Усьлед за топ-мэнэджарам Беларускай чыгункі затрымалі траіх яго падначаленых: начальніка службы перавозак БЧ, ягонага намесьніка — начальніка цэнтру кіраваньня перавозкамі і першага намесьніка начальніка цэнтру, паведаміла 1 красавіка прэс-служба МУС Беларусі. Паводле ведамства, іх «затрымалі з доказамі злачынства» яшчэ ў канцы 2024 году.
Паводле МУС, апэратыўнікі ГУБАЗіК разам з супрацоўнікамі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту выявілі, што яны цягам трох гадоў бралі хабар ад прадстаўнікоў камэрцыйных структураў «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў аб вылучэньні рухомага складу Беларускай чыгункі».
«Сума атрыманых узнагародаў налічвае дзясяткі тысяч рублёў», — гаворыцца ў паведамленьні МУС.
На затрыманых завялі шэсьць крымінальных справаў. Паводле якіх артыкулаў завялі справы, у МУС не ўдакладнілі, але паведамілі, што затрыманым пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Усіх траіх зьмясьцілі ў СІЗА.
«Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» яшчэ ў кастрычніку 2024 году паведамляла пра затрыманьне начальніка службы перавозак БЧ Віталя Панюшэнкі, ягонага намесьніка — начальніка цэнтру кіраваньня перавозкамі Фёдара Шулянкова і першага намесьніка начальніка цэнтру Аляксандра Іванова. «Супольнасьць» зьвязвала затрыманьні з карупцыйнай справай намесьніка начальніка БЧ Пятра Дулуба.
- У пачатку чэрвеня 2024 году пра затрыманьне за хабар былога першага намесьніка начальніка БЧ Пятра Дулуба расказала «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Паводле інфармацыі ініцыятывы, гэта адбылося 18 траўня, Дулуба затрымалі з доказамі злачынства, з выкарыстаньнем спэцыяльна пазначаных купюраў.
- 13 чэрвеня 2024 году МУС пацьвердзіла гэтую інфармацыю. У ведамстве расказалі, што апэратыўнікі выявілі «факты сыстэмнага хабарніцтва пры лабіяваньні інтарэсаў камэрцыйных структураў, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у сфэры перавозак грузаў». На Дулуба завялі крымінальную справу за хабар у асабліва буйным памеры (частка 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
- У сакавіку 2025 году ў інтэрвію дзяржаўным СМІ начальнік ГУБАЗіК МУС Беларусі Андрэй Ананенка расказаў, што адзін з найбуйнейшых хабараў 2024 году, выяўлены сілавікамі, перадалі першаму намесьніку начальніка Беларускай чыгункі: сума хабару склала 370 тысяч даляраў.
Форум