Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь з 20 сакавіка ўводзіць электронныя візы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 20 сакавіка 2025 года грамадзяне 67 дзяржаў могуць уяжджаць у Беларусь па электроннай візе.

Як нагадалаМіністэрства замежных спраў Беларусі, такая магчымасьць прадугледжана пастановай урада ад 16 сьнежня 2024 года нумар 953, якая ўносіць зьмяненьні ў Візавыя правілы Рэспублікі Беларусь.

МЗС прыводзіць сьпіс дзяржаў, а таксама тлумачыць парадак атрыманьня электронных віз. Акцэнтуецца, што ўсе ўведзеныя раней віды бязвізавага рэжыму захоўваюцца.

Заяўкі на атрыманьне электронных віз могуць падавацца праз адзіны партал электронных паслуг (АПЭП) агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (ААІС). Такая віза будзе ўяўляць сабой запіс аб дазволеным замежніку ўезьдзе ў Беларусь, аформлены ў электронным выглядзе ў адпаведнасьці з Візавымі правіламі і захоўвацца ў аўтаматызаванай сыстэме «Консул». Для яе атрыманьня неабходна накіраваць праз АПЭП ААІС электронную анкету і электроннае пацьвярджэньне аплаты электроннай паслугі.

Электронныя візы зьяўляюцца аднаразовымі і індывідуальнымі, выдаюцца на тэрмін не больш за 30 сутак без унясеньня ў іх інфармацыі аб сумесна наступных асобах. У залежнасьці ад мэты паездкі прадугледжаны наступныя катэгорыі электронных віз: дзелавая паездка («дзелавыя стасункі»); удзел у спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных мерапрыемствах і стажыроўках («спорт/культура/навука/адукацыя»); прыватныя справы («прыватная»); турызм («турызм»).

Яны будуць выдавацца ўладальнікам звычайных пашпартоў дзяржаў, пасьля падачы імі ў асабістым кабінэце АПЭП ААІС візавай заяўкі, а таксама па выніках правядзеньня праверак на наяўнасьць у сьпісе асоб, уезд якіх у Беларусь забаронены або непажаданы, і на прадмет захаваньня тэрмінаў часовага знаходжаньня ў краіне пры папярэдніх наведваньнях.

Выдаваць візы будуць замежныя ўстановы, якія вызначаюцца па грамадзянстве іншаземца, а ў выпадку прыпыненьня або спыненьня дзейнасьці — найбліжэйшая замежная ўстанова Беларусі. Заяўкі будуць разглядацца на працягу сямі каляндарных дзён, выдача электронных віз у тэрміновым парадку зьдзяйсьняцца ня будзе.

Пры ўезьдзе ў Беларусь і падчас знаходжаньня ў ёй іншаземец «па патрабаваньні кампэтэнтных органаў» абавязаны прад’яўляць экзэмпляр электроннай візы ў электронным выглядзе або на папяровым носьбіце. Для яе вэрыфікацыі неабходна будзе адсканаваць QR-код у мабільным дадатку «Е-Паслуга».

Візавая анкета, згодна з пастановай, запаўняецца іншаземцам з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў або пераборліва ад рукі на беларускай, або расейскай, або англійскай, або па меркаваньні консульскай службовай асобы іншай мове, якая выкарыстоўваецца ў краіне знаходжаньня. Апошняй опцыі раней не было.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG