Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная асамблея Францыі вынесла вотум недаверу ўраду


Франсуа Байру.
Франсуа Байру.

Ніжняя палата парлямэнту Францыі — Нацыянальная асамблея — вынесла вотум недаверу ўраду Франсуа Байру. Цяпер прэм’ер павінен падаць у адстаўку.

За недавер кабінэту прагаласавалі 364 дэпутаты, падтрымалі Байру толькі 194.

74-гадовы цэнтрыст Байру стаў прэм’ерам толькі дзевяць месяцаў таму. Тады ён заручыўся падтрымкай парлямэнту. Аднак на гэты раз і левая, і правая апазыцыя выступілі за адстаўку кабінэту. У прыхільнікаў прэзыдэнта Эманюэля Макрона ў парлямэнце няма большасьці, і незразумела, ці зможа ён прадставіць кандыдата ў прэм’еры, які б знайшоў падтрымку ў парлямэнце.

Асноўнай прычынай падзеньня ўраду Байру камэнтатары называюць стан дзяржаўных фінансаў. Байру спрабаваў правесьці праз парлямэнт бюджэт, які прадугледжвае зьніжэньне бюджэтнага дэфіцыту за кошт мераў эканоміі. Гэта, аднак, не падтрымалі ні левыя, ні правыя папулісты.

Сацыялісты заявілі, што гатовыя ўзяць на сябе кіраўніцтва ўрадам, калі Макрон даверыць пасаду прэм’ера іх кандыдату. Аб’яднаныя левыя атрымалі перамогу на апошніх выбарах, адціснуўшы вельмі правае «Нацыянальнае аб’яднаньне». Аднак Макрон ужо двойчы не даверыў прадстаўнікам левых сфарміраваць кабінэт.

«Нацыянальнае аб’яднаньне» і вельмі левая «Францыя, якая не скарылася» патрабуюць роспуску парлямэнту і прызначэньня новых выбараў. Камэнтатары не выключаюць, што ў рэшце рэшт Макрон пойдзе на гэты крок. Пры гэтым папярэднія выбары адбыліся ўсяго год зь невялікім таму і таксама былі датэрміновымі.

У Элізэйскім палацы паведамілі, што Макрон «найбліжэйшымі днямі» прызначыць новага прэм’ер-міністра, якому таксама неабходна будзе заручыцца падтрымкай парлямэнту для фармаваньня ўраду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG