Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскай памежнай вёсцы выступілі супраць будаўніцтва вышкі для назіраньня за тэрыторыяй Беларусі


Польскі салдат у Белавежы ля мяжы зь Беларусьсю. 2024
Польскі салдат у Белавежы ля мяжы зь Беларусьсю. 2024

Амаль усе жыхары польскай вёскі Хамантаўцы, што месьціцца за 150 мэтраў ад мяжы зь Беларусьсю, падпісалі ліст супраць будаўніцтва назіральнай вышкі побач са сваімі дамамі.

Аб канфлікце жыхароў з памежным ведамствам паведаміўтэлеканал TVP3 Białystok. Памежнікі плянуюць разьмясьціць у Хамантаўцах 70-мэтровую вышку, каб пры дапамозе аптычных і электронных прыладаў назіраць за прылеглай да мяжы тэрыторыяй Беларусі. Мясцовыя жыхары такім рашэньнем незадаволеныя. Яны хочуць, каб Памежная служба выбрала для вышкі месца далей ад вясковых дамоў.

«Мы шукалі цішыні і спакою, але будаўніцтва вышкі ўсё нам разбурае», — сказала жыхарка вёскі, побач з домам якой павінна зьявіцца вышка.

Сказаў сваё слова і солтыс вёскі:

«Калі яны [Памежная служба] так ужо хочуць, то няхай усталёўваюць ці за могілкамі, ці на пачатку вёскі», — сказаў Славамір Ляўчук.

Падпалкоўнік Анджэй Юзьвяк з Памежнай службы паведаміў тэлеканалу, што ведамства старанна падышло да выбару месцаў для будаўніцтва наглядальных вышак.

«Выбару гэтых месцаў папярэднічаў удумлівы аналіз, пры якім прымаліся да ўвагі асаблівасьці рэльефу, прававы статус нерухомасьці, патэнцыйнае поле назіраньня і ўзаемнае разьмяшчэньне вышак, каб максымальна пакрыць тэрыторыю візуальным назіраньнем».

Паводле яго слоў, вышкі ня будуць уплываць на навакольнае асяродзьдзе. На іх плянуецца ўстанавіць толькі камэры назіраньня, а таксама чырвоныя агні сьветлавой агароджы для прадухіленьня сутыкненьня зь лятальнымі апаратамі.

Агулам у раёне польска-беларускай мяжы зьбіраюцца ўсталяваць пяць такіх вышак.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG