Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні Reuters і брытанскай дасьледчай арганізацыі Open Source Centre (OSC).
OSC адсачыла 64 рэйсы, зробленыя зь верасьня 2023 года па сакавік 2025 года чатырма расейскімі кантэйнэравозамі: «Ангара», «Мария», «Майя-1» и «Леди Р». Агулам яны, па падліках цэнтра, перавезьлі каля 15809 кантэйнэраў з артылерыйскімі і мінамётнымі снарадамі.
Кантэйнэры на грузавых судах дастаўлялі з порта Раджын у КНДР у расейскія парты Ўсходні і Дунай, а затым па чыгунцы — на склады боепрыпасаў, у тым ліку на склад у Ціхарэцкім раёне Краснадарскага краю, па якім у верасьні 2024 года ўдарылі УСУ.
Па падліках OSC, у кантэйнэрах, якія судны перавезьлі з Паўночнай Карэі ў Расею, знаходзілася як мінімум ад 4 да 6 млн артылерыйскіх снарадаў. Гэта, як адзначаецца, зьяўляецца значным дадаткам да таго, што вырабляюць у Расеі. Паводле ацэнак заходніх і ўкраінскіх чыноўнікаў, у 2024 годзе ў Расеі вырабілі 2-2, 3 млн артылерыйскіх снарадаў, у будучыні гэты паказчык плянуецца давесьці да 4 млн.
Адзін з экспэртаў ва ўкраінскіх узброеных сілах паведаміў агенцтву, што доля боепрыпасаў КНДР, якія выкарыстоўваюцца расейскай арміяй на фронце, дасягае 70%. Адно з падразьдзяленьняў, якое дзейнічае на запароскім напрамку, летам 2024 давала справаздачу, што амаль 50% снарадаў, выкарыстаных для гаўбіц Д-20, былі з Паўночнай Карэі. Акрамя таго, усе 100% выкарыстаных імі 122-мм ракет таксама былі паўночнакарэйскімі.
«Без дапамогі КНДР абстрэлы ўкраінскіх абарончых пазыцый расейскім войскам скараціліся б удвая»,— заявілі ў Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны ў адказ на пытаньні журналістаў агенцтва.
Аўтары расьсьледаваньня дакладна ня ведаюць, колькі боепрыпасаў знаходзілася ў кантэйнэрах, дастаўленых у Расею. Яны адзначылі, што КНДР таксама пастаўляе расейскаму войску мінамётныя снарады, але яны не ўключылі іх у гэтую лічбу.
Ваенны аналітык Конрад Музыка кажа, што пастаўкі боепрыпасаў з Паўночнай Карэі дазволілі Расіі «захоўваць наступальную пазыцыю і пастаянны ціск на ўкраінскія сілы на працягу большай часткі 2024 года і аж да 2025 года».
«Паток зброі ў спалучэньні з паўночнакарэйскімі вайскоўцамі даў Расеі крытычную перавагу на полі бою», — адзначаюць аўтары расьсьледаваньня.
Форум