У чэрвені сёлета адбудзецца штогадовая канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) з адмысловай сэсіяй аб Беларусі. Удзельнікі арганізацыі разгледзяць, якія захады яны прынялі ці могуць прыняць да ўладаў Беларусі, каб абараніць правы працоўных і прафсаюзаў.
«Прадстаўнікі ўрадаў і арганізацый працадаўцаў на Канфэрэнцыі МАП павінны і далей надаваць пільную ўвагу рэпрэсіям ураду супраць беларускага бізнэсу, працадаўцаў і працаўнікоў. Свабода аб’яднаньняў ёсьць адным з асноўных прынцыпаў МАП, а свабода выказваньня думак ідзе поплеч зь ёю; і тое, і другое зьнішчаецца ў Беларусі», — заявіў Г’ю Ўільямсан, дырэктар для Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Human Rights Watch.
У заяве арганізацыі прыводзяцца факты рэпрэсіяў супраць беларускага бізнэсу, працадаўцаў і рабочых. Гэта перасьлед за спробу арганізацыі страйку ў кастрычніку 2020 году, гісторыі Андрэя Смаляка, кіраўніка апэратара рэклямных экранаў, на якіх быў паказаны зварот Сьвятланы Ціханоўскай, IT-бізнэсмэна Мікалая Мурзенкава, які запісаў зварот да кіраўніцтва Парку высокіх тэхналёгіяў у 2020 годзе і пацярпеў ад перасьледу. Human Rights Watch зьвяртае ўвагу на захады ўладаў супраць мэдычных цэнтраў, Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) і іншых.
Смаляк, у прыватнасьці, расказаў, што калі ён быў у асабістай паездцы ў Польшчы, то вырашыў не вяртацца ў Беларусь празь небясьпеку перасьледу. У інтэрвію Смаляк заявіў, што каля дзесяці яго супрацоўнікаў былі асуджаныя на кароткатэрміновае пазбаўленьне волі. Некаторых білі супрацоўнікі праваахоўных органаў, аднаго асудзілі на тры гады хатняга арышту, бо знайшлі ў яго тэлефоне фатаграфіі з пратэстаў. Смаляк таксама сказаў, што ўлады загадалі іншым прадпрыемствам, якія прадаюць падобнае праграмнае забесьпячэньне ў Беларусі, прыпыніць свае паслугі.
Многія прадпрымальнікі закрылі свой бізнэс у Беларусі і пераехалі за мяжу ў выніку ціску ўраду, заявіла Human Rights Watch.
Вясной 2022 году, як паведамляецца ў прэсавым рэлізе, за тое, што ў жніўні 2020 году лекары аказвалі мэдычную дапамогу пацярпелым пратэстоўцам, улады анулявалі ліцэнзіі некалькіх мэдычных цэнтраў, прымусіўшы іх закрыцца.
«Канфэрэнцыя МАП павінна захоўваць пільную ўвагу да Беларусі і падтрымаць права беларускіх працоўных і прадпрымальнікаў працаваць ва ўмовах, свабодных ад перасьледу з боку ўраду», — сказаў Ўільямсан.
Форум