25-гадоваму анархісту Мікіту Емяльянаву, які адбывае пакараньне ў калёніі, дадалі яшчэ адзін год зьняволеньня. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».
У лютым судзьдзя Кірыл Ефімовіч прызначыў хлопцу яшчэ год пазбаўленьня волі, піша «Вясна».
Новае абвінавачаньне вынесьлі паводле артыкулу 411 КК — «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Мікіта абскардзіў прысуд, апэляцыйны разгляд заплянаваны на красавік. Паводле інфармацыі каналу, Емяльянаў меў выйсьці на волю ўжо сёлета.
Мікіту Емяльянава затрымалі восеньню 2019 году. У 2020 годзе яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі паводле некалькіх артыкулаў: наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці (арт. 218 КК), апаганьваньне будынкаў і збудаваньняў (арт. 341 КК), а таксама незаконныя дзеяньні ў дачыненьні зброі і выбуховых рэчываў (арт. 295 КК).
Пазьней апэляцыйны суд скараціў тэрмін да 4 гадоў, але ў час зьняволеньня яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым. Таксама суд двойчы дадаваў яму па году калёніі паводле ўсё таго ж артыкулу 411 КК за непадпарадкаваньне адміністрацыі.
Увесь час на Емяльянава за кратамі ціснуць, паведамляюць праваабаронцы.
Форум