Францускі актор Жэрар Дэпардзьё палка прысягаў у любові да Беларусі і яе кіраўніка, але не сьпяшаецца пускаць карані на выдзеленых яму 15 сотках на Менскім моры.
Вёска Лапаравічы ў Папярнянскім сельсавеце Менскага раёну зь нядаўняга часу стала адным з улюбёных прытулкаў заможных людзей са сталіцы: іх прыцягвае блізкасьць да Менску і пры гэтым адносная ізаляванасьць ад лішніх вачэй.
Ня так даўно тут стала на аднаго зорнага жыхара болей — пакуль толькі на паперы. Адразу на стагодзьдзе атрымаў у арэнду ўчастак пад забудову францускі актор Жэрар Дэпардзьё. Плата за «браніраваньне» сымбалічная — дзесьці 5 эўра на месяц. Але ў гэтым і падвох: жыць у такой нерухомасьці можна, а вось прадаць яе не атрымаецца. Хіба толькі ў парадку выключэньня і з дазволу кіраўніка краіны.
Зорны перасяленец
Некалі адзін з самых яскравых актораў усясьветнага кінэматографу, а цяпер апантаны вінароб і эпатажны вандроўнік за апошні час двойчы наведваўся ў Беларусь.
У свой першы прыезд летам 2015-га Дэпардзьё пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам: гасьцяваў у прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі «Азёрны» ў Астрашыцкім гарадку, разам яны касілі траву ды абмяркоўвалі праблемы сельскай гаспадаркі. Натхніўшыся тутэйшымі краявідамі, француз рытарычна прамовіў: «Як добра было б пажыць сярод мясцовых сялянаў!»
Пажаданьне высокага госьця ўспрынялі літаральна: асабістым распараджэньнем «добрага прэзыдэнта», як ахарактарызаваў Лукашэнку францускі актор, новаму сябру выдзелілі 15 сотак пад дом. Калі адміністрацыйныя працэдуры па афармленьні былі завершаныя, праз два гады Дэпардзьё зноў наведаў Беларусь, каб асабіста праінспэктаваць участак.
Надзел ад Папярнянскага сельсавету выдзелілі эксклюзіўны — у вёсцы Лапаравічы, пры самай вадзе ў ахоўнай зоне Менскага мора. Калі паглядзець зьверху, гэта добра ўмацаваная паўвыспа, доступ да якой з боку вёскі абмежаваны штучным каналам.
На першай лініі ўжо атабарыліся вядомыя асобы, пераважна спартоўцы. Біятляністы — Дарʼя Домрачава, яе калега па зборнай Сяргей Новікаў, іх настаўнік Адрыян Цыбульскі. Футбол прадстаўляюць вядомы трэнэр Віктар Ганчарэнка, экс-форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў, вэтэран гульні № 1 Аляксандар Глеб ды іншыя. Нездарма вуліцу назвалі Спартыўнай.
Лапаравіцкая зямля імкліва расьце ў цане, рынкавы кошт участку, аналягічнага дэпардзьёўскаму, рыэлтары ацэньваюць у 200–300 тысяч даляраў. Даражэйшая хіба толькі зямля ў Драздах, дзе на льготныя крэдыты пабудаваліся чыноўнікі найвышэйшага рангу, ды яшчэ за Нацыянальнай бібліятэкай.
Участак Жэрара Дэпардзьё месьціцца тут
Дэпардзьё рынкавыя ваганьні ня тычацца. Дамова арэнды падпісаная на 99 гадоў, гадавы ўнёсак — крыху больш за 50 эўра ў эквіваленце. Зьдзелка засьведчаная ў рэгістры кошту зямлі і зямельных надзелаў Нацыянальнага кадастравага агенцтва. Калі зыходзіць са схематычнага разьмяшчэньня абʼектаў на сайце ведамства, бліжэйшыя суседзі — Дарʼя Домрачава і яе муж Уле-Эйнар Бʼёрндален, а таксама мама алімпійскай чэмпіёнкі, якая будуецца побач. Карцінка на месцы цалкам гэтаму адпавядае.
Але вось ужо два гады Жэрар Дэпардзьё ў Беларусь не паказваецца і нейкай актыўнасьці на арандаваных сотках не назіраецца — хоць абазнаныя крыніцы і кажуць, што праект гатовы, трэба толькі адмашка.
Прафэсійны валацуга
Будаўнікі, занятыя на іншых VIP-абʼектах у Лапаравічах, ведаюць, на каго зарэзэрваваны ўчастак. Але кажуць, што на гэты момант няма ніякіх намёкаў на асваеньне тэрыторыі. І сапраўды, цяпер яна больш нагадвае зьдзічэлую сенажаць, хоць час ад часу сюды прыяжджаюць работнікі скасіць пустазельле.
Сталых жыхароў вёскі, якіх з кожным годам становіцца ўсё меней (ледзь ня кожная другая хата выстаўленая на продаж), патэнцыйнае суседзтва з зоркай кіно не цікавіць: дружна кажуць, што ад вёскі мала што засталося, бальшыня людзей новыя, кантактаў зь імі няма — паадгароджваліся платамі ды сыгналізацыямі. Адным болей ці меней — не прынцыпова.
У Папярнянскім сельсавеце не змаглі патлумачыць, ці маюць права ўлады скасаваць дамову, калі цягам трох гадоў ня будзе прынамсі закладзены падмурак. Маўляў, няма пра што гаварыць, калі гэты тэрмін яшчэ не мінуў.
Дзеля справядлівасьці, ня надта верыцца, што 70-гадовы Жэрар Дэпардзьё на стала асядзе ў Беларусі. Яшчэ сьвежы прыклад, як абяцаў прапісацца ў Берасьці легенда ўсясьветнага футболу, аргентынец Дыега Марадона — усяго аднаго наведваньня хапіла, каб прызнаць намер пасьпешлівым.
Тым больш што француз і без таго «грамадзянін сьвету». Каб пазьбегнуць падатку на раскошу, уведзенага былым кіраўніком Францыі Франсуа Аляндам, ён на нейкі час дэманстратыўна зьехаў у Бэльгію. У 2013 годзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб наданьні яму расейскага грамадзянства. Атрымаўшы пашпарт з двухгаловым арлом, «новы рускі» заявіў пра поўную падтрымку расейскага лідэра і гатовасьць «памерці за Расею».
Фармальна Дэпардзьё прапісаны ў Саранску, адміністрацыйным цэнтры Мардовіі. Мае нерухомасьць у Падмаскоўі і ў Грозным — прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў падарыў вандроўнаму актору двухузроўневую кватэру ў цэнтры гораду. Зрэшты, у Расею ён наведваецца гэтак жа рэдка, як і ў Беларусь.
А летась чарговым разам шакаваў заявай, што зьбіраецца пераехаць на сталае жыхарства ў Альжыр. Не пасьпелі мэдыі абсмактаць сэнсацыю, як зьявілася новая інфармацыя — маўляў, хоча абмеркаваць атрыманьне турэцкага грамадзянства з прэзыдэнтам Рэджэпам Эрдаганам. А днямі ў Ташкенце заявіў, што стаў амбасадарам турыстычнага брэнду Ўзбэкістану і цяпер будзе прасоўваць яго па ўсім сьвеце.
Праўда, калі зірнуць на мапу перамяшчэньня француза, больш за ўсё часу ён праводзіць у Італіі, дзе мае вінаграднікі. Дарэчы, у апошні прыезд у Беларусь Дэпардзьё наведаў Менскі завод вінаградных вінаў, дзе прадэгуставаў беларускае «ігрыстае». Урэшце дамовіліся выпускаць... гарэлку зь ягоным лягатыпам для расейскага рынку.
Напалеонаўскія пляны паступова дэвальваваліся разам з ужо разрэклямаванымі праектамі. Калісьці Лукашэнка паабяцаў выдзеліць 2 мільёны даляраў на ваенны сэрыял «Нармандыя — Нёман», які зьбіраліся здымаць сумеснымі намаганьнямі ў Беларусі, Расеі і Францыі. Дэпардзьё, пад якога грошы і выбіваліся, адводзілася галоўная роля. Аднак далей за размовы справа ня зрушылася.
Аматар рэжымаў
У Лукашэнкі асаблівая здольнасьць прыцягваць да сябе эпатажных асобаў. Раней у інтэрвію Свабодзе рэжысэр Юры Хашчавацкі казаў, што Жэрар Дэпардзьё, безумоўна, бліскучы актор, але «абсалютны дурань ва ўсім астатнім» — інакш захапленьне аўтарытарнымі рэжымамі патлумачыць цяжка.
Суразмоўца не сумняецца, што беларускі трып Дэпардзьё арганізавалі лабісты Лукашэнкі.
Сам жа француз сваю геапалітычную цікавасьць тлумачыў тым, што хацеў асабіста пазнаёміцца з чалавекам, які ад выбараў да выбараў набірае па 80% галасоў у сваю падтрымку. І выказаў погляд, што Беларусь даўно варта прыняць у эўрапейскую сямʼю.
Аказалася, што падобнае жаданьне заразнае. У той жа год пазнаёміцца з «моцным палітыкам» захацеў амэрыканскі актор і былы атлет Арнольд Шварцэнэгер. Ягоныя словы пераказвала Аляксандра Бурыкіна, беларуская рэкардсмэнка ў паўэрліфтынгу. На цырымонію ўзнагароджаньня яна надзела майку з выявай Лукашэнкі і такую ж падарыла Шварцэнэгеру, які быў ганаровым госьцем. Той сказаў, што захоплены беларускім лідэрам і зьбіраецца яго наведаць. Пакуль, праўда, не даехаў — адрозна ад галівудзкага калегі Стывэна Сыгала.
У 2016 годзе Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі прымалі зорку баевікоў у Астрашыцкім гарадку, частавалі морквай і кавунамі з «прэзыдэнцкіх градаў». Расчулены Сыгал падзяліўся сакрэтам, што мае карані ў Беларусі і хацеў бы скончыць дні на радзіме продкаў. Праўда, калі да гэтага гасьцяваў у Маскве — МЗС Расеі зрабіла яго спэцпасланьнікам па расейска-амэрыканскіх гуманітарных сувязях — сьцьвярджаў, што ў ягоных жылах цячэ расейская кроў. А яшчэ раней аналягічна выказваўся пра ўкраінскія гены.
Пакуль Сыгал думае, ці пераяжджаць бліжэй да Лукашэнкі, іншыя такой прапановай ужо скарысталіся. Напрыклад, зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў ня толькі атрымаў пэрсанальны прытулак, але перацягнуў сюды сямейнікаў, уключна з братамі і дзядзькамі. Бакіевы жывуць у «мажорных» кварталах Лябяжага і Раўбічаў.
Што да Жэрара Дэпардзьё, дык калі яго папрасілі ацаніць тры рэчы, якімі яго захапіла Беларусь, пачаў загінаць пальцы: добрае малако, смачнае мяса і прыгожыя жанчыны. «Усё, што трэба такому бычку, як я», — пажартаваў прафэсійны камэдыянт.