Абмяркоўваем найважнейшыя падзеі тыдня з украінскім экспэртам — палітолягам Георгіем Чыжовым і аглядальнікам Свабоды Юр’ем Дракахрустам.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты
«Дамаўляцца ад імя Ўкраіны Трамп ня меў паўнамоцтваў, вось гэтыя дамоўленасьці і не адбыліся»
— 21 сакавіка армія Расеі ўдарыла бесьпілётнікамі па Адэсе і Запарожжы. Ёсьць параненыя, у тым ліку дзеці. Агулам расейцы ў ноч на 21 сакавіка атакавалі Ўкраіну 214 дронамі. Расейскія атакі на ўкраінскую сацыяльную інфраструктуру не спыняюцца ні на дзень. Спадар Георгі, у кантэксьце гэтага як бы вы вызначылі, пра што дамовіліся і не дамовіліся прэзыдэнты ЗША і Расеі на гэтым тыдні?
Георгі Чыжоў: Хоць Уладзімір Пуцін і заявіў, што даў каманду вайскоўцам каманду спыніць абстрэл энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны, і мы чулі потым нават нейкія душашчыпальныя гісторыі, што расейскія вайскоўцы зьбівалі ўласныя бесьпілётнікі, каб яны не пашкодзілі Ўкраіне, але мы разумеем, што гэта ўсё лухта. Па-першае, дамоўленасьці паміж Украінай і Расеяй нават тэарэтычна не было. Таму не былі вызначаныя парамэтры, што ўваходзіць у пералік аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры, куды не павінны трапляць ракеты і бесьпілётнікі. Але мы бачым, што Расея зусім не турбуецца з гэтай нагоды і бʼе туды, куды хоча. Папярэднюю ноч вельмі сурʼёзны ўдар быў нанесены па горадзе Крапіўніцкім. У гэтую ноч пад ударамі апынуліся Адэса і Запарожжа... У любым выпадку дамаўляцца ад імя Ўкраіны Трамп ня меў паўнамоцтваў, вось гэтыя дамоўленасьці і не адбыліся. Пуцін толькі выказаў на словах гатоўнасьць спыніць удары па абʼектах энэргетычнай інфраструктуры. Пазьней Уладзімір Зяленскі сказаў, што ён, у прынцыпе, таксама гатовы, але трэба абмеркаваць, а што канкрэтна не абстрэльваем. Мы ня бачым пакуль ніякай рэакцыі з расейскага боку. Паглядзім. Можа, Масква чакае, пакуль на яе націсьне Вашынгтон, а Вашынгтон думае, а як ён можа націснуць на Маскву і ці варта?
«Кіеў верне Эўразьвяз за стол перамоваў, ужо фактычна вярнуў»
— Юры, як вы мяркуеце, у пытаньнях вайны і міру, чыя роля будзе вырашальнай як пасярэдніка ці як саюзьніка — ЗША ці Эўразьвязу?
Юры Дракахруст: Калі пасярэдніка ці пастаўніка добрых паслугаў, то зразумела, гэта Злучаныя Штаты, бо ЗША вядуць наўпроставы дыялёг. Вось мы абмяркоўваем другую тэлефонную размову прэзыдэнта Трампа з прэзыдэнтам Пуціным. Хай нават вынікаў, можа быць, і ня шмат, але размаўляюць яны, а эўрапейцы ніякага наўпроставага дыялёгу з Масквой не вядуць. Я хачу нагадаць, што на пачатку вайны і прэзыдэнт Макрон, і канцлер Шольц размаўлялі з Пуціным. Зараз такіх размоваў няма. Больш таго, можна прыгадаць нядаўнія заявы амэрыканскіх прадстаўнікоў, што Эўразьвязу за сталом перамоваў, прынамсі на гэтым этапе, проста ня месца. Дарэчы, такая абсалютна сюррэалістычная, я б сказаў, заява прагучала з вуснаў кітайскага прадстаўніка, які сказаў, што нельга так абыходзіцца амэрыканцам з Эўразьвязам, бо гэта ж вашыя саюзьнікі. Якія часы наступаюць? Кітайцы абараняюць права Эўразьвязу весьці перамовы, удзельнічаць у мірным працэсе. Амэрыканцы таксама прыгадвалі, што ёсьць некалькі опцыяў, па якім без эўрапейцаў дамовіцца будзе нельга. І гэта эўрапейскія санкцыі. Нават калі ўявіць сабе нейкае нейкі цуд, што Вашынгтон, Масква і Кіеў пра штосьці дамовіліся, то патрэбная згода ЭЗ на тое, каб зьняць ці мадыфікаваць санкцыі. Проста на загад Трампа Эўразьвяз гэтага ня можа зрабіць. Акрамя таго менавіта ў Эўразьвязе ляжаць расейскія актывы, 200 мільярдаў эўра... Але на гэтым этапе, гледзячы па ўсім, рэй вядуць Вашынгтон, Масква і Кіеў.
