Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі паведаміў аб перамовах з ЗША ў Саудаўскай Арабіі 24 сакавіка

Прэзыдэнт Украіны з прэм'ер-міністрам Нарвэгіі падчас візыту ў Осла.
Прэзыдэнт Украіны з прэм'ер-міністрам Нарвэгіі падчас візыту ў Осла.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі анансаваў на 24 сакавіка перамовы ўкраінскай і амэрыканскай дэлегацый у Саудаўскай Арабіі. Зяленскі сказаў пра гэта ў чацьвер, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Осла ў рамках візыту ў Нарвэгію.

Як сказаў Зяленскі, словы якога прыводзіць «Інтэрфакс-Украіна», маючая адбыцца сустрэча пройдзе з удзелам «тэхнічных каманд». Украінскі прэзыдэнт, кажучы аб маючых адбыцца кантактах, згадаў сваю размову ў сераду з кіраўніком Белага дому Дональдам Трампам.

«З таго, аб чым мы гаварылі з прэзыдэнтам Трампам, зьмест наступны: спыненьне агню па бясьпецы энэргасыстэм абедзьвюх краін», — сказаў Зяленскі.

Таксама на панядзелак, 24 сакавіка, прызначаная расейска-амэрыканская сустрэча па Ўкраіне ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе. Пра яе раней паведаміў памочнік расейскага прэзыдэнта Юры Ушакоў. Паводле слоў Ушакова, дэлегацыі Расеі і ЗША правядуць кансультацыі аб магчымым аднаўленьні так званай чарнаморскай ініцыятывы, «якая тычыцца бясьпекі суднаходзтва ў акваторыі Чорнага мора».

На сумеснай у Осла прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Ёнасам Гар Стэры Ўладзімір Зяленскі таксама сказаў, што не абмяркоўваў з Дональдам Трампам пытаньне перадачы ва ўласнасьць ЗША ўкраінскіх атамных станцый. Як адзначыў Зяленскі, ЗША хацелі б забраць у расейцаў Запароскую АЭС, інвэставаць у яе сродкі і мадэрнізаваць станцыю. «Гэта пытаньне іншае. Гэта пытаньне адкрытае. Мы можам аб гэтым гаварыць. Але пытаньне ўласнасьці мы дакладна не абмяркоўвалі з прэзыдэнтам Трампам», — падкрэсьліў Зяленскі.

  • Спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф да расней казаў, што амэрыканская і расейская дэлегацыі правядуць перамовы ў іншым горадзе Саудаўскай Арабіі, Джыдзе, 23 сакавіка. Але прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў 20 сакавіка, што перамовы могуць адбыцца ў іншы дзень.
  • Пра тое, што амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп вылучыў прапанову Ўкраіне перадаць у валоданьне ЗША свае атамныя электрастанцыі, паведаміла 19 сакавіка прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт. Яна адзначыла, што ініцыятыва прагучала падчас гадзіннай тэлефоннай размовы Трампа з Зяленскім, якая адбылася ў той жа дзень. Украінскі бок аб такой прапанове ня згадваў.



Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG