Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарку пецярбурскай кнігарні будуць судзіць за продаж кнігі беларускага палітвязьня


Кнігу Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» купіў у пецярбурскай кнігарні «Подписные издания» яшчэ 27 сьнежня «адзін грамадзянін», паведаміла ў сваім тэлеграм-канале кіраўніца прэс-службы судоў Санкт-Пецярбурга Дар’я Лебедзева. Гэта, паводле расейскай юстыцыі, і стала складам злачынства.

Кнігу выдала замежная некамэрцыйная арганізацыя ABCF (Фэдэрацыя анархісцкага чорнага крыжа), якая ў Расеі прызнаная непажаданай.

За продаж гэтай кнігі на дырэктарку кнігарні Алену Арлову склалі адміністрацыйны пратакол як за ўдзел у дзейнасьці у такой арганізацыі (арт. 20.33 КоАП РФ).

У 2013 годзе Беларускі ПЭН і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію за творы, напісаныя ў зьняволеньні, і прысьвяцілі яе драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), чыя кніга «Ў капцюрох ГПУ» адной зь першых расказала сьвету пра савецкі ГУЛАГ.

Першую прэмію Францішка Аляхновіча атрымаў менавіта Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан».

У 2016 годзе Аліневіч стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасьць». Штогадовая нацыянальная прэмія ў абароне правоў чалавека была заснаваная «Хартыяй’97» у 1998 годзе.

Ігар Аліневіч, архіўнае фота
Ігар Аліневіч, архіўнае фота

Ігару Аліневічу 41 год.

У кастрычніку 2020-га яго затрымалі і пазьней асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • 295 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»),
  • 289 («Акт тэрарызму»),
  • 333-1 («Незаконнае перамяшчэньне празь мяжу атрутных рэчываў, радыяактыўных матэрыялаў, узбраеньня, вайсковай тэхнікі»).

Амаль адразу пасьля прысуду яго пакаралі пераводам з калёніі на больж жорсткі рэжым утрыманьня ў жодзінскай турме.

Паводле нешматлікай інфармацыі, якая даходзіць з-за кратаў, Ігара ня раз каралі штрафным ізалятарам і на нейкі час вывозілі ў турэмны шпіталь у Калядзічах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG