Пра гэта паведаміла прэс-служба Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA). Там адзначылі, што «знаходзяцца ў кантакце» з футбольнымі фэдэрацыямі Латвіі і Літвы, якія прымаюць чэмпіянат, «у гэтым пытаньні».
Раней Літва і Латвія патрабавалі забароны ўдзелу Беларусі ў чэмпіянаце Эўропы ў футзале (міні-футболе), які адбудзецца ў гэтых краінах на пачатку 2026 году.
Прэзыдэнт Літоўскай футбольнай фэдэрацыі Эдгарас Станкявічус катэгарычна выказаўся супраць удзелу зборнай Беларусі ў Эўра-2026:
«Тое, што мы ня будзем зь імі гуляць, і іх ня будзе тут, у Літве, гэта зразумела. Мая пазыцыя ў гэтым выпадку будзе жорсткай. У нас ёсьць толькі настойлівая рэкамэндацыя, што не рэкамэндуецца гуляць зь беларусамі. З нашага боку патрэбны юрыдычны дакумэнт, які забараняе прадстаўнікам гэтай краіны ўяжджаць у Літву, нават ў іх будуць візы. А візы ў іх будуць, бо яны іх атрымалі ў іншых краінах», — адзначыў ён.
Прэзыдэнт Фэдэрацыі футболу Латвіі Вадзім Ляшэнка ў сваю чаргу заявіў, што фэдэрацыя «актыўна займаецца пытаньнем удзелу Беларусі ў чэмпіянаце і для дасягненьня найлепшага рашэньня супрацоўнічае з прадстаўнікамі UEFA, Літоўскай фэдэрацыі футболу, а таксама амбасадарам Украіны ў Латвіі і прэзыдэнтам Украінскай асацыяцыі футболу Андрэем Шаўчэнкам».
«Мы ведаем, што ня можам арганізаваць спаборніцтвы ў Латвіі з удзелам Беларусі. Мы ня можам зрабіць гэтага як зь юрыдычнага, так і з этычнага гледзішча», — заявіў прэзыдэнт Літоўскай фэдэрацыі футболу Эдгарас Станкявічус 17 красавіка.
Чэмпіянат Эўропы ў футзале ў 2026 годзе пройдзе з 18 студзеня па 8 лютага ў Рызе і Коўне. Зборная Беларусі стала пераможцай адборачнага квартэту з камандамі Італіі, Фінляндыі і Мальты.
Беларусы другі раз кваліфікаваліся на чэмпіянат Эўропы, у 2010 годзе каманда не змагла выйсьці з групы ў фінальнай частцы турніру. Акрамя краін-гаспадароў і Беларусі, на турнір таксама прайшлі адбор Украіна, Польшча, Партугалія, Чэхія, Славенія, Армэнія, Харватыя.
- 28 лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Ўкраіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю прынялі да выкананьня неадкладна і масава, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя для Беларусі і РФ за вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь яго пашпарт».
- 28 сакавіка 2023 году МАК рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям відаў спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе, калі яны не зьвязаныя з арміяй або сілавымі структурамі і адкрыта не падтрымлівалі вайну супраць Украіны. Дазвол на ўдзел павінны даваць спартовыя фэдэрацыі.
- З аналягічнымі ўмовамі МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нэўтральным статусе. У лыжных відах спорту і біятлёне расейцаў і беларусаў да спаборніцтваў не дапусьцілі. На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.
Форум