Сьцісла:
- Задача-мінімум Трампа палягае ў тым, каб спыніць вайну, замарозіць канфлікт, перапыніць баявыя дзеяньні. А потым, перамовы аб трывалым міры могуць ісьці гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі.
- Масква не пагадзілася на перамір’е без выкананьня папярэдніх умоваў.
- Трамп не абурыўся адмовай Пуціна ад ягоных прапановаў, назваў свае перамовы з Пуціным «вельмі добрымі і прадуктыўнымі».
- Бязь ціску ЗША наўрад ці можна разьлічваць на посьпех перамоваў. Толькі вось на каго будуць ціснуць Злучаныя Штаты, каб схіліць да саступак, незразумела.
З той інфармацыі, якую мы сёньня маем, выцякае, што плян Дональда Трампа палягае не столькі ў тым, каб дасягнуць мірнага пагадненьня (гэта ідэальны варыянт), колькі ў тым, каб спыніць вайну. Груба кажучы замарозіць канфлікт, перапыніць баявыя дзеяньні. А потым, перамовы аб трывалым міры могуць ісьці гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі.
Сёньня ў сьвеце ёсьць некалькі замарожаных канфліктаў: Карэйскі, Кіпрскі, Прыдняпроўскі, Грузіна-Абхазскі, Тайванскі і інш. Уласна кажучы, Трамп як раз і абяцаў менавіта спыніць вайну. І ня больш за тое. На гэтым і грунтуецца цяперашняя дыпляматыя Вашынгтона па гэтаму трэку.
Калі Ўладзімер Зяленскі запярэчыў, паставіў пытаньне пра гарантыі бясьпекі Ўкраіне, то сустрэў жорсткі ціск амэрыканскай адміністрацыі. Маўляў, украінскае кіраўніцтва ня хоча міру. Пазыцыя ЗША была такая: спачатку перамір’е, усё астатняе, у тым ліку і тэма гарантыяў бясьпекі — потым. Кіеў быў вымушаны пагадзіцца.
І вось цяпер гэтая ж праблема ўзьнікла ў ходзе дыскусіі ЗША з Расеяй. Маўляў, мяч перакінуты на расейскую пляцоўку, цяпер паглядзім, ці хоча міру Масква. Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка падчас шматлікіх інтэрвію расейскім мэдыям на гэтую тэму хоць казаў блытана і супярэчліва, усё ж выказаў такое меркаваньне: Украіна разьлічвае, што Расея адмовіцца ад перамір’я, таму «трэба, каб расейцы пагадзіліся».
Аднак пазыцыя Ўладзімра Пуціна, якую ён выказаў падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з Лукашэнкам, была іншая. Сэнс яе быў такі: мы за перамір’е, але ёсьць нюансы. Маўляў, хто і як будзе кантраляваць спыненьне агню, ці будзе Ўкраіна ўзбройвацца гэты час і інш. І без вырашэньня гэтых праблем перамір’я быць ня можа. То бок Масква вылучыла папярэднія ўмовы. Тое, што ўсе гэтыя нюансы рэальна існуюць, ніхто і не спрачаецца. Але пазыцыя ЗША была такая: спачатку перамір’е, спыненьне агню, а потым абмяркаваньне гэтых пытаньняў. І вось перамовы Трампа з Пуціным.
Калі казаць пра сухую рэшту, то Масква не пагадзілася на перамір’е без выкананьня папярэдніх умоваў. То бок папярэдні плян Трампа, мякка кажучы, забуксаваў, спатыкнуўся аб папярэднія ўмовы, якія вылучыў Крэмль. Масква патрабуе спыніць «мілітарызацыю Ўкраіны», пастаўкі Захадам зброі і мабілізацыю насельніцтва. Выкананьне Кіевам такіх умоваў даволі праблематычнае. Гэта пэўная дыпляматычная няўдача Вашыгтона.
Нагадаю, што прэс-служба Трампа анансавала прэс-канферэнцыю па выніках перамоваў адразу пасля іх завяршэння. Аднак яна не адбылася. Бо аб’яўляць аб рэалізацыі плянаў спыненьня вайны зарана. Пры гэтым варта зьвярнуць увагу на тое, што Трамп не абурыўся адмовай Пуціна ад ягоных прапановаў, назваў свае перамовы з расейскім прэзыдэнтам «вельмі добрымі і прадуктыўнымі». Ні слова папрокаў на адрас Крамля, што, маўляў, Расея не хоча міру, што Крэмль адмовіўся ад перамір’я. Дамовіліся аб спыненьні абстрэлаў аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры, правядзеньні перамовы аб прыпыненьні вайны на Чорным моры, аб абмене палоннымі. Можа, для пачатку і нядрэнна. Ісьці да міру паступова, маленьнькімі крокамі — магчыма, гэта і правільная тактыка.
Аднак бянтэжаць папярэднія ўмовы, якія выстаўляе Расея. Яна патрабуе спыніць пастаўкі зброі ва Ўкраіну яе саюзьнікамі. А ці гатовая Расея рабіць сынхронныя крокі, напрыклад, адмовіцца аб паставак кампанэнтаў для ВПК зь Беларусі? Бо як найменей 287 беларускіх прадпрыемстваў сёньня ўдзельнічаюць у вытворчасьці ўзбраеньня для расейскага войска. Ці гатовая Масква адмовіцца ад іранскіх дронаў ці паўночнакарэйскіх вайскоўцаў?
Цяпер, калі плян хуткага спыненьня вайны завіс, Вашынгтону трэба ўзяць паўзу, каб вырашыць, што рабіць далей. Зразумела, перамовы — лепш, чым іх адсутнасьць. Але бязь ціску ЗША наўрад ці можна разьлічваць на іх посьпех. Толькі вось на каго будуць ціснуць Злучаныя Штаты, каб схіліць да саступак? Самы лёгкі шлях — ціснуць на слабейшага, на таго, адносна якога ёсьць рычагі ўплыву. То бок на Украіну. Ці пойдзе ЗША па самым лёгкім шляху?
Форум