Затрыманьні ў палітычных справах
Як піша Праваабарончы цэнтар Вясна, у краіне адбылося некалькі затрыманьняў у палітычных крымінальных справах.
Папярэдне праваабаронцы паведамляюць, што затрыманьні адбыліся ў «справе „Гаюна“». Аднак падрабязнасьці невядомыя, імёны затрыманых не разгалошваюцца.
«Беларускі Гаюн» — праект у Тэлеграме, чат-бот якога ўзламалі. Бот дапамагаў вызначаць лякалізацыю расейскай вайсковай тэхнікі і прылёты бесьпілётнікаў на тэрыторыю Беларусі.
Папаўненьне «экстрэмісцкага сьпісу»
У выніку рашэньня суду Ленінскага раёну Магілёву ад 20 сакавіка ў пералік уключылі афіцыйны сайт коміка Славы Камісаранкі (slavakomissarenko.com), а таксама Instagram і YouTube-каналы артыста.
Кніга «Выпадковы прэзыдэнт» суаўтарства забітага Паўла Шарамета прызнана «экстрэмісцкай». Аўтары кнігі — журналісты Сьвятлана Калінкіна і Павел Шарамет (забіты ў Кіеве ў 2016 годзе). Выйшла ў выдавецтве «Лімбус Прэс» у Санкт-Пецярбургу ў 2004 годзе і прысьвечана Лукашэнку.
Суд Браслаўскага раёну 20 сакавіка палічыў «экстрэмісцкай» інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «ХЗ. ХалезинЗнает».
У сьпісе цяпер і рэсурсы «Арт Сядзiба», у тым ліку старонкі праекту ў Soundcloud, Facebook, «Укантакце», YouTube.
Суполка ў «Аднаклясьніках» «Сэрца беларуса — мова беларуса!» уключаная ў пералік ажно двойчы: на рашэньне суду Баранавіцкага раёну і Баранавічаў ад 20 сакавіка і на рашэньне суду Астравецкага раёну ад 20 сакавіка.
Таксама ў пералік уключылі:
- старонкі ў Instagram «Бульбяная Баба», Polesie United, «Беларусы ў Варшаве», milafirefly (разам зь лягатыпам), oleg.razhkou, businessladies_abroad;
- суполкі і старонкі ў «Аднаклясьніках» «Типичный Слоним», «Несвиж», «По Пиццот», «Пинск: Блошиный рынок: Объявления», «Отделочные работы Барановичи и вся Беларусь»;
- Відэаролік, разьмешчаны на вэб-сэрвісе Youtube, з назвай «Беларусь vs „Русский мир“_ сопротивление хватке Кремля — Дмитрий Мицкевич»;
- Тэлеграм-групы пад назвай «Беларускія бежанцы Польшчы», «Білоруські ІТ-фахівці в Україні», «Беларусы Латвіі», «Группа активных кибер-партизан», «АЧК-ЧАТ», «BY_UA, бизнес, ФОП, ВНЖ и работа, банковские карты и прочее». Для ўсіх суполак у сьпіс таксама ўключаны «візуальны матэрыял (малюнкі, лягатыпы, лічбавыя вадзяныя знакі і т. п.) альбо тэкст зь іхнымі назвамі, зь якімі-небудзь надпісамі ці без выкарыстаньня надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сьцягі, транспаранты, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, налепкі, значкі і інш.), на лічбавых фота і відэамалюнках (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)»;
- старонкі ў Facebook «Волечка Народная», Alliance of Belarusian Business Ladies — ABBL;
- TikTok-акаўнт ancetosca;
- сайт і сацыяльныя сеткі бізнэс-прэміі Free Belarus Business Award;
- старонка ў Х Ernie Barbarash.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум