Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 незалежных беларускіх СМІ і тры мэдыяарганізацыі падпісалі Кодэкс этыкі журналістаў


Сымболіка Беларускай асацыяцыі журналістаў
Сымболіка Беларускай асацыяцыі журналістаў

Кодэкс прадугледжвае стварэньне Рады па этыцы СМІ.

15 сродкаў масавай інфармацыі і тры мэдыяарганізацыі падпісалі «пагадненьне аб самарэгуляваньні сэктара незалежных СМІ», а таксама новы Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, яшчэ каля дзесяці недзяржаўных выданьняў «абмяркоўваюць магчымасьць далучэньня да пагадненьня».

Да пагадненьня далучыліся беларускія мэдыя і мэдыяарганізацыі, якія цяпер вымушана працуюць з Грузіі, Літвы, Польшчы і Чэхіі. Назвы СМІ і мэдыяарганізацый не называюцца.

Падпісанае пагадненьне «аднаўляе сыстэму этычнага самарэгуляваньня сэктара», гаворыцца ў паведамленьні.

«Пагадненьне прадугледжвае стварэньне Рады па этыцы СМІ, якая будзе разглядаць скаргі на парушэньні этыкі. Чальцы Рады будуць вылучацца і выбірацца на конкурснай аснове рэдакцыямі, якія далучыліся да пагадненьня і кодэкса», — падкрэсьлівае БАЖ.

З прыняцьцем гэтых дакумэнтаў «пачынае дзейнічаць новая сыстэма этычнага самарэгуляваньня і разгляду скаргаў на матэрыялы СМІ», адзначаецца ў рэлізе.

«Аналягічныя органы існуюць у многіх дэмакратычных краінах у розных фарматах — з удзелам дзяржавы або без яго. Наш вопыт унікальны тым, што, нягледзячы на гэтыя цёмныя часы, нам удалося атрымаць згоду 18 суб’ектаў сэктара незалежных СМІ, а па-другое, прынялі этычныя стандарты і абавязаліся іх выконваць», — заявіў намесьнік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Паводле яго, прынятае рашэньне «будзе садзейнічаць павышэньню якасьці незалежнай журналістыкі» і стане «гарантыяй таго, што беларускае грамадзтва і ў далейшым будзе атрымліваць праўдзівую і якасную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі».

Агееў паведаміў, што любая рэдакцыя СМІ ці мэдыяарганізацыя можа прыняць удзел у стварэньні Рады па этыцы СМІ.

Спадар Агееў падкрэсьлівае: цягам 60 дзён БАЖ павінен арганізаваць выбары ў Раду па мэдыяэтыцы.

Пасьля сфальсыфікаваных уладамі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года сэктар незалежнай журналістыкі ў Беларусі быў разгромлены. Дзясяткі рэдакцый былі прызнаныя «экстрэмісцкімі», вымушана пакінулі краіну і цяпер працуюць у выгнаньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG