансе. На волі яе чакае малы сын.

Затрыманьне ў час прысягі

Як стала вядома «Вясьне», у час прыняцьця прысягі ў вайсковай частцы 39872, якая базуецца ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы, раніцай 24 траўня быў затрыманы наведнік. Ён быў апрануты ў цывільнае, яму было 25-28 гадоў.

Прычына затрыманьня невядомая.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG