За асабісты гераізм, выяўлены ў змаганьні з расейскімі агрэсарамі за волю народаў Украіны і Беларусі, Ордэнам Жалезнага рыцара ўзнагароджаная беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава (пасьмяротна).
«Імя гэтай дзяўчыны, якая была цяжка параненая сілавікамі ў часе народнага пратэсту супраць узурпацыі ўлады Лукашэнкам у 2020 годзе, а потым ваявала на фронце і гераічна загінула, увойдзе ў гісторыю беларускай нацыі як сымбаль няскоранасьці і адданасьці ідэалам свабоды»,— піша Рада БНР.
Яшчэ чатыры асобы ўзнагароджаныя мэдалём Ордэну Пагоні. Сярод іх:
- Ксёндз Вячаслаў Барок. «У барацьбе дабра са злом ён застаўся на баку сваіх вернікаў, якія прагнулі свабоды. Ён быў адным з тых сьвятароў, якіх у 2020 кінулі за краты за грамадзянскую пазыцыю. Ён працягвае несьці Боскае слова да беларусаў у касьцёле сьв. Аляксандра ў Варшаве», піша Рада БНР.
- Тацяна Гацура-Яворская — стваральніца і кіраўніца рэабілітацыйнага Цэнтру «Ланка» (у Беларусі вядомага як «Зьвяно»), яна ўратавала жыцьці сотняў добраахвотнікаў, якія змагаюцца з расейскімі агрэсарамі ва Ўкраіне.
- Алег Грузьдзіловіч вызначаўся сваёй адданасьцю нацыянальнаму Адраджэньню яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Вэтэран незалежнай журналістыкі, ён застаўся верным прынцыпам свабоды слова і быў зьняволены за сваю прафэсійную дзейнасьць.
- Крысьціна Шыянок дапамагала эвакуацыі і лячэньню ў Чэскай Рэспубліцы параненых у выніку злачынных дзеяньняў лукашэнкаўскіх сілавікоў, а таксама пацярпелых ад рэпрэсій беларускіх мэдыкаў. Цяпер яна ўзначальвае Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе і імкнецца, каб тэма змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны, лёс палітычных вязьняў заставаліся пад увагай чэскіх палітыкаў.
Форум