Пра гэта паведамляе ВВС.
Гэта першая справа супраць Дэпардзьё, якая дайшла да суду, хоць каля 20 жанчын абвінавацілі яго ў непрыстойных паводзінах. Калі Дэпардзьё прызнаюць вінаватым, яму пагражае пяць гадоў турмы і штраф у памеры да 75 тысячаў эўра.
У аўторак пазоўніца — мастачка-пастаноўшчыца Амелі К., якая выступала ў судзе пасьля Дэпардзьё, — заявіла, што актор дакранаўся да яе цела, заціснуўшы яе паміж сваіх ног падчас здымак фільма ў 2021 годзе. Паралельна з гэтым ён рабіў адкрытыя рэмаркі сэксуальнага характару.
Пры гэтым Дэпардзьё адмаўляе, што гэта было гвалтам, і кажа, што ўсе грубыя камэнтары, якія ён рабіў, былі зьвязаныя зь яго дрэнным настроем.
«Я схапіў яе за сьцёгны, каб не пасьлізнуцца, таму што я быў засмучаны празь яе, сьпякоту, гэта была пятніца, бліжэй да канца здымак, я вельмі стаміўся», — заявіў Дэпардзьё.
«Я не разумею, навошта мне лапаць жанчыну», — сказаў ён суду, дадаўшы, што ў той час у яго была такая лішняя вага, што некаторыя рэчы, у якіх яго абвінавачваюць — напрыклад, заціск Амелі К. паміж ног, — былі б проста немагчымыя.
- Зорка францускага кіно Дэпардзьё, якому зараз 76 гадоў, у апошнія гады сутыкаецца з ростам колькасьці абвінавачаньняў у сэксуальным гвалце.
- Судовы працэс над ім падзяліў францускіх актораў. Адны ўсталі на яго бок і, як чакаецца, выступяць на судзе, іншыя падтрымалі пазоўнікаў.
- У панядзелак ля будынку парыскага суду сабралася некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў, многія зь якіх трымалі плякаты ў падтрымку ахвяраў сэксуальнага гвалту і скандавалі фэмінісцкія лёзунгі.
- Дэпардзьё пасьлядоўна адмаўляў любыя правапарушэньні, у тым ліку ў адкрытым лісьце, апублікаваным у францускай газэце Le Figaro у 2023 годзе.
- «Зрабіць шкоду жанчыне было б усё роўна, што штурхнуць маю маці ў жывот», — напісаў тады актор.
Форум