Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у Брусэлі, што ЗША далей патрабуюць абавязаньняў выдаткоўваць 5% ВУП на абарону ад усіх саюзьнікаў у NATO, піша Reuters.
«Мы хочам пайсьці адсюль з разуменьнем таго, што мы знаходзімся на рэалістычным шляху да таго, што кожны з чальцоў бярэ на сябе абавязаньне і выконвае абяцаньне дасягнуць выдаткаў у 5% ВУП. Гэта датычыць і ЗША», — сказаў Рубіё перад сустрэчай міністраў замежных спраў NATO ў Брусэлі.
Рубіё сказаў, што ЗША «як ніколі раней актыўныя» ў альянсе NATO. Ён падзякаваў за словы спачуваньня з нагоды сьмерці амэрыканскіх вайскоўцаў, якія загінулі падчас вучэньняў у Літве, і сказаў, што гэта зьяўляецца доказам прысутнасьці ЗША.
«Дзякуй за вашыя спачуваньні чатыром амэрыканцам, якія трагічна загінулі падчас важных вучэньняў. Мы ўшаноўваем іх, і гэта таксама нагадвае нам, што Злучаныя Штаты зьяўляюцца чальцом NATO. Злучаныя Штаты актыўныя ў NATO як ніколі. І частка гэтай гістэрыі і гіпэрбалізацыі, якую я бачу ў сусьветных СМІ і некаторых айчынных СМІ ў Злучаных Штатах наконт NATO, неапраўданая. Прэзыдэнт ЗША Трамп ясна даў зразумець што ён падтрымлівае NATO, мы зьбіраемся застацца ў NATO», — сказаў Рубіё.
Гэта першы візыт Рубіё ў штаб-кватэру NATO ў якасьці дзяржаўнага сакратара ЗША.
Рубіё дадаў, што прэзыдэнт ЗША «ня супраць NATO», ён супраць NATO, якое ня мае магчымасьцяў, неабходных для выкананьня абавязаньняў, якія дамова накладвае на кожную краіну-ўдзельніцу.
Рубіё таксама настойваў на тым, што «ніхто не чакае», што чальцы змогуць дасягнуць падвышаных паказьнікаў абароназдольнасьці краіны праз год-два, але «шлях павінен быць рэальным».
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ перад сустрэчай міністраў замежных справаў альянсу ў Брусэлі таксама запэўніў, што ЗША ня маюць намеру хутка скарачаць сваю прысутнасьць у Эўропе.
«Яны не плянуюць раптоўна скараціць сваю прысутнасьць тут, у Эўропе», — сказаў Рутэ.
3-4 красавіка ў Брусэлі міністры замежных справаў NATO абмяркоўваюць калектыўную абарону. Па словах генэральнага сакратара Марка Рутэ, ключавым пытаньнем парадку дня зьяўляецца павелічэньне інвэстыцый у абарону.
У сустрэчы бяруць удзел дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга і прадстаўніца Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Кая Калас.
Чакаецца, што міністар замежных спраў Украіны Сыбіга дасьць абноўленую інфармацыю аб сытуацыі на полі бою ва Ўкраіне. У той час як сяброўства Ўкраіны ў NATO на гэты момант не разглядаецца, большасьць эўрапейскіх саюзьнікаў хочуць прынамсі атрымаць запэўненьні, што надалей ва Ўкраіну будзе паступаць амэрыканская зброя і будзе дзейнічаць навучальная місія NATO для ўкраінскіх салдатаў.
Форум