Георгі Чыжоў: Мы бачым, што ЗША ў асобе прэзыдэнта Трампа і яго найбліжэйшых паплечнікаў узялі на сябе ініцыятыву. Відавочна, яны не да канца разумелі, наколькі складаная праблема, за якую яны ўзяліся. Мы бачым, што гэтая ініцыятыва прабуксоўвае, тым ня менш яны ад яе не адмаўляюцца. Ды і ня могуць, мусіць, дазволіць сабе ад яе адмовіцца. І ў прынцыпе Ўкраіна з надзеяй глядзіць на гэтыя пасрэдніцкія намаганьні, хаця часам яны ствараюць нам новыя праблемы, але тым не менш, хто працуе без памылак. Што тычыцца Эўразьвяза, то тут адназначная пазыцыя Ўкраіны — яна бачыць сябе часткай Эўропы. Гэта даўно стала практычна нацыянальным кансэнсусам. Таму без ухваленьня сваіх эўрапейскіх хаўрусьнікаў ні на якія прынцыповыя дамоўленасьці Ўкраіна ня будзе ісьці. Гэта значыць Кіеў верне Эўразьвяз за стол перамоваў, ужо фактычна вярнуў.
— Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч паведаміў, што комплекс «Арэшнік» чакаецца ў Беларусі да канца году, а ў студзені сёлета Лукашэнка анансаваў яго дастаўку з Расеі «з дня на дзень». Юры, што стаіць за гэтымі заявамі, ці гэта рэальныя тэрміны, а не інфармацыйныя пагрозы?
Юры Дракахруст: Справа ў тым, што ў мінулым годзе было дэкляравана пра разьмяшчэньне «Арэшніка» у другой палове 25-га году. Тады пасьледавалі тлумачэньні пра тое, што гэта ў пэўным сэнсе адказ NATO. У 2024-м годзе на саміце NATO было прынятае рашэньне, што ажно ў 26-м годзе ў Эўропе будуць разьмешчаныя амэрыканскія ракеты сярэдняй далёкасьці. І вось гэтае разьмяшчэньне «Арэшніка» было такім гіпатэтычным адказам, што вось у нас ёсьць такі плян, і калі NATO, Злучаныя Штаты адмовяцца ад гэтага свайго праекта, то і Беларусь, і Расея, (дакладней Расея, тут ясна ж, хто прымае рашэньне), адмовіцца ад плянаў разьмясьціць «Арэшнік». Ці адмовяцца Злучаныя Штаты? Можа быць, таму што гэта ў сьвятле агульных падыходаў Дональда Трампа, што як бы паменш бы нас было ў Эўропе, паменш нашай ваеннай прысутнасьці, можа мы нават войскі адтуль выведзем, можа мы нават не ўсім будзем дапамагаць, калі хтосьці там кепска плаціць. Пры такіх падыходах плян разьмясьціць ажно ў 26-м годзе ракеты сярэдняй далёкасьці можна проста скасаваць. Тады хутчэй за ўсё Расея ня будзе разьмяшчаць «Арэшнік».
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум