Суд у Менску
Менскі гарадзкі суд 17 сакавіка пачынае разглядаць крымінальную справу супраць грамадзяніна Эстоніі Алана Роё і беларускага баскетбольнага судзьдзі Аляксандра Сырыцы, якога затрымалі летась па вяртаньні ў Беларусь. Палітвязьняў больш за год трымаюць пад вартай, піша «Вясна».
Іх справу будзе разглядаць судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.
У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»);
- ч. 1 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»);
- ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»);
- ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»).
Вядома, што 16 студзеня 2024 году КДБ Беларусі прыняў рашэньне прызнаць «экстрэмісцкім фармаваньнем» фонд «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэньні ведамства пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненьне да фонду: Алег Стэфановіч і Аляксандар Сырыца, а таксама Алан Роё.
У Менску жанчыну судзяць за пратэсты 2020 году
17 сакавіка ў Фрунзенскім раённым судзе Менску пачынаецца працэс над жыхаркай Менска Карынай Фасевіч, паведамляе праваабарончы рэсурс dissidentby. Паводле праваабаронцаў, Карыну Фасевіч абвінавачваюць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». За гэта пагражае да 4 гадоў зьняволеньня. Карыне Фасевіч 29 гадоў, вядома, што яна працавала майстрам у манікюры.
Новы суд у Берасьці за пратэсты
Паводле таго ж артыкулу 342 КК у Ленінскім раённым судзе Берасьця 17 сакавіка пачалі судзіць адразу трох чалавек: Валера Чарнікевіча, Сяргея Ўласко і Анатоля Міндзіярава, паведамілі ў «Вясьне».
«У Берасьці паводле 342 артыкулу дагэтуль судзяць і за жнівеньскія пратэсты, і за „карагод“ у верасьні, і за ўдзел у якіх заўгодна масавых акцыях 2020 году», — пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю Ўладзімер Вялічкін зь «Берасьцейскай Вясны». Паводле праваабаронцы Вялічкіна, у Берасьцейскай вобласьці агулам за пратэсты асудзілі мінімум 374 чалавека, зь іх прынамсі 139 па «карагоднай справе».
Хто судзіць пратэстоўцаў зь Берасьця
Судзьдзя ў працэсе — Аляксандар Семянчук. Паводле зьвестак НАУ, ён у рэгіёне лічыцца адным з найбольш актыўных у вынясеньні палітычна матываваных прысудаў.
⠀
«Семянчук ужо больш за 10 гадоў распраўляецца з найлепшымі прадстаўнікамі беларускага народу, ламае лёсы людзей і выракае іх на страту ня толькі свабоды, але і здароўя.
⠀
У 2011-м Семянчук незаконна асудзіў удзельнікаў маўклівых акцыяў, у 2017-м — удзельнікаў пратэстаў супраць „закону аб дармаедах“, а з 2018-га выносіў незаконныя прысуды жыхарам Берасьця, якія пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
⠀
Семянчук выносіць палітычна матываваныя прысуды грамадзянам Беларусі, якія выступаюць супраць вайны ва Ўкраіне, рэжыму Лукашэнкі, рэпрэсіяў і гвалту сілавых структураў, ігнаруе асноўныя прынцыпы справядлівага суду і пазбаўляе „абвінавачаных“ іхных асноўных працэсуальных правоў», — заявілі ў НАУ.