«Ён ніяк не зьвязаны і ня можа быць зьвязаны з падзеямі на палігоне ў Падбродзьдзі», — заявілі ў літоўскай Службе аховы дзяржаўнай мяжы, паведамляе LRT.
У паведамленьні ведамства гаворыцца, што, паводле яго зьвестак, гэты чалавек апошнія некалькі тыдняў знаходзіўся ў Літве на законных падставах.
Супрацоўнікі літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы сустрэліся і размаўлялі зь ім 26 сакавіка на мяжы з Расеяй, на чыгуначнай станцыі Кібартай, а 27 і 30 сакавіка — ужо на мяжы зь Беларусьсю, у раёне чыгуначнай станцыі Кена.
Тым часам Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 1 красавіка апублікаваў падрабязнасьці справы грамадзяніна ЗША, якога затрымалі за незаконнае перасячэньне мяжы. Паводле ведамства, вызначана, што мужчына 24 сакавіка двойчы спрабаваў уехаць на тэрыторыю Беларусі: раніцай праз пункт пропуску Каменны Лог (Меднікі зь літоўскага боку мяжы), а ўвечары таго ж дня — праз памежны пераход Беняконі (Салечнікі).
Падчас памежнага кантролю ён ня змог пацьвердзіць наяўнасьць сродкаў, неабходных для пакрыцьця выдаткаў на яго знаходжаньне ў Беларусі і выезду з краіны, таму яму адмовілі ва ўезьдзе, паведамілі ў Памежным камітэце.
Пасьля прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за незаконнае перасячэньне мяжы амэрыканца дэпартуюць на тэрыторыю Літвы, удакладнілі ў ведамстве.
- У аўторак, 25 сакавіка, а 16:45 паступіла паведамленьне аб зьнікненьні бязь вестак падчас вучэньняў вайскоўцаў ЗША і тракавага транспартнага сродку на палігоне імя генэрала Сільвестраса Жукаўскаса ў Падбродзьдзі. У сераду літоўская армія паведаміла, што вызначана імавернае месца інцыдэнту, праводзіцца пошукава-выратавальная апэрацыя.
- У сераду 26 сакавіка Ўзброеныя сілы ЗША пацьвердзілі, што знойдзена патанулая ў балоце тракавая машына M88 Hercules. Машыну ўдалося выцягнуць 31 сакавіка а 4:40 раніцы.
- 31 сакавіка стала вядома, што знайшлі целы трох амэрыканскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў Літве.
- Пошукі чацьвёртага вайскоўца працягваюцца.
- Літоўская пракуратура завяла справу па факце сьмерці амэрыканскіх вайскоўцаў на палігоне ў Літве.
- 31 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне за нелегальнае перасячэньне беларускай мяжы 27-гадовага грамадзяніна ЗША. Паводле ведамства, амэрыканца затрымалі на чыгуначнай станцыі Маладэчна ў Менскай вобласьці: ён ехаў зь Літвы «ў адным з парожніх вагонаў [таварнага] чыгуначнага цягніка».
Форум