У Віцебскай вобласьці таксама даражэе праезд у грамадзкім транспарце, пра што сьведчыць рашэньне Віцебскага аблвыканкаму № 252, зарэгістраванае 11 красавіка на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.
Сам тэкст дакумэнту «Аб тарыфах на гарадзкія перавозкі пасажыраў і ручной паклажы ўсімі відамі транспарту ў рэгулярных зносінах» яшчэ не апублікаваны.
25 сакавіка стала вядома пра павышэньне на 10 капеек цаны на праезд у грамадзкім транспарце Менскай вобласьці, з 29 сакавіка на такую ж суму цану на праезд павысілі ў Магілёўскай вобласьці, з 4 красавіка — у Берасьцейскай і Горадзенскай вобласьцях. З 9 красавіка падаражэў праезд у грамадзкім транспарце ў Менску. Таксама падаражэлі праязныя білеты.
Пасьля павышэньня цана паездкі ў аўтобусах і тралейбусах звычайных маршрутаў Менскай, Магілёўскай, Берасьцейскай і Горадзенскай вобласьцяў складае 90 капеек, а на экспрэсных — 1 рубель. У звычайных гарадзкіх аўтобусах, тралейбусах і трамваях у Менску цяпер за праезд трэба будзе аддаць 95 капеек, у мэтро — 1 рубель за паездку.
Пакуль пра падаражэньне праезду не паведамлялі толькі ў Гомельскай вобласьці.
Форум